Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Другі том выдання складаюць аповесці, апавяданні і нарыс пра родны горад Мазыр. Перапляценне розных жанраў – прытчы і казкі, фантасмагорыя і фантазія... Усё пераплецена і ўзаемазвязана, і ўсе творы пранізаны дабрынёй і шчырасцю, клопатам і занепакоенасцю будучым лёсам роднага краю; характары герояў выпісаны праўдзіва і дасканала, яны кранаюць, пакідаюць добрае ўражанне, прымушаюць задумацца над тым, куды мы ідзем, да чаго імкнемся... Аповесці “Вужык”, “Муха”, “Ахутавана”, прытча “ІХ”, казка “Начное падарожжа” – выклікаюць у душы чытача замілаванне і здзіўленне, радасць і трывогу за будучыню, адначасова нараджаючы ў душы гонар і радасць за родны край, родныя мясціны, за тое, што было ў нас гераічнае мінулае, якім мы можам ганарыцца, раўняцца на тых слынных людзей, якія жылі да нас, якія пракладвалі нам шлях у заўтрашні дзень. Кнігу з цікавасцю прачытаюць людзі розных узростаў, але найбольш аўтар хацеў бы, каб яе прачытала моладзь, бо асноўны лейтматыў кнігі – каханне і любоў, дабрыня і шчырасць юначых памкненняў...
Перейти на страницу:
Мае шчырыя і выпакутаваныя словы прызнання
нараджаліся для цябе прачула і з тайнай надзеяй,
бо верылася, што павернецца яно зноў да лепшага
і ў нашых сэрцах адродзіцца разуменне адно аднаго...
З тых слоў знячэўку, сам не чакаў, дальбог,
я выштукаваў з адмысловым узорам казачны цуд –
крышталёвую, падобную на цябе ранейшую, вазу –
ды яшчэ празрыстую, блакітную, як неба,
чыстую, як крынічная вада, і, як і ты, загадкавую,
чароўную, якой ты і прыходзіла ў дзівосных казках.
Ваза – чараўніца – нябачная звычайнаму, чужому воку,
а толькі мне і каханай – яе ўлюблёнаму позірку...
Я гладзеў на свой цуд з радасцю і са здзіўленнем,
што стаў з-за мройных пакутаў ці не шкляным майстрам;
а ты ляжала маўкліва, затуліўшыся ў зеленцаватую намітку,
прымружыўшы вейкі, адвярнуўшыся ад мяне да сцяны, –
на якой віселі малюнкі з зыркай восенню і морам;
ты чакала ад мяне нечага важнага і рашучага –
ці то слоў, ці то дзеянняў, каб зразумець усё і ўбачыць,
нарэшце, таго, каму баялася паверыць шчыра,
скінуўшы з майго твару маску, якая хавала мяне сапраўднага.
І тады ж я паставіў побач з табою крохкую вазу, –
ля беласнежных, бы лілеі, узгоркаў слодычы і вар’яцтва,
а калі паклаў між іх галаву і прыслухаўся, стаіўшыся,
то пачуў, як занепакоена і трывожна забілася тваё сэрца.
Тады ж, каб супакоіць цябе, пачаў шаптаць тыя словы,
але так, каб яны даляталі не толькі да твайго слыху,
а і да сэрца, да тваёй недаверлівай душы і Ахутаваны...
Спадзяваўся – а мо і дастукаюся прызнаннем да тваёй душы,
і, можа, ты, ўрэшце, станеш той, ранейшай, зразумелай,
пяшчотнай і закаханаю, перапоўненай смагаю і жаданнем, –
такой і снілася мне па начах, як дражнілася ўсё роўна
ці пасміхалася з маёй душэўнай бязладнасці і нясмеласці...
Як мне хацелася, каб ты цяпер хаця б усміхнулася,
як і раней, уздыхнула ад слодычных гадзінаў яднання,
прашаптала, як песню, тое чароўнае адзінае слоўца,
толькі адно з процьмы мільёнаў, што гавораць людзі...
Прызнаюся: ніколі і нікому, ні да гэтага, ні пасля,
ні на тым, ні на гэтым жорсткім і грэшным свеце
не шаптаў, не гаварыў, не імкнуўся вымавіць такія словы.
Яны ўвесь час былі надзейна схаваны ўва мне глыбока
і спалі, лежачы маўкліва на донцы маёй, спакутаванай
і параненай часам і халоднымі адносінамі, душы..
Сам не ведаў, тым больш не здагадваўся пра іх існаванне,
не думаў, што яны некалі народзяцца, дачакаўшыся ўсё ж
твайго слыху і гэтай сонечна-святочнай часіны...
І адразу ж, прамовіўшы тое, адчуў – у тую ж хвілінку,
у тое ж імгненне, якое доўжылася ці не вечнасць, дальбог,
што ў мяне раптоўна адняліся апошнія сілы жыцця
і я страціў галоўнае, што ёсць у кожнага чалавека –
здольнасць Кахаць цябе. Цябе, адзіную ўва ўсім свеце...
Мне ж заставалася зрабіць толькі самае апошняе –
паставіць у тую чароўную вазу свежыя ранішнія кветкі,
якія прынёс перад узыходам сонца ў наш утульны пакой,
ведаючы, што ты любіла толькі блакітныя валошкі-васількі,
якія растуць на жытнёвым і неабдым полі Ахутаваны...
Але раніцай – золкай і халоднай, роснай і ціхай,–
перад самым узыходам жоўта-ружовага млявага сонца –
бы сланечнік, круглага і прыцягальнага ў таямнічасці,
я, прачнуўшыся, не ўбачыў цябе побач са мною...
Ты ж пайшла ў малінавае мроіва – ці то ўцякаючы ад мяне,
не развітаўшыся, не сказаўшы ні добрага, ні благога,
ці то расчараваўшыся ўва мне, чаго і баялася ўвесь час.
А на тумбачцы я не прыкмеціў вазы, як ні ўглядаўся.
І заўважыў, што па ўсім пакоі, спрэс па чыстай падлозе,
рассыпалася яна кропелькамі залатога дажджу –
і ўсе яны змяшаліся з пялёсткамі разарваных васількоў...
Думаю6 ты скінула знарок, ці яна сама разбілася ад крыўды
на дробныя аскалёпачкі – зыркія, да слепу ў вачох?
Дзіўлюся, уражаны: і як толькі ты прайшла па іх босая?!
Прайшла, не параніўшыся, ступіўшы на аскалёпкі…
Цяпер жа ведаю: не ўбачыла ты і зусім тае вазы і кветак,
і перакананы: не адчула нават і яе прысутнасці!
…Таму мае памкненні і разбіліся, як і яна, аб лёд недаверу.
А раз не бачыла, то і не магла парэзацца на тых аскалёпках.
А раз не парэзалася, то і адкрылася мне нечаканая выснова:
значыць, не супадалі нашыя жаданні, як ні імкнуліся,–
ды і не маглі яны супадаць, калі за ўвесь час я не здолеў
запаліць у тваім сэрцы надзею, полымя і радасць шчасця,
а ўсяго толькі назбіраў галінак для цяпельца – і то сырых,
не смалістых, ды і, самае, галоўнае і вінавата-прыкрае, –
я ж забыўся прыхапіць з сабою нават і запалкі...
Вось чаму ты мне падалася глухой і нават абыякавай, –
ты ж не змагла ўспрыняць майго апошняга кроку табе насустрач,
а я, дурань, шчыра верыў, што сальюцца нашыя збалелыя душы
ў адно вялікае і непарушнае Сонца нашай еднасці і кахання,
і мы абое ўзляцім на шыкоўныя аблокі, нашай ужо, Ахутаваны...
Дык я ж, выходзіць, ніколі і не будзіў тваёй загадкавай душы,
то я, значыць, быў халодны і ледзяны, як айсберг акіяна,
а толькі ўявіў Бог ведама што пра сябе, саманадзейнага і глухога...
Бо не навучыўся адчуваць твае жаданні і шчырыя думкі.
А яшчэ ж, дурань, абвінавачваў цябе – чыстую і светлую, –
і ў чым абвінавачваў?! У сваёй жа жорсткасці і слепаце,
а цяпер пакутую ізноў, – але ўжо ад таго, што думаю ўжо інакш:
ці вымалю цяпер, пасля ўсяго гэтага, хаця б адзінага слова спагады?
Ці дачакаюся я яго?
Перейти на страницу: