Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Па маім сэрцы разлілася бальзамам пяшчота, заспявала сэрца.
Я азірнуўся. Але жанчыны не ўбачыў. Нават і слядоў не значылася побач – а я ж стаяў на шырокім мокрым пясчаным беразе ля Прыпяці, і мае ногі глыбака ўтапіліся ў жвір.
Тады – хто ж гэта такое адбылося?
І – хто прынёс і аддаў мне аркушык паперы?
Далей, пад вершам, быў працяг:
“Любы мой шляхціц Антон! То ты знік, ці я схавалася ад цябе, не ведаю... Навошта ж ты так пажартаваў з вазай? Я парэзала ўсе ногі, і цяпер яны крывяняць, кроў не перастае цячы... Не ведаю, чым суняць...”
Няўжо зноў яна кліча ў завоблачныя далі-абсягі?
То яна, дакладна яна, Яніна! Хто ж яшчэ, акрамя яе, мог быць? А дзе і як мне цяпер адшукаць яе? Хіба мо там – у сузор’і Кахання?
Захацелася паслаць у блакітную прастору тое чароўнае і магічнае, прыдуманае ёю ж, слова, якое абавязкова зробіць з намі цуд – і ўсё паўторыцца зноўку, і мы вернемся на сваё сёмае неба...
Ад адной толькі думкі мяне пачало распіраць ад прадчування і веры ў тое, што вось-вось пачнецца працяг, прыдуманай намі, казкі, не, нават не казкі, а явішча, нашага другога жыцця. Хацелася працягу здзяйсненняў і цікавых падарожжаў у сівую мінуўшчыну залатога веку Вялікага княства Ліцвініі...
Я набіраю поўную грудзіну ранішняга паляшуцкага паветра, углядаюся ў блакітнае, без воблакаў, неба, нацэльваю сваю энергію і духоўную сілу на нашае Сузор’е Кахання і – дасылаю туды чароўнае і магічнае слова-жаданне:
– А-ху-та-ва-на-ааа!..
І ў той жа момант...
Сочы, санаторый «Беларусь»,
Лістапад 1994 года
Апавяданні
Настальгія па нерушы
Абразок
Завіруха ўсчалася яшчэ з вечара…
Скуголіў, шараваў свае бакі аб шурпатыя сцены хатаў вірлівы вецер, біліся адна аб адну галінкі-рукі дрэваў, гухкала нешта за сценамі, аж уздрыгвала, здаецца, хата. Гуло пагрозліва ў коміне печы, быццам нячысцікі скакалі на нарышчы, наладжваючы свае скокі, стараліся знесці страху з хаты…
Пасля апоўначы пачало ўсё аціхаць, сцішвацца, а потым і зусім стала ціха, незвычайна ціха. Не ўтрымаўся, зіркануў за акно: нехта, нябачны, як волат-сейбіт кідаў спорныя прыграшчы снегу на палі, дарогі, дахі збудаванняў. Панакідаў шчодры Снегасей столькі, што, мусіць, не прайсці і не праехаць, нават суседнія хаты схаваліся пад гурбамі…
Мусіць, і людзі так, як я, цікаўна глядзелі ў вокны, стараючыся вызначыць – што там, на вуліцы, а тае вуліцы і нябачна – за шыбамі суцэльная бель. І дзверы адчыніць немагчыма – “замкнуў” іх снег, нябачнай пячаткай запячатаў.
Першаснег для мяне заўсёды быў дзівам і цудам, казкай і духоўнай узрушанасцю, незразумелыя паводзіны прыроды абуджалі нябачныя струны патаемнага настрою, якія праяўляліся раз на год, – менавіта такой вось парою. Як снег на галаву… Гэты выраз пра нечаканасць моманту. Але я заўсёды чакаў яго, раз-пораз выглядваў у акно, – і заўсёды першая прымерка белага футра зямлі не трапляла мне на вочы. Як гуляўся снег са мною ўсё роўна, як дражніўся, нараджаючы ў маёй душы ўсё большую і большую цікавасць…
Заўсёды ў такі час нараджаўся незразумелы, дзіцяча-узнёслы настрой з дамешкам шчымліва-салодкага чакання нечага незвычайнага, чароўнага, як прыходу казкі, як з’яўлення цуду…
Ува мне нараджалася прадчуванне першага снегу.
Пачуццё цнатлівасці, чысціні (абмый мяне, Божа, ісопам – і я бялейшы за снег зраблюся, – так у малітве да Вышняга) запаўзала ў мае сны колькі начэй задоўга да гэтага, прымушала мяне зрабіцца хлапчуком, і адчуць, зноўку перажыць (у які раз!) той час, тыя гадзіны, калі я з бацькам, на цямочку, выбіраўся ў лес – у лесніковую дзялянку да звяроў і птушак…
Перад гэтым мне сніўся адзін і той жа сон – я йду па белым-белым снезе, сустракаю на сваёй сцежцы і лісу, і зайца, і барсука, – размаўляю з імі, радуюся, што разумею іх мову, а яны мяне, смяюся, абдымаю іх, бяру на рукі… І воўк рабіўся ручным, лашчыўся да мяне, жаліўся на сваё ваўчынае цяжкае жыццё…
Але на самым цікавым месцы мяне катурхае бацька за плячо, шэпча, каб не разбудзіць сямейнікаў:
– Уставай, Янік. Сам жа прасіў разбудзіць…
Я не крыўдаваў на бацьку, што ён перабіў такі цікавы і казачны сон, наадварот, быў удзячны, што ён стрымаў сваё слова, дадзенае яшчэ вечарам, што калі ноччу выпадзе нечакана снег, то ён абвязкова возьме мяне з сабою ў лес. А сон… Дагледжу яго ў лесе…
Мы брылі па цаліку, па снежным нерушы.
Снегу мне, малому, было вышэй каленяў, і ногі з цяжкасцю сунуліся па снезе, пакідаючы глыбокія сляды, але я не зважаў на тое, было адчуванне, што не ішоў па зямлі, а ляцеў. Не махаў крыламі нават, якіх не было, але мяне нешта прыпадымала вышэй і вышэй, і я кіраваўся ў паветры толькі позіркам – куды зірну, туды і несла незразумелая, але падуладная мне, сіла.