Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Вужык. Голуб на плячы. Дак - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вужык. Голуб на плячы. Дак

Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:

Другі том выдання складаюць аповесці, апавяданні і нарыс пра родны горад Мазыр. Перапляценне розных жанраў – прытчы і казкі, фантасмагорыя і фантазія... Усё пераплецена і ўзаемазвязана, і ўсе творы пранізаны дабрынёй і шчырасцю, клопатам і занепакоенасцю будучым лёсам роднага краю; характары герояў выпісаны праўдзіва і дасканала, яны кранаюць, пакідаюць добрае ўражанне, прымушаюць задумацца над тым, куды мы ідзем, да чаго імкнемся... Аповесці “Вужык”, “Муха”, “Ахутавана”, прытча “ІХ”, казка “Начное падарожжа” – выклікаюць у душы чытача замілаванне і здзіўленне, радасць і трывогу за будучыню, адначасова нараджаючы ў душы гонар і радасць за родны край, родныя мясціны, за тое, што было ў нас гераічнае мінулае, якім мы можам ганарыцца, раўняцца на тых слынных людзей, якія жылі да нас, якія пракладвалі нам шлях у заўтрашні дзень. Кнігу з цікавасцю прачытаюць людзі розных узростаў, але найбольш аўтар хацеў бы, каб яе прачытала моладзь, бо асноўны лейтматыў кнігі – каханне і любоў, дабрыня і шчырасць юначых памкненняў... 
1 ... 336 337 338 339 340 341 342 343 344 ... 379
Перейти на страницу:

Я забываўся пра ўсё, і толькі пільным і згаладалым позіркам лавіў незвычайныя малюнкі, усё яшчэ не перастаючы здзіўляцца з відовішчаў, – і тады здавалася, што сон мой працягваўся, і вельмі жадалася, каб ён ніколі не ўцякаў…

Як нядаўна і як даўно тое было!

Праз шмат-шмат год я прачнуўся такой жа раніцай з прадчуваннем снегу, жаданнем сустрэчы з ім – чакаў яго як сваю каханку, баючыся, што яна перадумае і не прыйдзе на спатканне; ускокваю з ложка – і бачу таямнічы подых святла, але найперш адчуваю, што за акном, за сцяной – за плотам, на поплаве, і далей ужо ў самім лесе, – усюды ляжыць тоўсты лаплан нерушу. І я не вытрымліваю, выбягаю ў сенцы, расчыняю насцеж дзверы і выскокваю ў двор – босы, амаль голы, і радуюся, як некалі, а мо яшчэ і больш, што прадчуванне не падманула мяне: так і чакалася, так яно ёсць і насамрэч, так і мроілася мне ўсю ноч у маім дзіцяча-дарослым сне…

Сярпок маладзіка завіс над убеленай ялінай; пад яе шатамі спаў стамлёны вецер; наўкола звінела, раскашоўвалася крышталёвым звонам гулкая цішыня…

Марозу ногі не адчувалі, рукі – таксама. Зачэрпваю поўныя прыгаршчы снегу, мыюся ім, націраю грудзі, скаланаючыся ад колкага холаду, – і мой лашаковы рык асалоды і задавальнення разлягаецца па вёсцы, адскоквае рэхам на лугавіну і ляціць далей да ўзболатка, схаванага пад тоўстым покрывам, і відаць, як ля Ігналявай крыніцы чырвоным полымем загараецца суквецце гронак падмарожанай каліны… Мяне чуваць на Будках і Затросніцы, і дзівяцца, мусіць людзі, што за звер іх будзіць так рана…

Спіць і счарнелая ад холаду Прыпяць, прыцішыла свой бег, як засынала усё роўна, але сон яе, ведаю, прывідны, падманлівы. І нехта – ці не лесавік – нячутным шэптам дыктуе мне словы Максіма:

Над вадой ля берага ціха спіць асока, Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць, Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, - І ўсё наўкола сном адвечным спіць…

Похапкам снедаю, укідваю ў заплечнік акраец хлеба і шматок сала – мо ў лесе пад час адпачынку наладжу цяпельца ды, начапіўшы на канец галінкі, падсмажу на агні – таксама рытуал адтуль, з дзяцінства, і смак адтуль, калі разам з бацькам сядзелі ля кастра – з ражэнчыкамі, як з вудамі каля рэчкі, а потым, калі сцякаў тук, падстаўлялі змерзлы хлеб, – дужа хацелася паўтарыць тое…

Спяшаюся, стараюся не спазніцца на другое, галоўнае прычасце, – у падарожжа-вандроўку па нерушы.

Лес чакае мяне, ведаю дакладна, – нездарма ж пасылаў у мае сны свой чароўны покліч на спатканне – значыць, запрашаў да сябе.

Не такі глыбокі, як у дзяцінстве, але амаль даходзіць да каленяў цнатлівы покрыў белізны, прымушае трымцець ад радасці маё сэрца, абяцаючы нешта цікавае і непаўторнае… Але да лесу яшчэ шоргаць і шоргаць. Пакуль толькі лугавіна, кустоўе лазы, пасля будзе ўзболатак… Пераходжу Міколікаў брод, а потым Алёсы.

І вось ён – лес.

Нізкарослыя сасонкі, прыкрытыя пуховымі белымі шапкамі ад начнога прымаразку, – як акамянелі. Здаецца, нават калі і крануў бы іх за плячо вятрыска, то яны і не зварухнуліся б – нябачны начны дойлід-скульптар зляпіў такі адмысловы цуд.

А бярозы, што стаялі воддалеч, цененька перазвоньваліся срэбрам сваіх галінак. Як крышталёвая люстра з вісячымі аскалёпачкамі, што вісіць пад столлю ў маёй гарадской кватэры. А мо то сінічкі зацінькалі ў пошуках корму? Не зразумець – у прыроды свае гукі, свая мелодыя, свае сімфоніі і фантазіі…

Дрыготка ў целе ўсё яшчэ не праходзіць, хвалюючая радасць, радасць сустрэчы з прыгажосцю не аціхае, а, наадварот, узрастае ўсё больш і больш, падымаючы хвалі ўзбуджанасці вышэй і вышэй.

Вочы ўжо прызвычаіліся да нерушу, да суцэльнай белізны, слых наструнена успрымаў напятую цішыню, як натуральную і звычайную з’яву…

І хістаецца асока, і шуміць высокі бор, А ў душы не замаўкае струн вясёлы перабор…

Божа, з чым яшчэ прыгажэйшым і дзівосным можна параўнаць гэткі настрой, гэткі краявід, гэтае пачуццё яднання з цішынёй!

Мажліва, ў такія хвіліны і ачышчаецца душа ад бруду, бо, напэўна ж, цнатлівы лес – гэта як другі храм (а, можа, і не другі, а найпершы), і толькі ў гэтай святой маўклівасці і можна звярнуцца з малітвай да Бога, пагаварыць з Ім сам-насам, пакаяцца перад Ім за свае пакручастыя дарогі і няпэўныя думкі, – папрасіць помачы і даравання грахоў… Ды яшчэ падзякаваць за тое, што адкрывае Ён перад намі (перада мной) тое, што Стварыў, што радуе і цешыць вока…

1 ... 336 337 338 339 340 341 342 343 344 ... 379
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)