Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Дракахруст: Спадар Някляеў ужо пачаў размову пра праграмы кандыдатаў. Тут прыгадваецца вядомы анэкдот: «Хто такі зануда? Гэта чалавек, які на пытаньне «Як справы?» пачынае распавядаць, як ягоныя справы». Сапраўды, часам выбаршчыкі гавораць пра кандыдатаў: «А якая праграма ў Мілінкевіча, якая праграма ў Казуліна? Я яе ня ведаю». Хаця калі ў адказ пачуюць, што кандыдат мае намер зьменшыць, скажам, падаходны падатак на 10%, зьнізіць на 3% стаўку рэфінансаваньня, прыцягнуць інвэстыцыі, то скажуць: «Ды не, гэта ня тое». А што тое, што людзі маюць на ўвазе, калі гавораць пра праграму? І ці ёсьць праграмы ў гэтым народным сэнсе ў прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты?
Алексіевіч: Я думаю, гэта кепска, што мы не ўкладаем у праграму той сэнс, які ўкладаюць у эўрапейскіх краінах. Але, відаць, трэба пагадзіцца, што мы знаходзімся ў прамежкавым стане будаўніцтва новага жыцьця. Мы больш давяраем харызьме, носьбіту нашых прадчуваньняў.
Што ў людзей зьвязана зь Мілінкевічам, калі інфармацыя даходзіць да іх? Я заўважыла, што беларускае тэлебачаньне робіць даволі пісьменна з пункту гледжаньня ўлады — не называе імёнаў. Людзі, асабліва ў вёсках, проста ня ведаюць, што ёсьць такі чалавек, як ён выглядае, якія ягоныя якасьці.
Для нашых людзей чалавечыя якасьці кандыдата значаць больш, чым ягоная праграма. Наш выбаршчык яшчэ палітычнае немаўлятка.
Для людзей, якія аддадуць свае галасы за Мілінкевіча — а іх будзе нямала — ён увасабляе ідэю іншага жыцьця на славянскім, ірацыянальным узроўні. Гэтая ягоная інтэлігентнасьць канфліктуе з тым, што мы маем сёньня ў нашай дзейнай уладзе — у нашым грамадзтве татальнай пасрэднасьці зьверху данізу. Калі бачыць гэтых людзей улады, проста ўражваесься, як гэтая шэрасьць адраджае сябе і генэруе.
Зь Мілінкевічам людзі зьвязваюць тое, што мы адкрыемся сьвету, што будзе ня сорамна ні за тое, як чалавек гаворыць, ні за тое, як ён глядзіць. Гэта ўвасабленьне нашых надзеяў.
Сорамна за свой страх, якім прасякнутае грамадзтва, сорамна за свой сорам, сорамна за прыніжанасьць свайго жыцьця. Назапасілася вялікае сховішча псыхалягічных чаканьняў. І патрэбная фігура, якая зробіць гэты эмацыйны прарыў.
Дракахруст: Са словаў сп-ні Сьвятланы вынікае, што калі людзі гавораць пра праграму, яны маюць на ўвазе нейкае пасланьне кандыдата ў прэзыдэнты. Скажам, у Лукашэнкі ў 1994 годзе такім пасланьнем было — «Адпомсьцім і пакараем злодзеяў і карупцыянэраў», пуцінскае пасланьне ў 2000 годзе ўкладалася ў ёмістае — «Мачыць у сарціры». Спадар Някляеў, Вы маглі б сказаць, якое пасланьне ў гэтым сэнсе ў Аляксандра Казуліна?
Някляеў: Усё на паверхні нібыта ляжыць. Мы зараз тое самае кажам, што казалі і на мінулых выбарах, і на пазамінулых. Народ не чакае ніякіх эканамічных пасланьняў. Я маю на ўвазе менавіта народ, тых людзей, якія з дня ў дзень думаюць, як пражыць. Ён сам ведае, што калі ён не засее поле, не заб’е курку, то хто б там якую эканоміку яму ні абяцаў, ён будзе галодным. Таму, канечне, чакаецца нейкае духоўнае пасланьне. З маіх сустрэчаў з простымі людзьмі вынікае, што ім абрыдла жыць у сьвеце невыразна.
Праўда, сёньняшняе нашае выразнае існаваньне, дык лепш бы яго не было, кожнаму нармальнаму чалавеку за такое «выразнае» існаваньне сорамна.
І гэта пры тым мы жывем невыразна, што Беларусь — гэта зусім не маленькая краіна, як пра яе часам кажуць. Вунь Літва, Латвія, Эстонія — сапраўды краіны невялікія, але яны існуюць у сьвеце выразна, і перш за ўсё гэтая выразнасьць зыходзіць з таго, што яны нясуць у сабе нацыянальнага.
Калі пачынаеш гаварыць пра нацыянальнае на ўзроўні істэблішмэнту, чуеш, што гэта, маўляў, непэрспэктыўна, асабліва што тычыцца беларускага, што гэта ўсё лясьнецца, што будзе панаваць нейкае глябальнае нешта. Але так задумвацца, дык яно ўсё разам узятае непэрспэктыўнае, бо некалі пад патухлым сонейкам усё скончыцца. Але ж з гэтага не вынікае, што чалавецтва будзе хацець перастаць жыць. І з гэтага не вынікае, што чалавек, якому ў дадзены момант хочацца быць нацыянальным, хочацца быць выразным, расхоча гэтага таму, што гэта некалі ў аддаленасьці скончыцца.
І вось Казулін пры адпаведнай карэктыроўцы якраз вось гэтую выразнасьць мог бы выказаць. Ён, як і Мілінкевіч, яшчэ крыху дзіўнаваты для большасьці людзей. «Адкуль такі ўзяўся?» — пра яго пытаюць. А ён падобны да гэтых людзей, ён і на сустрэчах блытаецца гэтак жа, як і тыя, з кім ён сустракаецца. Але відно, што ён хоча разам з усімі гэтымі людзьмі стаць выразным. Я думаю, што гэта асноўнае, што ён на сёньняшні дзень у сабе нясе.