Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Сіні.
** Піжма.
— Ого, як цябе ўважыў князь Міндоўг! — зайздросліва пачулася ззаду.
Да дзяўчынкі падыходзіў Істр, прагна разглядаючы падарунак.
— Калі падабаецца, бяры! — працягнула пярсцёнак Жывена.
— Княжацкімі падарункамі не раскідваюцца!
— Гэта толькі мёртвая рэч, хаця і прыгожая.
— Мёртвая… Ты ж ведаеш: дотык любых рук, а тым болей княжацкіх застаецца.
— Ведаю… але…
— Мне дык не пашанцавала, як вось яму, — кіўнуў Істр услед князю. — Нарадзіўся простым служкам.
— Аднак жа ты мог нарадзіцца і вось гэтым… — Жывена паказала на скручанага хваробаю старога, што паціху клыгаў з храма, аберуч трымаючыся за пашмальцаваны вярэнь*, у якім, мабыць, прыносіў падарунак багам, у падраных лапцях з вязелля**.
* Плецены з палосак кары кашэль.
** Вяз.
— Тады б мне і не хацелася нічога апроч якой-небудзь поснай драчоны з макавым малаком дый мяккага рыззя пад бок. А калі кроў кіпіць, калі галава поўная задумаў? У нас усё так ціха, як… як у дубовай калодзе*.
* Нябожчыкаў славяне хавалі ў дубовых калодах.
Калі ж прагудзела біла, заклікаючы да абеду, і яны ішлі назад, запытаўся Істр зменлівым ад унутранай напругі голасам:
— Ці праўда, што цябе нарадзіла маці ад Міндоўга?
Жывена шырока расплюшчыла вочы ад здзіўлення:
— Ад Міндоўга?! Хутчэй ад Купалы. А можа, ад Вялеса.
— Ты, значыць, нічога не ведаеш. Альбо… прытвараешся, — прамармытаў жрэц, хутка пераводзячы размову на іншае.
Калі ж пасля абеду запытаўся ў Жывены Відэвут, ці пойдзе яна ў стайню, а пасля на бегавыя дарогі, Істр зазлаваў:
— Мяне вы ніколі не клічаце. А людзі не любяць, калі жрэц калюхаецца на кані, як пусты мех.
Відэвут і Жывена пераглянуліся, заўсміхаліся.
— Ты ж сам не любіш надта абівацца на конях. Яны гэта адчуваюць.
— А цяпер буду! — з сілай сказаў Істр, падазрона гледзячы на падлеткаў. Але яны глядзелі на яго яснымі поглядамі, і ён вырашыў назіраць за імі. У галаве стаяла адно:
— Калісьці яна будзе выбіраць кагосьці з Ашвінаў. Калі і сапраўды яе бацька Міндоўг…
З таго дня старанна выбіраў Істр з падораных храму каштоўнасцей найчасцей пахкасці і духмянае зелле, а таксама сам збіраў па лугавінах чабор і піў чароўныя слёзы пераступеня*, для чаго з вечара рабіў на каранях незвычайных гэтых раслін надрэзы, і ніколі не ленаваўся скрэбсці белыя карані драўлянай самшытавай лыжкай, цярпліва дастаючы змесціва.
* Расліна брыонія, якая раней расла ў краінах Эўропы.
Навакольныя дзяўчаты валам валілі ў храм і дзеля таго, каб паглядзець на рослага прыгажуна-жраца з тварам гладкім і белым, як малако, з рухамі павольнымі і выверанымі, як у танцора. Ішлі гады, а ён выглядаў усё тым жа юнаком — Ашвінам, які не можа састарэць і змарнець, таму што яго люляе неба. Каржакаваты Відэвут выглядаў цяпер ягоным равеснікам, і ўсё больш раўніва клапаціўся Істр, каб малады прус і Жывена не заставаліся ўдваіх. А яна расла, выцягвалася, як стрункая сасонка на ўзлеску, і позірк Відэвута ўсё часцей спыняўся на ёй не з брацкай цеплынёй, а з гарачым захапленнем. Яна ж жыла, захопленая жыццём храма і сваімі марамі, а таксама пастаяннай вучобай, як быццам Святазар, станчаючыся як кляновы ліст, разам з часам, стараўся пераліць у яе змесціва свайго розуму і душы. І гэты год, у які ёй спаўнялася шаснаццаць і калі яна ўжо магла мець свой голас у храмавых справах, запоўніўся менавіта гэтым — замілаванасцю жыццём, якое нібы перадавалася праз Святазара.
Яны спускаліся ў нізінныя пакоі, дзе Святазар захоўваў кнігі, а таксама старажытнейшае вузялковае пісьмо, якое павінны ведаць усе жрацы. Аднак жа з маладых толькі Жывена магла, перабіраючы пальцамі пашорхлыя ніты, разбіраць законы, па якіх будаваўся і існаваў храм Ашвінаў. Павучылі, але хутка забыліся на мову Ашвінаў і Істр, і Відэвут, а мова гэтая называлася санскрытам.
— Ашвіны нябачна прылятаюць у свае храмы, трэба ж, каб яны маглі пагаварыць са сваімі жрацамі, - гаварыў напаўжартам, напаўсур'ёз Святазар. І тут жа дадаваў, што яму не давялося сустрэцца з боскімі блізнятамі, якія за дзень на сваіх скакунах аблятаюць Сусвет, а на гэтую далёкую зямлю ніяк не збяруцца.
— Як жа і калі прыйшлі яны сюды першы раз, каб заснаваць свае храмы? — спыталася Жывена.
Яны разам перабіралі амаль спарахнелыя вузельчыкі, і нават Настаўнік не мог назваць часу, калі прыйшлі сюды перад славянамі іх папярэднікі балты. Але і тыя, і другія захавалі памяць аб далёкіх арыях і іх цывілізацыі, якая адгукаецца агульнымі словамі і звычаямі ў памяці абодвух народаў.