Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
І зноў Яён абскакаў мяне. Няўжо я страчваў свае пазіцыі? А мо іх і зусім у мяне не было? А я так паводзіў сябе пагардліва, уявіўшы сябе камандзірам над ім... Мо ён і быў за камандзіра ў мяне, ды з-за адказнасці сваёй схаваў тое. Ну і пень жа я, даруй, Божа!..
– Добра, Яён, дамовіліся. Буду.
Яён не паціснуў мне руку на развітанне – толькі раскланяўся, усміхнуўся з выглядам пераможцы.
З годнасцю выпраміўся, пайшоў...Я ж адчуў сваю, няхай і маленькую, паразу і зразумеў, што шмат чаго мне трэба яшчэ зрабіць, каб рэабілітавацца перад ім...
Зноў пачуваў сябе вінаватым...
…Вялікая, з высокай столлю, зала.Вокны, праз якія выпраменьвалася сонца, высокія, чыстыя, быццам без шкла. Промні рассейваюцца, і таму асвятленне роўнае, спакойнае.Такіх залаў раней мне бачыць не даводзілася. Гэтая ж напамінала тую, дзе я праглядваў Кнігу Жыцця – пра падарожжа Яніны Альшанскай.
Яён вывеў мяне на высокую сцэну. На ёй – стол і трыбуна. Яён назваў мяне, сказаў, што выканаў сваё абяцанне – прывёў чалавека новай фармацыі, які правядзе практычныя заняткі і адкрые для іх, студэнтаў, шмат чаго цікавага і для іх невядомага. Папрасіў яшчэ да маёй лекцыі-паказу аднесціся ўважліва, з усведамленнем вялікай адказнасці свайго прызначэння...
У мой бок ён зрабіў паважны паклон і сеў за стол. Сашчапіў пальцы, упёрся локцямі аб паліраваную паверхню...
«А чаму ў зале няма Яніны? Няма Змітрака і Веранікі».
Калі ж уключыўся на яго хвалю, пачуў радасны вокліч: «Здароў быў, Антон! Я ж у першым радзе, каля акна, і Вераніка побач са мною...»
Кісялёў сядзеў побач з Веранікай. Не пазнаў таму, што адпусціў бараду. Вераніка іншая стала – пасур’ёзнела, пасталела. Абое студэнтамі сталі? Дзе ж я быў у гэты час? Чаму такія моманты выпалі з памяці? Няўжо ўсё – з-за Залатарэнкі?
– Дзень добры, шаноўныя! Вы – будучыя прадстаўнікі Асацыяцыі па стварэнні летапіснай гісторыі нашай Ліцвініі. Вы – будучыя прафесійныя прадаўжальнікі той вялікай працы, якую вам даручыць Касмічная Рада. Гэты абавязак усклалі на вас князёўна Ліцвінія і Нябесны Валадар.
«Такі залік авансам не паставіць – на твары напісана, што педант...» - прарваўся аднекуль з залы недавер першага скептыка.
– Ад нашых жаданняў і думак будзе залежаць чысціня заўтрашняга дня. За гады вучобы вы навучыцеся чытаць і разумець думкі і жаданні любога чалавека, на якой бы мове той ні гаварыў, нават любой жывой істоты...
«Хіба ж можа чалавек чытаць думкі другога? Што з таго было б? Здагадвацца можна, а вось чытаць...» – не верыла мне бялявае дзяўчо ў зялёным світэрку.
– Вы будзеце правадніком новых ідэй Нябеснай Шамбалы, якая разам з Божай Маці з’яўляецца заступніцай нашай дзяржавы... Бо Бог жыве ў Ліцвініі!
«Твае словы ды Богу ў вушы... – добразычліва пажадаў хударлявы юнак у акулярах, падпёршы падбароддзе рукой, – кажаш правільна, але ці...»
– Мы будзем такімі, якімі і ствараў нас Бог, будзем мець свае песні, сваю культуру. Не будзем спяваць з чужога голасу, гаварыць на чужынскай мове. Мы адродзімся. Станем мудрымі. І – моцнымі. Тады ніводзін сатана самымі салодкімі словамі не ўвядзе больш ніколі ў зман і пачварны сон. Бо мы навучымся адрозніваць балабольства ад Слова праўды і шчырасці...
«Во прарок знайшоўся ці апостал, – пасміхалася дзяўчына ў чацвёртым радзе ад акна, – толькі наіўны можа паверыць табе ці дурны... Нас кармілі, і не раз, прыблізна такімі ж словамі. Што ж ты нам новага сёння раскажаш і прадэманструеш? Фокусы? Праспяваеш псалмы ў імя Айчыны Ліцвініі? Пад гітару ці пад баян? А мо пад гармонік? Пад скрыпачку?..»
Я перавёў дыханне. Не ведаў, што гаварыць далей – зала сустракала мяне недаверам. Мо таму і хацеў прыкрыцца мною мой двайнік? Што ж яны за студэнты нацыянальнага ўніверсітэта, калі не прасякнуты нацыянальнай ідэяй? Яны ж яшчэ хворыя, іх лячыць трэба... Ці тое лячэнне трэба пачынаць мне?.. Яён безуважна глядзеў у залу, як быццам яго не хвалявала, што я гаварыў, якая была рэакцыя студэнтаў яго курса, якім ён выкладаў касмічную навуку. Ці ведаў ён, што я сустрэў сапраўдны холад і недавер з іх боку?
Хто іх вучыў і па якой праграме? Калі Яён ведаў пра ўсё, то чаму не папярэдзіў? Я будаваў бы сваю лекцыю неяк інакш. А мо праверыць мяне хацеў?
– Чаму я сустрэў поўнае неразуменне з вашага боку? Правільней, непаверку да таго, дзеля чаго прыйшоў да вас... Вы не адкажаце, шаноўныя спадары, на маё пытанне?
Ніхто і вокам не міргануў. Не аспрэчылі, не пацвердзілі. Ну і няхай, ну і добра! Цяпер я ведаю, як будзем наладжваць далей узаемаразуменне.
– Мы з вамі – дзеці Сусвету і Космасу. Дзеці Бога. Кожнага з нас прасвечвае і пранізвае процьма псіхічных каналаў і цэнтраў, промняў і ліній. Калі ж мы здолеем адчуць і хаця б прачыніць трошкі дзверы ў іх тайну, то мы выйдзем на прамы кантакт з Сусветам. І мы зробім так! Гэта і будзе тая стадыя існавання, якую чалавек назваў Раем. Гэта калі чалавек працуе і не мае патрэбы штодзённа думаць пра хлеб. Бо і Бог казаў, што «не хлебам адзіным жыве чалавек, а словам Божым». А таму і жыць будзе чалавек стагоддзі. Ён, Вялікі Стваральнік, меркаваў так: энергію чалавек будзе чэрпаць з жыцця Сусвету, ад Вялізнай Энергіі Космасу. Яго думкі будуць скіраваны толькі на духоўнае існаванне, на ўдасканальванне сваёй душы, свайго ўнутранага свету.