Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– У другім саборным пасланні святога апостала Пятра сказана: «Адно не павінна быць схавана ад вас, любыя мае, што ў Госпада адзін дзень, як тысяча гадоў, і таму тысяча гадоў, як адзін дзень...»
– Там жа далей: «... не марудзіць Гасподзь выкананнем запавету, як некаторыя лічаць тое маруднасцю, але доўга церпіць нас, не жадаючы, каб хто загінуў, але каб прыйшлі да пакаяння...»
– Ці не пра нас гэтыя радкі?
Адказаць мы не маглі...
Яён прыйшоў да мяне пад вечар, калі я акурат заканчваў працу.
Настрой у мяне быў не з лепшых. За доўгі прагул аб’явілі вымову, пазбавілі «прагрэсу». Пагражалі і зусім звольніць. Зміцер чамусьці замінорыў у бальніцы, не дасылаў мне ніякіх вестак пра сябе. Вераніка не званіла, таксама не чуў яе думак. Таму і прыход двайніка сустрэў без вялікага ўздыму, нават абыякава... Прыгледзеўся да яго пільней і ўспомніў, што ён як дзве кроплі вады падобны на майго “таго” суседа – шляхціца Андруся.
«Няўжо і ён разам са мною пераносіўся ў той час? Не разарваць нас нічым, не раз’яднаць...»
– Як ты тут?
– А як ты там? – чамусьці са злым выклікам спытаў яго, аж сам сабе не спадабаўся.
Ён, мусіць, не адчуў майго настрою, а мо і з-за далікатнасці не заўважыў. Уздыхнуў толькі, мацаючы побач нязменны стары і пашарпаны партфель.
– Я - нічога. Стаміўся толькі...
– Стаміўся і я, што паробіш.
– Як з абяцаннем?
– Ды што ты прыстаў да мяне? Кожны раз напамінаеш, быццам я склеротык які. Паслаць цябе куды-небудзь ці небудзь-куды сам пойдзеш?
– Куды пашлеш, туды і добра, – параіў спакойна Яён і ўжо не глядзеў у мой бок, як і не існаваў я для яго, як і не выйшаў ён з мяне... – Ты гэтаму брыдкаслоўю тут навучыўся? Адразу бачна...
Папрок ці заўвага мяне здзівілі. І я пашкадаваў ужо, што так сустрэў яго, – нервы мае на людскім чорным скразняку сапраўды сталі нікчэмнымі...
– Перапрашаю, Яён, я і сам сябе не пазнаю– нервовы стаў апошнім часам. Таму вельмі шмат прычын.
– Ладна. Каму, як не мне, зразумець цябе.
Зноў усталявалася маўчанне. Іскрынка ўспыхнула і тут жа патухла, як і не было яе.
– А калі трэба ісці да цябе? – вінавата ўжо спытаў яго, каб зруйнаваць няёмкасць, каб паказаць, што стаў я ранейшы – спакойны і разважлівы, што нам няварта спрачацца і чапляцца за дробязі.
– Я ж казаў апошнім разам пры сустрэчы... Заўтра ўжо. Таму і прыйшоў, – неяк нясмела прамовіў Яён, як бы баючыся, што зноў можа ўзлаваць мяне.
– Як – заўтра? Ты ж сказаў, што восенню!
– А сёння хіба на дварэ вясна? – ужо і пад’южваўваў мяне двайнік, пасміхаўся.
Перабіраў у памяці дні і падзеі і жахнуўся – то я так доўга лячыўся на прыпяцкім плёсе пад Туравам і Мазыром? То так доўга выводзіла мяне з таго стану Яніна Альшанская?
Ды, пэўна ж, даўно выйшаў з бальніцы і Дзімітрый Кісялёў. Толькі дзе ён, чаму не на працы? Прагульвае?
– Сапраўды! – ляснуў я даланёй па лбе, засмяяўся, абдымаючы чамусьці Яёна. – Зусім мазгі свае прапіў тут... Добра, што ты напомніў. Сам не дапетрыў бы. Буду! Канечне ж, буду! Прыйду ў намечаны час.
Спытаць пра Кісялёва не выпадала – яшчэ падумае не так, як трэба.
– І Яніна абяцала быць. І Зміцер з Веранікай.
– А дзе ты іх бачыў?
– У Змітрака на вяселлі і бачыў. Яны ж пабраліся. Хіба ж ты не памятаеш?
«Разыгрывае ці здзекуецца? Не, непадобна было на тое... Змітрок жаніўся? Калі? І я, можа, яшчэ быў на іх вяселлі? Чаму ж тады не памятаю?..»
– А ты і не будзеш памятаць, – супакоіў мяне Яён, каб не разарвалася ў мяне галава ад балючых здагадак і думак.
– Ты чытаеш мае думкі?! Даўно?
– Ды не, не бойся. Чытаю па выразе твайго твару. А быў на вяселлі я. Замест цябе. Прыняўшы тваё аблічча.
– З Янінай быў, канечне ж?
– Тут ты не хвалюйся. Да яе і не дакрануўся. Можа пацвердзіць тое і Альшанская.
– Дзе яна цяпер, не скажаш? І дзе Змітрок? Куды яны ўсе падзяваліся?
– Яніна на некалькі дзён адлучылася. Прасіла перадаць, каб ты не хваляваўся за яе. Дапрацоўвае для Касмічнай Рады тваю справаздачу.
– Чаму ж ты адразу, як прыйшоў, не пачынаў з гэтага?! – роспачна паглядзеў на яго, адчуваў, што зноў пачынаў крыўдаваць і злавацца. – Чаго марудзіў?
Ён уздыхнуў, прыкурыў новую цыгарэтку, выпусціў дымок.
– А таму, што з такім тварам і настроем, які ты меў напачатку, сустракаюць толькі самых злых ворагаў альбо непрыяцеляў.
– Яшчэ раз даруй. Абдурыў ты мяне. І – правучыў.
– Еж, разумнік, на здароўе, як кажуць...
– Змітрок і Вераніка, дзе яны?
– Вось заўтра і сустрэнешся з імі. Сам і распытаеш у іх пра ўсё. Сустрэча а васемнаццатай гадзіне. У актавай зале ўніверсітэта.