Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Як я зразумеў, тое пагадненне дакляравала захаваць прававыя дачыненні, якія існавалі раней, – прывілеі і вольнасці шляхты (што тычылася мяне асабіста), але выключалі вольную элекцыю манарха і неабходнасць атрымліваць згоду шляхты для абвяшчэння вайны і заключэння міру.
Нас, значыць, цяпер не ставілі ў вядомасць. Але радавала хіба тое, што пакінута была свабода каталіцкага, вуніяцкага ды праваслаўнага веравызнанняў...»
Прыязджалі, вярталіся шляхта і мяшчане да родных мясцінаў, расказвалі, дзяліліся ўражаннямі ад пачутага ды ўбачанага.
– Ведаеш, братка-ягамосць, – курыў штохвілінна сваю люльку сусед па сядзібе шляхціц Андрусь Лавоцька, які ў гетмана служыў, – адно вока ў сечы выкалалі, і шрам праз усю шчаку, – цар праз Барысаў і Магілеў на Маскву падаўся, а ў Менску скупіліся ўсе сілы ваяводы Чаркаскага... У Барысаве агляд войскаў наладзіў і мусіў адпусціць ратнікаў дахаты – голыя і босыя.
А казакі Залатарэнкі са згоды цара пад Стары Быхаў рушылі... Браў ён Вільню. Цар пажадаў, каб і Быхаў спаліў...
– А як сёння баявы дух, шляхціц Андрусь? – цікаўлюся, гледзячы на суседа, як на героя.
– Ат, браце-суседзе, і не пытайся, грэх прызнацца... Што ўжо засталося ад войска Вялікага Княства? Было Вялікае, ды стала маленькае... Гетман не мае над ім больш сілы. Кантракт жаўнеры падпісалі да дзевятага жніўня, а далей сказалі – усё, не будзем ваяваць, няма дурных. А за што ваяваць, скажы ты мне, браце-суседзе? За добрае слова? За якую ласку? Многія былі і супраць шведаў, і супраць Радзівіла. Тады яны паабяцалі сваю вернасць Янушу Казіміру і маршам адышлі ад Падляшша, паказваючы імкненне злучыцца з арміяй караля. А на самай справе яны кінуліся граміць і рабаваць маёнткі князя Радзівіла... Во яно як, браце-суседзе... Жах!..
– Дажыліся! – з маіх грудзей вырваўся міжволі цяжкі ўздых. – Цяжка і чуць такое. І хто ж то за людзі такія, ведаеш, пэўна ж?
– Ды ўсе пра тое ведаюць. Старэйшы над двума тысячамі канфедэратаў быў ваявода з Віцебска Павел Сапега. А галоўны падбухторшчык расколу ведаеш, хто?
– Хто?
– Ніколі не ўгадаеш! Вінцэт Гасеўскі.
– Быць таго не можа! Божа, які жах! А я чуў, што адданым быў гетману полк драгунаў. Сам жа бачыў, як яны смела змагаліся з маскавітамі... Ну і ну, хто б мог падумаць пра такое?
– Э-э, братка ты мой, добры сусед, – кісла засмяяўся Андрусь, – то ўсё ў мінулым. На маіх вачах драгуны пакінулі Януша Радзівіла і пайшлі на Падляшша.
– Дык тады ты мне скажы, шаноўны спадар, апошняе – колькі ж засталося ў магутнага гетмана вершнікаў?
Андрусь зноў распаліў люльку, якая паспела з-за доўгай размовы патухнуць, зацягнуўся раз, потым другі, адказаў горычна:
– Думаю, што з тысячу, а мо і дзве – не больш...
– Божа літасцівы! Навошта такую кару наслаў на людзей? – не ўтрымаўся я і ўмольна паглядзеў на неба, перахрысціўся, маё сэрца ахапіў невыносны боль за заўтрашні дзень нашага Княства. – Ці заслужылі мы такую кару?
– Відаць, заслужылі. Угнявілі Бога сваімі паводзінамі. Гонар і сумленне на грошы пачалі разменьваць. Вось з таго і пачалося. А Бог за такое карае. Жорстка карае. Нават і наступныя пакаленні, якія потым будуць здзіўляцца, за што яны нясуць крыж кары...
– Можа, і так. Яму ўсё бачна. Ён і суддзя, і меч...
Маўчым. Адчуваем, што стаміліся ад такой размовы. Вельмі нялёгкай размовы.
– І якая ж цяпер раскладка-расстаноўка сіл, спадар Андрусь? Дзе хто? Што нам чакаць заўтра і што трэба рабіць, каб уратавацца?
Ён маўчыць, уздыхае.
– Хм... Залатарэнка лётае, як шалёны звер, па дарогах Княства – паліць, бурыць, забівае. Перад царом так выслужыцца хоча... А воіны ваяводы Чаркаскага спалілі ў жніўні Трокі, потым Коўню, Гародню. Казакі з Украіны, злучыўшыся з войскамі Трубяцкога, уніз па Нёмане захапілі Мерач, Ліду, Іўе, Ліпнішкі, Алькенікі, Любчу... А што ў Міры нарабілі вылюдкі! Крывавыя рэкі па вуліцах цяклі – жудаснае відовішча! Тое ж і ў Карэлічах, Ярэмічах, Свержані, Стоўбцах... Не дай Бог бачыць тое, браце-суседзе! У страшным сне такое не можа прысніцца – тут і відушчы сляпому пазайздросціць, напаткаўшы такое... Яно ж, жахлівае відовішча, усё жыццё потым у сны і ў памяць прыходзіць будзе...
– І не кажы...
Мы маліліся Богу, спадзяваліся на Яго ласку і міласэрнасць, каб не адступіўся ад нас, каб абараніў і збярог ад навалы... Не збярог. Не ўратаваў... Ноччу наляцелі казакі Залатарэнкі – пусцілі ўсё пад меч і смяротны агонь.
І трэба ж – зноў з тым жа Залатарэнкам лёс сутыкнуў! І дзе? У паляшуцкай вёсцы. Толькі ўжо не на кані, а на зямлі. Я махнуў колькі разоў, гледзячы ў ненавісны твар, але толькі зачапіў, здаецца, яго – чыркануў ледзь-ледзь па левым плячы. Пырснула кроў... Але тут жа нехта наляцеў на мяне справа, думаючы, што не заўважыў, – але і яго паласнуў з усяе сілы па галаве, раздзяліў надвае... Тады ж зноў на Залатарэнку рушыў... А ён ужо азвярэў ад злосці, хрыпла крычыць: «Оцэ я тобі покажу скоро!» І пры гэтым махае пагрозліва палашом.