Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
- Не, я не паранены, гэта падэшва на боце адарвалася, дык давялося так ісці.
Падышло некалькі партызан. Шаблін злаваў на іх, што яны слухаюць іх размову, але прагнаць не мог. І калі ён злосна глянуў на двух хлопцаў, якія перашэптваліся паміж сабой, камісар брыгады Сяргееў заўважыў, чаго камандзір роты хоча, і прапанаваў адысці куды-небудзь. Шаблін з задавальненнем павёў начальства ўбок і запрасіў сесці за столік пад сасною.
- Лічу самым вялікім недахопам нашых камандзіраў тое, што калі яны прыязджаюць да ніжэйстаячага, то размаўляюць толькі з ім адным. І калі той усё гладка ім даложыць, лічаць: так і ёсць. А бывае на самай справе ўсё далёка ад ісціны, - нервова гаварыў Верабейчык Пінчуку.
- Ты ведаў, Пінчук, што камандзір ля возера быў? - запытаў Бізунок.
- Не, Шаблін гаварыў, што каб мы не прарваліся цераз чыгунку, а ўступілі ў бой з абходчыкамі, то ён бы з тылу іх біў.
- Так, за дзесяць кіламетраў дастаў бы, - засмяяўся Верабейчык. - Насіць ордэн Чырвонага Сцяга і з перапуду так далёка забегчы - гэта сорам. Лепш зняць і ў кішэню пакласці, каб лес не смяяўся.
- Чаго ты так да яго ставішся? Ён шустры камандзір, - сказаў Пінчук.
- Хоць я толькі былы студэнт юрыдычнага інстытута, а людзей пазнаваць умею. Шустры, але да каго? Да дзевак! Ай, што ты ведаеш. Мне вельмі не спадабалася, як ён аднёсся да Валодзі Байкача. Такога дыверсанта, смельчака, дык мала таго што зняважыў, а яшчэ пхне да мяне ў разведку. Там, дзе ён ходзіць, яшчэ ніводнага разведчыка і нагі не было. Праўда, Байкач можа пакрыўдзіцца на мяне, што не залічыў яго адразу ў разведку, але я не хацеў, каб ён пакарыўся капрызу Шабліна. І ён камандзірам групы пайшоў, дзякуючы камісару брыгады, а Шаблін яшчэ будзе Байкачу спіцы ў колы ставіць.
- Праўда, я гэта таксама разумеў, - сказаў Бізунок. - Ён жа загадаў вярнуць Байкача, каб той ішоў з ротай.
- Ну, навошта церці хлопцаў? Ён, зразумела, не вярнуўся, і правільна зрабіў.
- А калі б табе не падпарадкаваўся твой разведчык, што б ты рабіў? - запытаў Пінчук.
- Як табе сказаць? У нас умовы асаблівыя, не такія, як у арміі. Іншы раз камандзіру не шкодзіць перапытаць, чаму партызан не хоча выканаць які-небудзь загад. Сюды чалавек прыйшоў добраахвотна. Аддавай разумныя загады, і ён без прымусу будзе іх выконваць. А не тое што - загадаў - выконвай. Раптам навічку загадаю, каб ішоў і ўзарваў эшалон? Гэта ж глупства будзе, а не загад. Толькі баюся, што Шаблін хутка іменна такія загады і стане аддаваць. Праўда, ён яшчэ не ўцяміў, што палавіну славы роце або атраду прыносяць дыверсанты. Я яму ўжо неяк гаварыў, дык ён недаверліва глянуў на мяне і адказаў: «Хто, Байкач роце славу прынясе? Не перабольшвай магчымасць адзінак». Я замаўчаў і пайшоў. Думаю, зразумее. Я гляджу, што яго камандзе ваеннай навукі не хапае.
- Хопіць, пойдзем, а то ты чаго добрага і нас абязлічыш, - сказаў Пінчук.
- Ты жывым застаўся сёння, дык разважай. Другі раз ён падвядзе цябе так, што ты можаш нікому і не сказаць, што вы не спадзяваліся і не чакалі ззаду немцаў, бо язык не будзе кратацца.
- Гэта ты мне прадказваеш смерць?
- Прытым, бяздарную.
Бізунок толькі курыў і смяяўся. У думках ён падтрымліваў Верабейчыка, але ўслых гэтага не выказваў. Ён яшчэ спадзяваўся, што Шабліна павінна перавыхаваць гэтая няўдача. І Бізунок па сваім характары быў ціхі і разважлівы чалавек. Ён яшчэ Шабліну напомніць, чаму той сёння на яго прапанову нават і ўвагі не звярнуў. Але гэта будзе зроблена ў той момант, калі Шаблін крыху супакоіцца. Сёння ён толькі імкнецца ўтрымаць марку камандзіра, а на самай справе ён разгублены. Які ён бездапаможны стаяў каля Ядлоўца і Сяргеева. Нават шкада яго было. Бізунок падумаў, што, можа, іх беспрынцыповасць прывяла да такога становішча камандзіра, што не настаялі на зацвярджэнні свайго плана засады. Яшчэ невядома, як бы павёў сябе Шаблін, каб яны больш цвёрда стаялі на сваім.
Над лагерам з'явілася цёмная хмарка, хаця касыя праменні сонца па-ранейшаму падалі на буданы, гарэлі ў шыбах камандзірскай зямлянкі. Залапатаў буйны цыганскі дождж, і толькі ён змог спыніць дэбаты трох субяседнікаў.
Да зямлянкі Шабліна накіраваліся камбрыг і камісар. Кажуць людзі, што адно ліха не ходзіць. І праўда, Шаблін раптам схамянуўся. Ён успомніў, што ў зямлянцы Зіна, а Ядловец і Сяргееў нават і думкі не дапускалі, што Шаблін жанаты. Ды каго ўзяў, зусім маладую дзяўчыну.
- Можа, тут пад елкай пастаім? - нясмела прапанаваў Шаблін.
- А чаму ты баішся ў свой дом нас пусціць? - усміхнуўся Сяргееў.
- Там душна.