Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
Як толькі ў зямлянку ўвайшлі камандзіры, Шаблін запрасіў іх сесці і адразу ж зрабіў папрок Верабейчыку:
- Цяпер зразумелі, таварышы, якія мы сляпыя сталі з-за бяздзейнасці разведчыкаў?
- Чым жа нашы разведчыкі вочы завязалі нам? - адразу запытаў Верабейчык.
- Няўжо вы думаеце, што сённяшняя няўдача не ляжыць на сумленні разведкі?
- Мне здаецца, што з вамі разам у разведку іменна разведчык і ездзіў.
- А вы гэта лічыце сваёй заслугай?
- Не, навошта мне чужая слава? Тым болей сённяшняга дня.
Пінчук непрыкметна для іншых штурхнуў Верабейчыка ў бок, даўшы зразумець, што так размаўляць з камандзірам нельга.
У Верабейчыка было, як кажуць, у крыві гаварыць у вочы праўду. Малады, гарачы, адзін з першых партызан, ён не любіў людзей, якія перад начальствам рабіліся бяздумнымі пешкамі. Калі ты воін, казаў Верабейчык, ты заўсёды павінен быць ім і думаць, як перамагчы ворага.
Камандзір разведкі пачаў зноў:
- Трэба прама сказаць, што сённяшняя засада была зроблена бяздарна.
- Па чыёй віне?
- Вы там былі, вам лепш відаць. Можна згадзіцца, калі гэта будзе наша адзіная памылка. А калі і ў далейшым мы будзем так падстаўляць сябе на забойства, тады такое недаравальна.
- Вы хочаце сказаць, што мы знарок роту падставілі ворагу? Дык мы тут агульна абмяркоўвалі план засады.
Маленькія вочы Шабліна свідравалі то Бізунка, то Пінчука. Бізунок апусціў галаву, і па яго твары нельга было пазнаць, згодзен ён ці не згодзен. А Пінчук глядзеў у вочы Шабліну, і было зразумела, што ён падтрымлівае яго.
- Чаму ж, таварыш Верабейчык, разведка не прапануе нам аб'екты, дзе можна было б больш удалыя аперацыі правесці? - не супакойваўся Шаблін.
- Гэта ўжо іншая тэма. Сёння можна было знішчыць многа гітлераўцаў, узяць трафеі і не мець страт з нашага боку.
- Дык я ж у вас пытаю, па чыёй віне?
- А я адказваю, што не ведаю, але магу сказаць, што роту размясцілі бяздарна. Я сотні разоў быў на той паляне. Якая б ні была засада, яна павінна заўсёды мець на ўвазе варыянты ўдалага адыходу. А ў вас гэтага не было. Ды і не толькі гэтага, а галоўнае, вы не маглі бачыць ворага, а калі б і ўбачылі, вы нічога не змаглі б зрабіць. Варта было б аднаму кулямётчыку ўскочыць на чыгунку, і невядома хто з партызан застаўся б жывым. А гэта не засада. Вінаваты ўсе, хто яе арганізоўваў.
- Скажыце, таварышы ў штабе брыгады будуць разбіраць нашу аперацыю?
- Не ведаю, але загінулі людзі, зразумела, пра іх запытаюць. Таварышы, мы вінаваты ўсе, камандзір прапанаваў няправільны план засады, а мы ўсе згадзіліся, - сказаў Бізунок.
- Уся наша бяда ў тым, - уклініўся Пінчук, - што мы нічога не ведалі пра нямецкі абход. Меркавалі, што ідзе каля дваццаці падвод і на кожнай з іх па адным-два салдаты. У такім выпадку засаду зрабі хоць сярод паляны, дык перамога за намі. Але ўсё нельга прадбачыць, і з-за гэтага былі страты.
- Таварыш камандзір! - забег у зямлянку дзяжурны па лагеры. - Прыехалі камбрыг і камісар.
Шаблін усхапіўся, абцягнуў гімнасцёрку і ўжо ад стала пайшоў амаль страявым крокам. За ім следам выйшлі ўсе.
Шаблін пачаў рапартаваць камбрыгу.
- Што ж, у цябе дысцыпліны няма, - заўважыў камбрыг Ядловец. - Ляжаць вунь распластаныя і без зброі, напэўна.
- Таварыш камандзір брыгады, я камандзіраў доўга трымаю пагэтаму. Адразу ж пасля няўдалай засады мы сядзім і разбіраем промахі.
- Па-першае, з камандзірамі трэба сядзець доўга да бою, а не пасля, тады менш будзе няўдач. А па-другое, вы не маглі камандзіраў трымаць доўга, бо нядаўна нашы разведчыкі бачылі вас на беразе возера.
У Шабліна нібы кіпень па жылах пабег і пачаў паліць твар, шыю. Ён насупіў бровы, аблізаў губы, ледзь вымавіў:
- Так, быў там.
- Мы пачулі страляніну, - гаварыў Сяргееў, - а праз нейкі час прыехалі нашы разведчыкі і кажуць, што бачылі, праўда, у бінокль, камандзіра Шабліна. Ён ішоў да возера і накульгваў. Мы захваляваліся, што там здарылася.