Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
- Збегай і зараз жа пакліч да мяне Пінчука, - сказаў жонцы Шаблін.
Зіна выйшла і хутка вярнулася назад.
- Ну што?
- Зараз ідзе.
- Дай штаны пераадзець.
Толькі Шаблін сказаў гэтыя словы, як на парозе з'явіўся Пінчук. Шаблін сядзеў нахмураны.
Камандзір узвода глянуў на яго і падумаў: «Якім бы ён быў, калі б так атрымалася па майму плану ці па плану Верабейчыка? Але не трэба варажыць, паглядзім».
- Колькі забітых?
- Пяцёра нашых.
- А чые ж там яшчэ былі?
- Невядома, дзе той хлопец, што з вамі быў.
- Чорт яго ведае. Майго каня забілі, і мяне прыціснулі так, што дзецца недзе было, шукалі, а я вось у балоце прасядзеў.
- А нам адзін быў выхад - прарвацца цераз чыгунку, і мы так зрабілі.
- Вось у чым справа! А я чакаў, што вы павернеце агонь на абходчыкаў. Тады б я з тылу падтрымаў... А вы ўцяклі...
Пінчук ледзь стрымаўся. Яму вельмі хацелася сказаць, хто ўцёк, але ён глянуў на Зіну і прамовіў:
- Я задаволены, што вы жывыя засталіся. Павярнуць агонь і працягваць там бой было б злачынствам. Каля ста гітлераўцаў ішлі ў абходзе. Яны ў лесе, а мы, лічы, на паляне. З якога б тылу вы што зрабілі і дапамаглі? Ніколі не разлічвайце на зацяжны бой. Заўсёды памятайце, якая ў нас зброя і колькі боепрыпасаў. Вы добра ведаеце ваенную тактыку і стратэгію, а партызанская тактыка набываецца толькі вопытам і прыходзіць з часам. Вунь дыверсанта Байкача няхай паспрабуюць узяць, ён нюхам усё чуе. Я больш года яго ведаю, у якіх пераплётах ён толькі ні быў - і заўсёды выходзіў.
Шабліну спадабалася, што прызнаецца яго вопыт у вайсковай справе. І ён згодзен, што ў вядзенні партызанскай барацьбы пакуль што ў яго мала вопыту. А вось прыклад з Байкачом яму прыйшоўся не па нутры. Хоць ён ужо і не любіў Зіны, але рэўнасць усё роўна з'яўлялася нават ад думак. Звычайна ён не мог зразумець, пра што думае жонка. Але як хто ўспомніць у яе прысутнасці пра Валодзю, тады і Шаблін ведаў, што ў тую хвіліну робіцца ў Зінінай душы. І ён злаваў. Напэўна, яго жонка, калі гаворыць, што любіць мужных людзей, мае на ўвазе аднаго Валодзю.
- Разведчыкі яшчэ не вярнуліся? - запытаў Шаблін.
- Не, яны шукаюць вас.
- Не трэба была гэта паніка.
- Хто ж ведаў, дзе вы.
- Я таксама выйду... з любога агню.
Шаблін хацеў сказаць, што выйдзе з любога становішча, але падумаў і змяніў на «агонь». І чаму ён сказаў «таксама», Пінчук не зразумеў. А гэта слова камандзір ужыў больш дзеля сваёй жонкі, каб сказаць ёй: «Не думай пра Байкача».
- Слухай, - звярнуўся Шаблін да Пінчука. - Ты не ведаеш, у старшыны боты ёсць?
- Павінна быць пары дзве нямецкіх.
- Мне ўсё роўна, няхай хоць і турэцкія. А то вось бачыш. - Шаблін выставіў уперад нагу з абплеценым лазою ботам.
- Добра, пайду і скажу, няхай прынясе.
- Пазней мы зноў сустрэнемся і пагаворым.
Камандзір узвода пайшоў, а Шаблін сеў за стол і прагна еў суп.
Зіна сядзела на ложку моўчкі, а потым сказала:
- У цябе ж спытае камандзір атрада, пры якіх абставінах загінулі людзі. Ды трое ж параненых. Сапраўды, такія страты рота можа панесці тады, калі трапіць сама на засаду.
- Дыверсантка-стратэг мне знайшлася. Будзеш у такія справы ўлазіць, дык я зноў у групу адпраўлю.
Зіна не імкнулася папракнуць мужа, а хацела, каб ён падрыхтаваўся да адказу. Яна ведала, як разбіралі кожную баявую аперацыю групы, у якой быў хто-небудзь забіты або паранены. І цяпер яе ахапіла горкая крыўда. Зіна заплакала і лягла на нары.
- Навошта мяне было браць адтуль? Што я цябе прасіла, скажы? - хліпаючы, гаварыла Зіна.
- Я думаю, быў бы Валодзя, дык цябе ніхто б не забраў адтуль, нават камбрыг.
- Так, ніхто б і не лез да нас.
- Пагэтаму ты галосіш?
- Так.
У зямлянку зайшоў старшына, трымаючы перад сабой дзве пары ботаў.
- Калі ласка, прымерайце.
- Пакінь, я выберу. Разведчыкі там не вярнуліся?
- Прыйшлі, таварыш камандзір. Гавораць, што пахавалі яшчэ двух партызан.
- Пакліч да мяне Верабейчыка і ўзводных.
- Ёсць! - сказаў старшына, павярнуўся і пайшоў.
Нягледзячы на тое, што Шаблін так успрыняў заўвагу Зіны наконт страт, усё ж ён задумаўся. І размову зараз павядзе з ротным начальствам толькі ў напрамку сённяшніх падзей. Усе яны старыя партызаны, і Шаблін зразумее па іх паводзінах і выказваннях, як расцэняць іх баявую аперацыю ў штабе атрада і брыгады. Напэўна, прызначылі Шабліна на пасаду камандзіра роты з большымі надзеямі на яго камандзірскія здольнасці, чым ён іх выявіў. Як-ніяк Шаблін прайшоў вялікую вайсковую школу: ад салдата да камандзіра ўзвода, палітрука роты. Нават не кожны партызанскі атрад мае такога камандзіра. А вось баявых удач у роце, якой камандуе Шаблін, пакуль што няма. З усіх рот атрада ў Шабліна стаў меншым лік узарваных эшалонаў, а страт больш. Сказаць, што Шаблін сядзіць каля маладой жонкі і не думае пра баявыя дзеянні роты, а толькі капае ямкі і будуе шпіталь, дык не. Ён ірвецца ў бой і імкнецца, каб у дзеянне была ўведзена значная частка роты, але не атрымліваецца. Ён ужо сёння падумаў, што дарэмна разам з ротай пайшоў у засаду. Не было б яго там, мог бы і разумныя заўвагі зрабіць каму-небудзь. А так, каму што скажаш? Хаця, трэба зрабіць адчувальны ўкол камандзіру разведкі. Каб не далажылі з сакрэтнага паста, ніхто б і не ведаў, што побач прайшлі гітлераўцы.