Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » За кiпучай чэкiсцкай работай
За кiпучай чэкiсцкай работай - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

За кiпучай чэкiсцкай работай

Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:

Сцэны з жыцьця катаў — вынiк шматгадовага архiўнага пошуку, у якiм праз iронiю дакумэнта дасьледуецца ўнутранае жыцьцё НКВД, мэханiзмы цэнзуры i драма сучаснага маральнага выбару, адкрываюцца невядомыя старонкi нацыянальнай трагедыi.
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 39
Перейти на страницу:

Застаецца невядомым, таксама, у якой ступені выкарыстоўвалася і наогул ці выкарыстоўвалася рэцэнзія В. Барысенкі ў палітычных абвінаваўчых справах І. Мазура, М. Калінічэнкі, тым больш Д. Прышчэпава, А. Баліцкага і іншых. Тут узьнікае нямала сумневаў. Так, М. Калінічэнка сапраўды была рэпрэсаваная. Але ў другім допісе, зьмешчаным у «Ліме» 19 жніўня 1988 году, сам У. Мазур піша ўжо, што М. Калінічэнка была арыштаваная як «жонка нацдэма», хоць у першым допісе «Помню высакароднасць, помню подласць» у арышце М. Калінічэнкі прама вінаваціў В. Барысенку. «У 1936 г., — сцвярджаецца ў першым допісе, — Барысенка сфабрыкаваў такі паклёп на гэту кніжку (хрэстаматыя «Чырвоная зьмена» — В. К.), што Марта Іванаўна была асуджаная на 5 гадоў зьняволеньня». Кідаецца ў вочы, што ў рэцэнзіі В. Барысенкі прозьвішча М. Калінічэнкі ўвогуле ня згадваецца. Газэта «Звязда» чамусьці зьмясьціла рэцэнзію В. Барысенкі пад загалоўкам «Рэцэнзія на чытанкі «Чырвоная зьмена» і «Чырвоная Беларусь» (1925 году выпуску, укладальнікі І. Мазур і М. Калінічэнка)», хоць на самой справе ў машынапісе яна мае загаловак «Рэцэнзія на працы І. Мазура». Прозьвішча М. Калінічэнкі не прысутнічае ў тэксьце рэцэнзіі.

У падмене загалоўка газэтай ня будзем бачыць нейкі зламысны намер. Але факт застаецца фактам: у выніку недагляду — скажам так — віна В. Барысенкі штучна павялічваецца.

Сёньня, калі мы ведаем пра жорсткую няўмольнасць рэпрэсіўнай машыны, зьвяртае на сябе ўвагу і такая важная акалічнасць, якую наўрад ці можна паставіць у прамую віну В. Барысенку: рэцэнзію В. Барысенка напісаў у 1936 годзе, а І. Мазур быў арыштаваны толькі на першы дзень вайны. І тут сумненьне: калі б менавіта гэтая рэцэнзія служыла прамым і адзіным доказам «віны» І. Мазура, наўрад ці органы ГПУ сталі б марудзіць. Дарэчы, у рэцэнзіі В. Барысенкі былі і станоўчыя ацэнкі прац І. Мазура, хоць і выказаныя дэкляратыўна, але публікуючы рэцэнзію, газэта чамусьці скараціла іх. Мы не бяромся сцвярджаць, што станоўчыя выказваньні аўтара рэцэнзіі маглі хоць неяк зьмякчыць лёс І. Мазура, але калі яны апушчаны, пазыцыя Барысенкі выглядае яшчэ больш аднабакова нэгатыўнай, чым яна была на самай справе.

Так, І. Мазур і М. Калінічэнка выключаліся з партыі, але зноў цяжка сказаць, наколькі да гэтага непасрэдна дачынілася рэцэнзія В. Барысенкі. Прынамсі, В. Барысенка быў ня першы, хто несправядліва ацаніў хрэстаматыю «Чырвоная зьмена». Чытанкі, аўтарамі якіх былі М. Калінічэнка і І. Мазур, у тым ліку хрэстаматыя «Чырвоная зьмена», падвяргаліся палітычнаму разносу ў друку ўжо з 1929 году. Як прыклад, можна назваць бібліяграфічны водгук В. Хмялеўскай «Чым кормяць нашых вучняў. Аб кнізе «Чырвоная зьмена» («Звязда», 14 жніўня 1929 году) і артыкул Л. Талмачова «Разрыў з жыццём. Кулацкая ідэалёгія ў школьных падручніках» («Чырвоная зьмена», 5–6 кастрычніка 1929 году). Такім чынам В. Барысенка быў, прынамсі, трэцяй, а не першай асобай у шэрагу ганіцелей аўтараў хрэстаматыі «Чырвоная зьмена».

Некалькі дзіўным і не зусім зразумелым зьяўляецца і такі факт. Прымаючы да друку выступленьне С. Забродскай, супрацоўнікі газэты «Звязда» не сказалі ёй, што рэцэнзія ўсё ж існуе, хоць ведалі пра гэта. Калі б С. Забродская мела патрэбную інфармацыю, яна, напэўна, устрымалася б ад выступленьня ў газэце. Але яе выступленьне надрукавалі — і эфэкт атрымаўся «вялікі». Толькі ці да месца нават самы маленькі лоўчы азарт у такіх справах?

Вельмі істотным упушчэньнем у камэнтарах А. Лукашука «Роздум замест эпілёгу» зьяўляецца, на мой погляд, тое, што ён нідзе не гаворыць, што погляды і ацэнкі, выказаныя ў закрытай рэцэнзіі В. Барысенкі, былі агульнапрынятымі ў друку 30-х гадоў і адлюстроўвалі афіцыйную лінію савецкіх і партыйных органаў. Сапраўды, у рэцэнзіі згадваюцца з адмоўным значэньнем прозьвішчы Д. Прышчэпава і А. Баліцкага, але ж вядома, што гэтыя прозьвішчы хаяліся ва ўсім друку ўжо з канца 20-х гадоў. З камэнтароў жа А. Лукашука можна зрабіць вывад, што ініцыятыва ў нападках на Д. Прышчэпава і А. Баліцкага належала В. Барысенку. І Д. Прышчэпаў, і А. Баліцкі былі ўжо даўно арыштаваныя і на ўсю моц працавала ўжо магутная сыстэма падаўленьня ўсяго сумленнага, цьвяроза-рэалістычнага, мудрага, самастойна мыслячага, што было ў народзе. Немагчымай стала і сумленная ацэнка сучасных людзей. Навошта гуляць у хованкі: не В. Барысенка і нават ня першы сакратар ЦК КПБ вызначаў тады, як характарызаваць дзейнасьць Д. Прышчэпава. Тут усё ўжо было прадвызначана. Не згадаць пра гэта — значыць у нейкай ступені адступіць ад праўды жыцьця і гісторыі. Супрацоўнікі «Звязды» не захацелі нават заглянуць у БелСЭ, дзе прозьвішчы Д. Прышчэпава і А. Баліцкага нават ня згадваюцца. А гэта ж нядаўні час, 70-я гады. Няўжо і ў гэтым вінаваты В. Барысенка?

У той час ніхто ня мог пісаць станоўча таксама пра К. Каліноўскага і А. Гаруна, бо афіцыйная ацэнка іх грамадзкай і літаратурнай дзейнасьці была рэзка адмоўная.

Але недастаткова аб'ектыўнае асьвятленьне асобы В. Барысенкі ў матэрыялах, зьмешчаных у газэце «Звязда», выявілася ня толькі ў тым, што ў іх не даецца характарыстыка агульнага фону ідэйнага і духоўнага жыцьця сярэдзіны 30-х гадоў. Справа яшчэ ў тым, што А. Лукашук зусім не гаворыць, якім быў і як паводзіў сябе В. Барысенка пасьля XX зьезду КПСС. Аўтар камэнтароў не захацеў нічога высьвятляць па лініі пазьнейшых грамадзянскіх паводзін В. Барысенкі. А гэта надзвычай важна. Як вядома, у сьвятле палітыкі і ідэалогіі XX зьезду партыі зусім неаднолькава глядзіцца, прыкладам, грамадзянскае і маральнае аблічча з аднаго боку М. Хрушчова і А. Мікаяна, а з другога — Л. Кагановіча, Г. Малянкова і В. Молатава. Што датычыць асобы В. Барысенкі, то ўсе, хто ведаў яго і працаваў разам зь ім, могуць засведчыць, што ён зь вялікай радасцю ўспрыняў ідэі XX зьезду КПСС, шчыра вітаў усе перамены ў эканамічным, сацыяльным і культурным жыцьці краіны і — што самае галоўнае — сам працаваў мэтанакіравана і актыўна ў духу новага часу. Будучы доўгі час, да 1973 году, на пасадзе дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, ён сьмела і рашуча падтрымліваў сумленныя навуковыя пошукі супрацоўнікаў, шмат зрабіў, каб ў Інстытуце літаратуры і ва ўсім беларускім літаратуразнаўстве панавала здаровая маральная атмасфэра, якая садзейнічала б разьвіцьцю самастойнай думкі, непрыняцьцю вульгарна-сацыялягічных спрашчэньняў у літаратуразнаўчых ацэнках.

Гэта ён у пачатку 60-х гадоў публічна сказаў тагачаснаму сакратару ЦК КПБ па ідэалёгіі, які любіў каманду ў культурнай палітыцы: «Вы ідзеце да перамен, як Швэйк на фронт». Прызнаем, што нават сёньня ня кожны самы шчыры прыхільнік перабудовы асьмеліцца на такое. Для нас сёньня павінна быць вельмі важна, што В. Барысенка быў чалавекам, які ўсьведамляў свае памылкі і імкнуўся калі ня выправіць іх, то, прынамсі, не паўтарыць.

Так, В. Барысенка ў 30-я гады разам зь іншымі літаратуразнаўцамі даваў несправядлівыя, ідэйна скажоныя ацэнкі дзейнасьці і творчасьці К. Каліноўскага, А. Гаруна і М. Гарэцкага. Але ён пазьней рашуча адмовіўся ад гэтых ацэнак. І гэта шмат гаворыць у яго карысьць. У «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), якая стваралася пры яго творчым удзеле і пад яго навуковым кіраўніцтвам, дзейнасьць і творчасьць К. Каліноўскага, А. Гаруна і М. Гарэцкага ацэнена зусім інакш. Пра М. Гарэцкага ў «Гісторыі…» зьмешчаны асобны разьдзел, у якім у адрас пісьменьніка справядліва не сказана ўжо ніводнага самага бяскрыўднага крытычнага слова. Асобны артыкул аб'ектыўнага зьместу быў падрыхтаваны тады і пра творчасьць А. Гаруна, але ён ня быў зьмешчаны ў «Гісторыі…» па прычыне, якая не залежала ад жаданьня В. Барысенкі.

1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 39
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)