За кiпучай чэкiсцкай работай
- Автор: Лукашук Аляксандар
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:
Зрабілі яшчэ некалькі крокаў і раптам начальнік канвою падае каманду: «Стой!» У 1946 бацька расказваў, што ў яго ад гэтай каманды сэрца як абарвалася. Камандзір зьвярнуўся да калёны:
— Я атрымаў загад расстраляць вас як ворагаў народу. Аднак адчуў шчырасць і разгубленасьць вашых размоваў. Ня верыцца мне, што вы — ворагі. Таму ідзіце да нашых, на ўсход…
Усю вайну бацька быў на фронце, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, мэдалямі. Пасьля вайны бацька часта ўспамінаў таго малодшага лейтэнанта, які захаваў жыцьцё яму і некалькім дзясяткам іншых зьняволеных.
Гараваў, што ня ведаў ягонага прозьвішча, каб нізка пакланіцца яму ў ногі…
А паклёпнік Барысенка? Яго стараньні былі кім трэба ацэненыя, ён хутка ўзьляцеў у гару і да сваіх апошніх дзён займаў высокую кіраўнічую пасаду ў беларускай літаратуразнаўчай навуцы. Быў на вышыні да самай сьмерці ў 1984 годзе, калі яму споўнілася 80 гадоў.
Вячаслаў Мазур
Ад аўтара
Так заканчваўся гэты, адзін з многіх водгукаў на публікацыю гутаркі «Узяць з гісторыі агонь». Ён меў працяг. Пасьля папераджальнага званка ад дырэктара Інстытуту літаратуры В. Каваленкі з абвяржэньнем прыйшла супрацоўніца інстытуту, дачка В. Барысенкі С. Забродская. Пасьля праверкі, перапіскі з архівамі была надрукаваная падборка матэрыялаў, якую адкрываў ліст С. Забродскай. Пулікацыя называлася
«Закрытая» рэцэнзія
«Звязда», 31 ліпеня 1988 г.
…Мой бацька, акадэмік АН БССР В. В. Барысенка, абвінавачваецца ў «ачарненьні» М. Гарэцкага і Я. Коласа і сцвярджаецца, што «пісаніна Барысенкі адыграла не апошнюю ролю ў зьнішчэньні выдатнага беларускага літаратара і народнага песьняра». Сапраўды, В. В. Барысенка ў 1936 г. рэзка пісаў пра творчасьць М. Гарэцкага, дапускаючы ідэйна-палітычныя абвінавачаньні, і, вядома ж, памыляўся.
Але пісаў ён пасьля таго, як М. Гарэцкі быў ужо рэпрэсаваны. Такая акалічнасьць не апраўдвае майго бацьку, але сказаць, як гэта робіць У. Мазур, што яго артыкул непасрэдна дачыніўся да гібелі М. Гарэцкага, будзе няпраўдай. Тады, на жаль, пра М. Гарэцкага ў такім духу пісалі многія.
Адносна ж Якуба Коласа У. Мазур зусім ня мае рацыі ў сваіх абвінавачаньнях, кідаецца ў вочы іх бяздоказнасьць, бо няма ніводнай спасылкі ні на дакумэнты, ні на друкаваныя матэрыялы. Калі б так было на самой справе, як піша У. Мазур, то ў майго бацькі не ўстанавілася б добрых дзелавых і прыязных асабістых адносін зь віцэ-прэзыдэнтам АН БССР Я. Коласам, калі бацька працаваў шмат гадоў у падначаленьні Я. Коласа на пасадзе дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР…
Прычынай усіх трагічных падзеяў у жыцьці бацькі У. Мазур лічыць рэцэнзію, якую «сфабрыкаваў» В. Барысенка, але спасылкі на рэцэнзію няма, не сказана, па якіх фактах можна меркаваць, што такая рэцэнзія існавала наогул.
У. Мазур вядзе размову пра вельмі горкія і трагічныя факты ў жыцьці народа і канкрэтных людзей і таму фактычная дакладная доказнасьць мае маральную ацэнку. Бяздоказнасьць абвінавачаньняў і безапэляцыйны тон выказвання аўтара нататкі непрыемна ўражваюць. Зварот жа да канкрэтных крыніц, на якія ўказвае У. Мазур, фактычна пацвярджае безадказнасьць У. Мазура ў асвятленьні падзеяў, пра якія ён узяўся разважаць. Ён нават не паклапаціўся праверыць гэтыя крыніцы.
Сапраўды, хрэстаматыя «Чырвоная зьмена», падрыхтаваная М. Калінічэнкай і І. Мазурам, выйшла ў Менску ў 1925 г. З 1925 па 1930 гг. яна была перавыдадзеная 8 разоў. Але артыкула аб тубэркулёзе, за які быццам зьведалі такія цяжкія спагнаньні ўкладальнікі, ні ў адным выданні гэтага падручніка ніколі не было. Як ніколі не было і рэцэнзіі В. Барысенкі на гэтую кнігу. І гэта зразумела: наогул ці варта пісаць рэцэнзію на падручнік праз шэсьць гадоў пасьля яго апошняга, восьмага перавыдання?!
На хрэстаматыю «Чырвоная зьмена» былі напісаныя тры рэцэнзіі. Адна зь іх («Звязда», 14 жніўня 1929 г.) — рэзка адмоўная. Аўтар, В. Хмялеўская, ставіла пытанне аб карэнным пераглядзе падручніка, сумнявалася ў карысьці яго для вучняў, патрабавала выпраўлення грубых памылак. Артыкул аб тубэркулёзе, які ў якасьці прыкладу «характару» рэцэнзіі В. Барысенкі на хрэстаматыю «Чырвоная зьмена» прыводзіць У. Мазур, змешчаны ў другой хрэстаматыі. Але склалі яе І. Мазур і К. Шапялевіч. Гэта чытанка для 3-га году навучання «Чырвоная Беларусь». Выдавалася ў Менску ў 1925, 1927, 1928, 1929 гг.
У выданнях 1925, 1927 гг. гэтай кнігі ў канцы артыкула аб тубэркулёзе прыводзяцца дзьве параўнальныя табліцы. У адной прыводзіцца лік хворых на сухоты ў БССР на кожную 1000 насельніцтва ў 1923 і 1924 гг. у гарадах і вясковых мясцовасцях. У другой табліцы Беларусь параўноўваецца зь Фінляндыяй, Нямеччынай і Англіяй. Параўнанняў з Украінай і Францыяй, як і ніякіх тлумачэньняў аб прычыне значна большага распаўсюджвання тубэркулёзу ў Беларусі, як сцвярджае У. Мазур, у падручніку няма. Табліцы зьмешчаныя толькі ў двух выданнях — 1925 і 1927 гг. У астатніх табліцы ўжо адсутнічаюць.
Такім чынам, па сцвярджэнню У. Мазура, В. Барысенка напісаў рэцэнзію ў 1936 годзе на выданне падручніка «Чырвоная Беларусь» 1925 або 1927 гг. нягледзячы на тое, што ён перавыдаваўся і ў 1928 і ў 1929 гг. перагледжаным і папраўленым?! А пасьля рэцэнзіі В. Барысенкі, быццам бы, М. Калінічэнку асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня, хоць яна ніякага дачынення да хрэстаматыі «Чырвоная Беларусь» ніколі ня мела. Дарэчы, другі складальнік «Чырвонай Беларусі» К. Шапялевіч працягваў выдаваць падручнікі аж да 1963 г.
Час патрабуе аб'ектыўна ўзнавіць трагічныя падзеі 30-х гадоў, назваць сваімі імёнамі высакароднасць і подласць.
Але нельга пры гэтым карыстацца неправеранымі нагаворамі і недабразычлівымі чуткамі, бо гэта абражае само пачуццё высакародзтва. Вядома, В. В. Барысенка быў чалавекам свайго часу, яго крытычнай творчасьці ўласцівыя пэўныя недахопы і ўпушчэньні, абумоўленыя характарам гэтага часу. Але перакананая: няма правоў у У. Мазура, дацэнта, заслужанага работніка вышэйшай школы БССР, члена КПСС з 1945 г., вэтэрана Айчыннай вайны падаваць факты ў скажоным выглядзе, беспадстаўна публічна зьневажаць і вінаваціць В. В. Барысенку ў паклёпніцтве, які, як і бацька У. Мазура, якому я спачуваю за перажытыя пакуты, з самага пачатку Вялікай Айчынай вайны і да яе канца знаходзіўся на фронце, быў паранены, узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчынай вайны ІІ ступені, мэдалямі.
С. Забродская, супрацоўнік Інстытуту
літаратуры імя Я. Купалы АН БССР
Ад рэдакцыі. Як паказала праверка, С. Забродская мае рацыю, сцвярджаючы, што рэцэнзія В. Барысенкі на творы І. Мазура нідзе не была апублікаваная. Гэта была так званая закрытая рэцэнзія, якая ішла мэтавым прызначэннем у пэрсанальную альбо крымінальную (каму як пашанцуе) справу.
Закрыты — ад магчымага абвяржэння, асуджэння з боку сумленных калег і знаёмых, нават дзяцей, — рэцэнзэнт добра ведаў, што патрабавалася даказаць і мог не абцяжарваць сябе пошукам ісьціны.
Многія падобным закрытым спосабам ня толькі ўратавалі свае жыцьці, але і зрабілі службовую, навуковую кар'еру, трапілі ў энцыкляпэдыі і хрэстаматыі…
Публічнасьць сапраўды патрабуе дакладнасьці і доказнасьці. Што ж, адкрыем раней надзейна закрытае.
Чытачы самі змогуць зрабіць вывады, пазнаёміўшыся сёння з тэкстам рэцэнзіі В. Барысенкі (друкуем яе зь некаторымі скарачэньнямі), якую рэдакцыя атрымала з Цэнтральнага партыйнага архіву Інстытуту марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС.
Рэцэнзія
на чытанку «Чырвоная зьмена» для другога году навучання і на чытанку «Чырвоная Беларусь» для трэцяга году навучаньня 1925 году выпуску, укладальнікі І. Мазур, М. Калінічэнка.
…Асноўная частка мастацкага матэрыялу па сваёй тэматыцы зьвязаная з паказам вёскі. Сялянства бярэцца як нешта цэлае, адзінае і падаецца без канкрэтнай класавай дыферэнцыяцыі. У чытанцы ніводнага разу не ўпамінаецца слова «кулак», не паказваецца вобраз кулака як драпежніка.