За кiпучай чэкiсцкай работай
- Автор: Лукашук Аляксандар
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:
С. Забродская абвяргае сьцьвярджэньні У. Мазура аб тым, што «пісаніна Барысенкі адыграла не апошнюю ролю ў зьнішчэньні М. Гарэцкага і ганеньнях на Я. Коласа» як цалкам беспадстаўнае. Гэта ня так. Творы Купалы і Коласа «прасякнутыя ідэямі нацыяналізму і ўпадніцтва», «Колас ідэалізуе моцную кулацкую гаспадарку і ўласнасьць наогул», «выступае як дробнабуржуазны пісьменнік»… Такіх і падобных ацэнак творчасьці песьняра розных пэрыядаў нямала ў артыкулах В. Барысенкі (гл. Беларуская савецкая літаратура. Літаратурная хрэстаматыя для ІХ і Х класаў. Менск, 1935; часопіс «Полымя рэвалюцыі» № 2–3, 1933 г. і інш.).
А што датычыць М. Гарэцкага… Можна, аказваецца, і ў 1988 годзе спрабаваць дзяліць маральнасьць на дзьве часткі: адна да арышту, другая пасьля. Але народная мараль ва ўсе часы сьцьвярджала: ляжачага ня б'юць. Тым больш — хеўрай. М. Гарэцкі, як вядома, загінуў у 1939 годзе і палітычныя абвінавачаньні ў ягоны адрас, зь якімі В. Барысенка выступаў у друку з 1936 году, мякка кажучы, не спрыялі выратаваньню пісьменьніка. У 1937 годзе, знаходзячыся ў ссылцы, ён быў асуджаны яшчэ раз і пайшоў на катаргу…
Гэткі ж лёс напаткаў Прышчэпава і Баліцкага. Прышчэпаў у жніўні 1937 г., пасьля датэрміновага вызвалення, быў паўторна арыштаваны «з-за зноў адкрыўшыхся акалічнасьцяў», этапаваны з Магадана ў Менск і ў лістападзе 1939 г. асуджаны да расстрэлу. Прысуд не прывялі ў выкананне з-за сьмерці асуджанага. У справе Баліцкага 25.09.37 г. таксама «адкрыліся новыя акалічнасці» і пасьля катаваньняў (сьледзтва вёў опэрупаўнаважаны НКВД Быхоўскі, сам у 1939 годзе асуджаны за зьдзекі над вязьнямі) 30 лістапада 1937 г. ён быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны на наступны дзень. Зусім магчыма, нечыя «закрытыя» сьведчаньні дапамаглі «адкрываць новыя акалічнасці»…
…Мы ведаем — будучыня за праўдай. І ў нас павінна хапіць сіл, мужнасьці і мудрасьці не адвярнуцца, не адступіць у пошуку ісціны, якой бы трагічнай, балючай для нас асабіста яна ні была. Узіраючыся ў дзень учарашні, мы задаём сабе самае надзённае пытаньне: як жыць сёньня?
Гісторыя адказвае: жыць так, каб не было сорамна ні перад бацькамі і дзядамі, якія зрабілі рэвалюцыю і перамаглі фашызм, ні перад уласнымі дзецьмі і ўнукамі.
А. Лукашук «Звязда»,
31 ліпеня 1988 г.
Ад аўтара
Гэтая публікацыя ледзь не сарвалася па маёй уласнай віне. Якраз напярэдадні яе выхаду ў сьвет я ўдзельнічаў у нарадзе журналістаў, якую праводзіў загадчык ідэалагічнага аддзелу ЦК КПБ С. Паўлаў, вядомы жандар беларускай прэсы. Адзін з запрошаных, рэдактар маладзёжнай газэты, хвастаў, як ён выкрыў антысавецкаю правакацыю. Да яго зьвярнуўся хлопчык, які зь сябрамі цікавіўся жыцьцём паўночнаамэрыканскіх індзейцаў, і папрасіў расказаць пра іх групу ў газэце — яны хочуць аб'яднацца з аднадумцамі, перапісвацца з індзейцамі, расказваць пра гэта ў прэсе.
— Разумееце, што атрымліваецца, — наліваўся голас прамоўцы радаснай урачыстасцю, — гэта ж яны хацелі працягнуць меркаваньне, што Беларусь таксама рэзэрвацыя!..
Мяне як шылам ткнулі, настолькі дакладна ход думкі пільнага газэтчыка паўтараў абвінаваўчую мэтадалёгію Барысенкі. Я ўстаў і пачаў з гэтай жахлівай аднатыпнасці мыслення, згадаў падрыхтаваную да друку рэцэнзію Барысенкі, а калі загаварыў пра дэсталінізацыю сьвядомасьці, партідэоляг стаў перабіваць, я агрызацца і справа скончылася скандалам з крыкамі і пагрозамі. (Адзіны з паўсотні калег, хто паспрабаваў тады суцішыць партыйнага хама, што ўвайшоў у звыклы разносны рэж, быў Генадзь Бураўкін, тагачасны старшыня Дзяржтэлерадыё.)
Тым ня менш публікацыя выйшла. Пытаньне «як жыць?» у перадапошнім сказе майго камэнтару было пастаўлена правільна. А вось адказ добра сведчыць, якая блытаніна яшчэ была тады ў галаве, як, дарэчы, і навокал. Рэабілітацыя ахвяраў ішла пад кіраўніцтвам КПСС, прафесійныя атэісты праводзілі магічныя апэрацыі з душамі забітых і аднаўлялі іх у партыі, а грамадзтва рукапляскала і вярталася «наперад да Леніна».
Праз год пасьля публікацыі «Закрытай рэцэнзіі» высветлілася, што я памыляўся ня толькі з адказам «як жыць», але і з заключным словам як жанрам — да эпілёгу ў справе Барысенкі было яшчэ далёка. 1 верасня 1989 году газэта «Літаратура і мастацтва» зьмясьціла артыкул Віктара Каваленка прысвечаны В. Барысенку і маёй публікацыі.
Дзе віна, дзе бяда…
Перадавых людзей краіны радуе, што інтэнсіўна паглыбляюцца працэсы перабудовы. Дэмакратызацыя вядзе да зьмены палітычных структур, што абяцае фармаваньне новага, сапраўды гуманістычнага аблічча сацыялізму. Ідзе барацьба за новую сацыялістычную якасьць народнай сьвядомасьці. З гэтай мэтай сёньня строга «дапытваецца» мінулае, высвятляюцца абставіны і шляхі, якія прывялі да трагедыі сталінізму. Крывавая рэпрэсіўная сістэма жорстка ламала чалавечыя лёсы, асуджала мільёны людзей на пакуты і зьдзек.
І зусім зразумела, што каб разабрацца ў сацыяльнай, ідэйнай і маральнай сутнасьці падзеяў таго часу, патрэбен іх аб'ектыўны і глыбокі аналіз. І ў гэтай надзвычай важнай і адказнай справе ня можа быць дробязяў, бо самі факты мінулага яшчэ крывавяць трагічнай памяцьцю, будзяць вострыя ўспаміны пра перажытае. Тут пасьпешлівасьць ці недастаткова пільная ўвага да сукупнасьці ўсіх фактаў больш чым шкодная. У дадзеным выпадку, як ні пры якай, бадай, іншай нагодзе, праўда мае адкрыта маральнае і палітычнае выяўленьне.
Рэспубліканскім друкам усьлед за ўсесаюзным прароблена немалая праца па факталягічным і маральна-палітычным узнаўленьні праўды страшнага мінулага.
27 сакавіка 1988 году газэта «Звязда» зьмясьціла допіс заслужанага работніка вышэйшай школы БССР У. Мазура «Помню высакароднасць, помню подласць», у якім ён згадваў пра лёс свайго бацькі І. Мазура, рэпрэсаванага ў гады сталінскага беззаконьня. Згадваў, вядома, з апраўданым гневам і абурэньнем, імкнучыся знайсьці адказы на трывожныя, няясныя пытаньні: як такое магло здарыцца і хто вінаваты?
У масавых людзкіх трагедыях пэрыяду культу асобы, як гэта цяпер усім вядома, ёсьць канкрэтныя віноўнікі, акрамя І. Сталіна. Іх імёны ўсё шырэй і шырэй называюцца ў друку, што заканамерна. Аднак тут несумненна патрабуюцца асьцярожнасьць, дакладнасьць, строгі індывідуальны падыход і вычарпальная ацэнка, пільная ўзважанасць усіх фактаў, бо інакш можна выклікаць новую несправядлівасьць і жорсткасьць.
Асаблівасьць выступленьня У. Мазура таксама ў тым, што ён робіць спробу знайсьці канкрэтных віноўнікаў няшчасця сваёй сям'і. У допісе такім канкрэтным віноўнікам называецца літаратуразнаўца і крытык В. Барысенка, пазьней акадэмік АН БССР, які шмат гадоў, у тым ліку і пасьля XX зьезду КПСС, займаў пасаду дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы. Прычым, у допісе У. Мазура прама гаворыцца, што В. Барысенка атрымаў высокія званьні за беспрынцыпную палітычную пазыцыю ў 30-х гадах, за напісаньне рэцэнзіі зь несправядлівымі палітычнымі абвінавачаньнямі аўтараў хрэстаматыі «Чырвоная зьмена» І. Мазура і М. Калінічэнкі.
Пасьля публікацыі У. Мазура «Помню высакароднасць, помню подласць» у «Звяздзе» ад 31 ліпеня 1988 году выступіла дачка Барысенкі С. Забродская, якая пісала, што абвінавачаньні супраць яе бацькі перабольшаныя і што згаданай У. Мазурам рэцэнзіі не існуе. Аказалася, што рэцэнзія была «закрытай» і таму ў друку не зьяўлялася. Гэтую рэцэнзію ў скарочаным варыянце газэта апублікавала ў тым жа нумары з камэнтарамі А. Лукашука, які адназначна і безагаворачна падтрымаў непасрэдную вінаватасьць В. Барысенкі ў рэпрэсіях супраць І. Мазура, М. Калінічэнкі, а таксама — Д. Прышчэпава, A. Баліцкага і іншых.
Азнаямленьне з гэтымі матэрыяламі адносна асобы B. Барысенкі не пераканалі мяне ў дастатковай аб'ектыўнасці вывадаў, зробленых на іх падставе. На маю думку, у дадзеным выпадку патрэбны больш глыбокі і акуратны аналіз сітуацыі і больш уважлівы ўлік фактаў, зьвязаных зь біяграфіяй В. Барысенкі.
Вядома, В. Барысенка вінаваты перш за ўсё ў тым, што ён напісаў такую рэцэнзію, незалежна ад таго, шчыра ён памыляўся ці ня шчыра. Гэта бясспрэчна падрывае яго аўтарытэт як чалавека і вучонага, далучае да тых сіл, якія ў часы культу асобы Сталіна тварылі беззаконьне. Можна дапусьціць таксама, што закрытая рэцэнзія В. Барысенкі магла быць выкарыстаная некім для ўзмацнення рэпрэсіўных акцыяў супраць канкрэтных людзей. Але ня будзем забывацца ў такім выпадку, што гэта ўсяго толькі наша меркаваньне, толькі дапушчэньне. Пакуль што няма рэальных фактаў, якія дазвалялі б прасачыць уплыў рэцэнзіі на трагічны лёс канкрэтных людзей. Вядома, заўсёды можна сказаць, што яна для такой мэты і пісалася. Але гэта будзе абстрактная пасылка, бо застануцца многія супярэчнасці, фактычныя несупадзеньні. Прынамсі, адкрытых заклікаў да расправы з кім-небудзь у рэцэнзіі няма.