За кiпучай чэкiсцкай работай
- Автор: Лукашук Аляксандар
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:
Выбар быў. І ёсьць, і будзе. Адмаўляць яго — значыць адмаўляць тых, хто выступаў супраць сталінскіх парадкаў, ня здрадзіў сабе, захаваў годнасьць і трапіў у Курапаты; тых, хто расплочваўся за сумленнасьць дзесяцігодзьдзямі чорнай работы на лесапавалах і ў шахтах; тых, нарэшце, хто выбраў немату, якая спапяляла ўнутры… Правамернай бачыцца і мяжа паміж тымі, хто падпісаў несправядлівыя паказаньні ў няволі, і тымі, хто страціў чалавечае аблічча і рабіў кар'еру, займаючы месцы таленавітых, здольных, сумленных.
Міф аб усеагульным удзеле ў злачынствах (як і аб роўнай адказнасьці) — абразьлівы і зьдзеклівы. Хоць гнюсная сіла маральных вырадкаў узрасла пры Сталіне ў шмат разоў — не яны вызначалі духоўнае аблічча народа. І калі мы ганебна мала ведаем пра супраціў сталіншчыне, яго формы, яго пакутнікаў і герояў, дык гэта таму, што тыран іх баяўся і ненавідзеў. Яны, іх дзеці гінулі першымі.
«Асцярожнасць, дакладнасьць, строгі індывідуальны падыход…» — пералічвае В. Каваленка свае патрабаваньні да гістарычнага рассьледаваньня і ўжывае ў адносінах да Барысенкі падыход самы што ні ёсьць масавы, настойліва падкрэсліваючы, што у сваіх паводзінах той ня быў адзінокі. «Разам зь іншымі літаратуразнаўцамі і крытыкамі даваў несправядлівыя, ідэйна скажоныя ацэнкі… Незаслужана асуджаў, як і многія тагачасныя крытыкі і пісьменьнікі…» і да т. п. Па-першае, масавасьць гвалту над ісьцінай не здымае асабістай адказнасьці з вучонага (калі ён вучоны). Па-другое — не было адно толькі «многіх іншых».
Пад час расправы з сотнямі вучоных, пісьменьнікаў права «караць і мілаваць» манапалізавала пэўная група, у якую ўваходзілі Барысенка, Бранштэйн, Бэндэ, Вольскі, Канакоцін, Клімковіч, Кучар, Модаль… Іх ацэнкі рабілі «надвор'е», зь іх ліку сьледчыя выбіралі аўтараў рэцэнзіяў-прысудаў.
Ня варта, і тут можна пагадзіцца з В. Каваленкам, перабольшваць ролю гэтых асобаў. Яны нярэдка толькі паслухмяна выконвалі волю іншых. Аднак нельга і прымяншаць, бо гэта была роля памагатых катаў. І дацэнт Барысенка выступаў у ролі не проста «аднаго з многіх» падручных. Подпіс дэкана літаратурнага факультэта Менскага педінстытуту (з 1932 г.), дырэктара Інстытуту літаратуры і мовы (з верасьня 1937 г.) важыў больш, чым меркаваньне «неаступененага» крытыка без высокай пасады.
Дацэнта пабойваліся нават калегі па заплечнаму літаратуразнаўству: 30 чэрвеня 1937-га ў «Ліме» з'явіўся яго артыкул «Вораг пад маскай крытыка», прысвечаны член-карэспандэнту АН БССР Я. Бранштэйну. Той быў арыштаваны і праз год, у маі 1938-га, растраляны. З цягам часу, пакуль паплечнікі зыходзілі са сцэны, аўтарытэт Барысенкі ўзрос настолькі, што яго пільныя выступленні, як сведчыць у манаграфіі «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20–30 гады» М. Мушынскі, ўспрымаліся як кіраўніцтва да дзеяння нават такімі катамі беларускай літаратуры, як Бэндэ!..
У 1971 годзе, у «Весцях АН БССР», віншуючы акадэміка з 75-годдзем, В. Каваленка сцвярджаў, што «ўжо ў даваенны час склалася творчае аблічча В. В. Барысенкі як вучонага-літаратара… Валодаючы глыбокімі ведамі, вострым пачуцьцём ісціны, вялікімі творчымі здольнасцямі, цьвёрдай ідэйнай перакананасьцю, Васіль Васілевіч шмат зрабіў для выпрацоўкі правільнай генеральнай лініі беларускай літаратурнай навукі і крытыкі.»
Зараз у «Ліме» В. Каваленка запэўнівае, што будучы акадэмік пры гэтым адчуваў сябе «моташна і невыносна». Няйначай, «вострае пачуцьцё ісціны» вінаватае, што ў вясёлым жанры крытычнай стральбы па бездапаможных жывых мішэнях два згаданыя далікатныя перажываньні праяўляліся як азарт варашылаўскага стралка ў спалучэнні з учэпістасьцю яжоўскага сьледчага.
Вялікія творчыя здольнасьці ў выпрацоўцы генеральнай лініі Барысенка прадэманстраваў ужо ў першай сваёй значнай працы «Нацдэмаўская літаратуразнаўчая метадалогія М. Гарэцкага». Вось некалькі фраз з адной толькі старонкі (з 39 падобных):
«М. Гарэцкі, адзін з найбольш відных нацдэмаў, добра вядомы сваёй шкодніцкай контррэвалюцыйнай дзейнасьцю… зьяўляецца найбольш яркім і тыповым прадстаўніком буржуазнага літаратуразнаўства на Беларусі. Робячы стаўку на адрыў Савецкай Беларусі ад саюзу сацыялістычных рэспублік, робячы стаўку на рэстаўрацыю капіталізму ў нашай краіне, на ператварэньне яе ў калёнію імпэрыялістычных дзяржаваў, нацдэмы… праводзілі шкодніцкую дзейнасьць, накіраваную на падрыхтоўку інтэрвэнцыі, на ўмацаваньне і ўзмацненьне кулацтва… Уся гэтая тэарэтычная і практычная дзейнасьць М. Гарэцкага падпарадкаваная задачам рэалізацыі вышэйазначаных мной палітычных установак беларускага контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму».
Нават кароткі ланцуг тагачасных палітычных установак кан'юнктурнае літаратуразнаўства ў асобах асабліва верных служак рабіла яшчэ карацейшым, больш задушлівым. У якасьці камэнтара да працытаванага ўрыўку можна паўтарыць радкі з леташняй публікацыі «Звязды»:
«М. Гарэцкі, як вядома, загінуў у 1939 годзе, і палітычныя абвінавачаньні, зь якімі В. Барысенка выступаў у друку з 1936 году, мякка кажучы, не спрыялі выратаванню пісьменьніка. У 1937 годзе, у ссылцы, ён быў асуджаны яшчэ раз і пайшоў на катаргу…»
В. Каваленка папракае аўтара гэтых радкоў у тым, што не захацеў нічога высьвятляць пра далейшыя грамадзянскія паводзіны Барысенкі. Можа, В. Каваленка вядзе размову пра пасьляваенныя выступленні Барысенкі з красамоўнымі назвамі «Шкодны дакумэнт (аб нацыяналістычных скажэньнях у праграмах па беларускай літаратуры для ВНУ)»; «Супраць нізкапаклонства перад буржуазнай культурай»; «Супраць касмапалітызму ў літаратуразнаўстве» і да т. п.? Не. Гаворка ідзе пра паводзіны пасьля XX зьезду партыі.
Тут — другі прынцыповы пункт апоры публікацыі «Дзе віна, дзе бяда…» «Для нас сёньня павінна быць вельмі важна, — указвае В. Каваленка, — што В. Барысенка быў чалавекам, які ўсьведамляў свае памылкі і імкнуўся калі ня выправіць іх, то, прынамсі, не паўтарыць».
Дапусьцім, неяк удасца заплюшчыць вочы на зьніжэньне маральнага крытэрыю да такой ступені, што лічыцца ўжо нармальным не выпраўляць уласныя «памылкі» (нармалёвы сынонім для плённай працы прафэсара на НКВД, праўда?). Але ж празь некалькі абзацаў В. Каваленка сам аўтарытэтна сьведчыць, што і пасьля XX зьезду Васіль Васілевіч застаўся верны сваёй генэральнай лініі — «традыцыям фальшывых установак, стэрэатыпных прадпісаньняў, дагматычных захапленьняў, неапраўданых кан'юнктурных адрачэньняў». (Далібог, сынаніміка В. Каваленкі сапраўды захапляе, асабліва дагмат пра «неапраўданыя кан'юнктурныя адрачэнні» — гэта ці не адмову ад роднага брата і зьмену прозьвішча мае на ўвазе аўтар? Хоць не, гаворка ж пра пасьлязьездаўскія часы, значыць, намёк тут на нейкую іншую здраду.) В. Каваленка сам расшыфроўвае некаторыя захапленьні Барысенкі пасьля XX зьезду: асуджаў творчасьць В. Быкава, выступаў з нападкамі на Б. Пастарнака, «памыляўся» ў кадравай палітыцы.
Чаго В. Каваленку не хапае ў гэтым паслужным сьпісе? Удзелу ў фізычным зьнішчэньні іншадумцаў? Дык з ідэямі XX зьезду распраўляліся параўнальна бяскроўна. На сваёй дзялянцы дырэктар Інстытуту літаратуры не пускаў (ці не хадайнічаў, каб пусьцілі) заняць свае законныя месцы ў духоўнай спадчыне З. Астапенку, М. Багуна, С. Баранавых, А. Вольнага, С. Дарожнага, В. Каваля, Л. Калюгу, Т. Кляшторнага, Ю. Лявоннага, В. Маракова, Б. Мікуліча, А. Мрыя, Р. Мурашку, Я. Нёманскага, В. Сташэўскага, Ю. Таўбіна, У. Хадыку, В. Шашалевіча… На дзесяцігодзьдзі была адтэрмінаваная рэабілітацыя «Нашай Нівы» — якраз на артыкулы Барысенкі спасылаліся Абэцэдарскі і іншыя магільшчыкі сапраўднай гісторыі. Пад арыштам трымалася і творчасьць клясыка нацыянальнай літаратуры Максіма Гарэцкага — на што ў дырэктара, верагодна, былі і асабістыя прычыны.
У 1957 годзе зьявілася манаграфія Барысенкі «Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя». Гэта адзіная кніга дырэктара, дзе на вокладцы няма прозьвішча суаўтара — хаця, на думку некаторых даследчыкаў, суаўтар існуе і тут. У аснове падыходу манаграфіі — ацэнка Францішка Багушэвіча ў «Гісторыі беларускай літаратуры» Максіма Гарэцкага. Той самай, якую Барысенка збэсьціў на пачатку «навуковай» дзейнасьці. Факт не застаўся незаўважаным, і ў 1958 годзе ў літаратурных колах стала вядомая эпіграма Сяргея Грахоўскага «Вучоны флюгер»: