За кiпучай чэкiсцкай работай
- Автор: Лукашук Аляксандар
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:
20 жніўня 1993 г. у «Ліме», у артыкуле «Таўро — касмапаліт. Гісторыя адной палітычнай кампаніі» У. Семянюк расказаў пра бясслаўную кампанію барацьбы з касмапалітызмам у канцы 40-х гадоў. І зноў замільгалі знаёмыя прозьвішчы пісьменьнікаў (тых і «нашых»).
Адбывалася такая кампанія на маёй памяці. У прыватнасці, 2 сакавіка 1949 г. у газэце «Сталинская молодежь» зьявіўся артыкул Ю. Пшыркова «До конца разоблачить критиков-космополитов!», дзе бескампрамісна выкрывалася шкоднае племя бязродных касмапалітаў і сярод іх — Лука Бэндэ і Леў Бараг.
Першы зь іх у той час страціў свой злавесны ўплыў, і яго можна было не баяцца. А другі? Я слухаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ягоныя лекцыі па фальклёры. Ня проста адказаць на пытаньне, што ў гэтых лекцыях больш прыцягвала — эрудыцыя выкладчыка ці натхненне. Яны арганічна спалучаліся. І ці ня той аўтарытэт, якім карыстаўся Леў Рыгоравіч, калоў у вочы некаторым ягоным менш адораным калегам на філфаку? Л. Барагу давялося разьвітацца з унівэрсытэтам.
Ці варта сёньня ўсіх пералічаных і іншых пісьменьнікаў так безапэляцыйна выкрэсліваць з гісторыі літаратуры за тагачасныя выступленьні ў друку і на сходах, за ўдзел у паляванні на ведзьмаў эпохі перамоглага сацыялізму? Тым больш, што многія зь іх і самі потым адпакутавалі за свае грахі. Хоць здаралася, што былі і слушныя выступленьні. Так, М. Ларчанка яшчэ да вайны пісаў пра беспрынцыпнасьць і хамэлеонства А. Кучара.
Ну, а цяпер пра тое, ці былі «пункты апоры» ў «рэальным жыцьці» ў 50–80 гады. Тут давядзецца спасылацца на факты і падзеі, сьведкам якіх я зьяўляўся сам. Знаў я Васіля Васілевіча з 1952 г., а працаваў у Інстытуце літаратуры зь лютага 1959 г. Вядома, як і кожны кіраўнік, ён мог камусьці ў нечым не дагадзіць. Але заўсёды там, дзе гэта было магчыма, ён абараняў сваіх супрацоўнікаў ад празьмерна пільных партыйных чыноўнікаў і ідэалягічных наглядчыкаў. І тут я паспрабую прывесці пару канкрэтных прыкладаў.
Неяк з рэкамэндацыі Н. Перкіна на работу ў інстытут трапіў філёзаф па адукацыі Л. Гаранін, які адразу ж паказаў добрую эрудыцыю. Аднак даволі хутка кампэтэнтныя органы паведамілі дырэктару, што новы навуковы супрацоўнік быў калісьці членам партыі, але за актыўны пратэст супраць расправы над удзельнікамі вэнгерскай рэвалюцыі 1956 г. быў выключаны з партыі і адсядзеў 5 гадоў. Вядома, для гэтых зьвестак у аўтабіяграфіі месца не хапіла.
Як успрыняў такую неардынарную інфармацыю В. Барысенка? Па ўсіх тагачасных нормах і традыцыях ён абавязаны быў бы зьняць з работы чалавека, які, паступаючы на працу ў ідэалягічны акадэмічны інстытут, схаваў пра сябе такія зьвесткі. І калі б Лявонція Якаўлевіча адправілі з Інстытуту, то ніякі суд, ніякі прафсаюз нават не спрабаваў бы заступіцца за яго. А ва ўсіх інстанцыях лічылася б, што В. Барысенка выканаў свой партыйны, грамадзянскі і патрыятычны доўг. Аднак на гэты раз ён даверу партыі не апраўдаў.
Звычайна В. Барысенка, вырашаючы нейкія справы, ня надта цікавіўся думкай сакратара партарганізацыі. Але пра тую навіну ён адразу паведаміў парторгу. Вырашылі разам — рабіць выгляд, быццам нічога ня здарылася. І толькі папярэдзілі самога Л. Гараніна, што з боку дырэкцыі яму нічога не пагражае. Н. Перкін, які даведаўся пра ўсё некалькі пазьней, таксама быў на баку Лявонція Якаўлевіча. Л. Гаранін і сёньня працуе ў інстытуце, і я спадзяюся, што ён не пакрыўдзіцца на мяне за маю інфармацыю.
Але гэта ня ўсё. У інстытуце завялося занадта многа ідэйнай «распусты». Партыйную лінію «крывілі» член партыі A. Мальдзіс, беспартыйны В. Каваленка. А былі ж яшчэ «нацыяналіст» М. Прашковіч, непакорлівы, непрыручлівы B. Зайцаў, якога перад гэтым звольнілі з працы ў Ленінградзкім унівэрсытэце.
Высокае-найвышэйшае начальства такога цярпець доўга не магло. І хоць акадэміку В. Барысенку ня так многа часу заставалася да сямідзесяцігадовага юбілею, але яго адправілі ў адстаўку. І адразу ж пад пэрсанальным кіраўніцтвам і наглядам сакратара парткаму АН БССР былі звольненыя з работы М. Прашковіч і В. Зайцаў.
Мне ўспамінаецца адно пасяджэньне бюро Аддзяленьня грамадзкіх навук АН БССР, на якім я выпадкова прысутнічаў. Адзін з членаў бюро, колішні партыйны функцыянэр, прапанаваў прыставіць да Інстытуту літаратуры афіцыйнага наглядчыка-кантралёра, каб не дапускаць больш скрыўлення партыйнае лініі. Супраць гэтага вельмі рэзка выступіў В. Барысенка, хоць ён і прызнаваў, што асобныя навуковыя супрацоўнікі дапускаюць ідэйныя памылкі. Самакрытыка была тады ў модзе.
В. Барысенка шмат гадоў працаваў дырэктарам Інстытуту літаратуры імя Я. Купалы. Ён сабраў працаздольны і кваліфікаваны калектыў, прыкладаючы шмат намаганьняў для таго, каб той калектыў не расколваўся ўнутранымі канфліктамі. Калі зьявілася ў друку чатырохтомная «Гісторыя беларускай літаратуры», у дырэктара была магчымасць вылучыць яе на Дзяржаўную прэмію. Але ён адмовіўся, бо ўсіх аўтараў уключыць у сьпіс ляўрэатаў ня мог бы. Выдзяляючы адных і абыходзячы другіх, унёс бы ў калектыў разлад. Перш за ўсё ляўрэацтва на гэтым этапе абмінула яго самога, хоць ён меў права на такое званьне ў першую чаргу.
Сёньня Васіля Васілевіча добрым словам у друку ўспамінаюць якраз тыя, каго найбольш у свой час публічна крытыкавалі за ідэйнае шкодніцтва. Калісьці А. Мальдзіс надрукаваў пра Барысенку ўспаміны пад загалоўкам «Як бацька вялікай сям'і». Загаловак зусім апраўданы, бо колішні шматгадовы дырэктар Інстытуту дбаў перш за ўсё аб тым, каб у калектыве заўсёды панавала атмасфэра ўзаемаразумення і ўзаемападтрымкі. А пра самога А. Мальдзіса калісьці аўтар адной ананімнай паэмы пісаў, што той сваімі публікацыямі «падарваў марксісцкі базіс».
Бясспрэчна, В. Барысенка ажыцьцяўляў партыйную лінію і ня мог дазволіць выпускаць пад грыфам Інстытуту ці ў падручніках нейкія недастаткова вывераныя ў ідэйных адносінах думкі або меркаваньні. Але надта ж наіўна гучыць абвінавачаньне ў тым, што ён не разглядаў у сваіх падручніках творчасьці таго ці іншага клясыка літаратуры.
Такія справы залежалі не ад пажаданняў нейкага навукоўца хоць бы з найвышэйшымі званьнямі, вырашаліся яны не ў Інстытутах літаратуры або пэдагогікі, не ў Міністэрстве асьветы і нават не на ўзроўні загадчыкаў адпаведных аддзелаў ЦК КПБ.
Сёньня, вяртаючыся памяцьцю да падзеяў далёкіх і трывожных 30-х гадоў, мы ня маем права забываць, што абставіны жыцьця прымушалі ўсіх, незалежна ад іх перакананняў, прыстасоўвацца да воўчых законаў, якія абуджалі ў многіх нечалавечыя інстынкты. Толькі пасьля сьмерці Сталіна грамадзяне Краіны Саветаў маглі сябе адчуваць людзьмі, якіх проста так, ні за што не пацягнуць у цёмную машыну. Да дэмакратыі было яшчэ вельмі далёка, але ўжо не даводзілася за месца пад сонцам шукаць і выкрываць вакол сябе ворагаў, шкоднікаў, трацкістаў, дывэрсантаў, шпіёнаў. У новых умовах В. Барысенка жыў і дзейнічаў як чалавек сумленны, дабразычлівы і спагадлівы.
Уладзімір Казьбярук
Ад аўтара
Празрысты намёк на недахоп у мяне кампэтэнтнасьці альбо сумленнасьці ня надта пакрыўдзіў. Факты для «Дырэктара літаратуры» я зьбіраў і правяраў сам у архівах, бібліятэках, кансультаваўся ў спэцыялістаў, перачытаў творы «героя». Вельмі карысным аказалася знаёмства з картатэкай да бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі», які Адам Мальдзіс тады яшчэ толькі рыхтаваў да друку. Гэтая сапраўды фундамэнтальная праца, пры ўсіх яе вымушаных кан'юнктурных агаворках — найлепшы на сёньня павадыр па ГУЛАГу беларускай літаратуры, які знаёміць зь вязьнямі і ахоўнікамі. Многае далі б некаторыя яго пэрсанажы, каб назаўсёды зьніклі зьвесткі пра іх «творчасць» — ды часам напісанае ўсё ж такі застаецца.
У выступленьні У. Казьберука быццам не адмаўлялася віна В. Барысенкі ў арыштах і зьнішчэньні людзей ў 30-я гады. Але і не заўважалася. Аўтар засяродзіўся выключна на аргумэнтах у абарону свайго былога дырэктара і ўвогуле забыўся на ахвяраў. Іх немы крык, іх боль, іх праўда ігнараваліся, як і дзесяцігодзьдзі да гэтага. Іх зноў ня чулі, ня бачылі, ім зноў тыцкалі ў твар: вас няма, ясна?..