Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
- Автор: Лепешаў Іван Якаўлевіч
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: «Беларуская Энцыклапедыя»
- ISBN: 985-11-0287-3
- Жанр: Лингвистика
Электронная книга - «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў». Краткое содержание книги:
Блукаць па пакутах. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ходить по мукам, укр. ходити по муках). Пераносіць цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. Рух характараў у дылогіі Л. Дайнекі адчуваецца да таго часу, пакуль героі блукаюць па пакутах (Т. Грамадчанка. Намеры — намерамі…).
Утварыўся ў выніку ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі на аснове ўжо існуючага назоўнікавага выразу блуканне па пакутах (гл.), набыўшы працэсуальнае значэнне і граматычныя ўласцівасці дзеяслоўнага фразеалагізма.
Блытацца пад нагамі ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вертеться под ногами, укр. плутатися під ногами). Замінаць, перашкаджаць таму, з кім знаходзішся побач. [Цярэшка: ] І ведаеце, не блытайцеся пад нагамі ў нас. Мы сур ’ёзнай справай заняты (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся).
Першапачаткова ўжываўся, відаць, у дачыненні да дзяцей.
Блытаць (зблытаць, пераблытаць) <усе> карты каму, чые, каго. Паўкалька з франц. м. (brouiller lеs сагtes). Разладжваць, разбураць чые-н. планы, намеры, разлікі. Ля маста такая варта — не падступішся ніяк. Партызанам блытаў карты гэты мост, даваўся ў знак (А. Астрэйка. Прыгоды дзеда Міхеда).
Узнік у выніку метафарычнага пераасэнсавання свабоднага словазлучэння з маўлення карцёжнікаў.
Богу душу аддаць. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Памерці. То не дуб у бары заскрыпеў; застагнаў — гэтая без пары богу душу аддаў (Я. Купала. Мужык).
Душу, паводле рэлігійных уяўленняў, як бессмяротны нематэрыяльны пачатак мае толькі чалавек, які, паміраючы, нібыта аддае яе Богу. Параўн. у апавяданнях-успамінах У. Дубоўкі «Пялёсткі»: «Як яго прасілі, як яго малілі — кленчылі перад ім, не ўзяў ні кроплі вады, ні крошачкі хлеба. На шостыя суткі стары Якуб аддаў богу сваю душу. Але, як растлумачыў манькаўскі поп: „Бог душу старога Якуба не прыняў ні ў рай, ні ў пекла не накіраваў, бо, паводле царкоўнага закону, ён — самагубца“».
Божай міласцю. Калька з лац. м. (Dеі gratia). Прыроджаны, сапраўдны, таленавіты, з выключнымі здольнасцямі. Прыроду знатнасць не цікавіць. I божай міласцю паэт араў дзірван, касіў траву ды з лебяды варыў абед (Г. Каржанеўская. Якія розумы гібелі?).
Паходзіць з біблейскага тэксту (1-е пасланне апостала Паўла да карынфянаў, 3, 10). Доўгі час ужываўся ў тытулах найвышэйшых духоўных і свецкіх асоб як сцвярджэнне, што іх улада дадзена Богам. У далейшым за фразеалагізмам замацавалася сучаснае значэнне.
Божая кароўка. Відаць, калька з франц. м. (bêtе а bon Dіеu). Ужыв. са значэннямі ‘жучок чырвонай, жоўтай або белай афарбоўкі з плямкамі’ і ‘ціхі, бяскрыўдны чалавек, які не ўмее пастаяць за сябе’. Прыгрэтая на падаконніку божая кароўка раптам заварушылася, пацёпала сваімі чырвонымі падкрылкамі і, важна ўзняўшыся, паляцела насустрач сонцу (М. Лынькоў. Векапомныя дні). [Стась: ] Сінічкін — шпіён, даю галаву на адсячэнне. [Бронюс: ] Божая кароўка — шпіён? Не-е… Гэты занятак не для яго (В. Зуб. Юнацтва рыцара).
Падабенства гэтага жучка з кароўкай засноўваецца на тым, што калі яго перавярнуць і пакратаць брушка, то на нагах у насякомага выступаюць ярка-ружовыя кроплі («малачко»). Жучок зусім бяскрыўдны і безабаронны, што і стала падставай для развіцця ў фразеалагізме яшчэ аднаго значэння.
Бой у літаўры. Агульны для ўсходнесл. м. Хвальба, выхвалянне. [Перадавікі] не вядуць доўгіх размоў пра неабходнасць перабудовы — яны робяць. Без шуміхі, параднасці, без бою ў літаўры з нагоды любога поспеху ці нават самай нязначнай прыкметы яго (Звязда. 30.01.1986).
Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага біць у літаўры (гл.).
Бочку арыштантаў нагаварыць, навыдумляць і пад. Уласна бел. Занадта многа і абы-чаго, без разбору. Павесіць пінжак на сцяну і глядзіць адным вокам з-пад коўдры, як Алеся, нагаварыўшы бочку арыштантаў, шарыць па кішэнях, выграбае ўсё да капейкі (В. Мыслівец. Нямтур).