Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
- Автор: Лепешаў Іван Якаўлевіч
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: «Беларуская Энцыклапедыя»
- ISBN: 985-11-0287-3
- Жанр: Лингвистика
Электронная книга - «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў». Краткое содержание книги:
Генетычна гэта, відаць, сэнсава алагічнае спалучэнне каламбурнага характару, якіх нямала: (вярзці) грушу на вярбе, не коз воз, выдраць лысаму валоссе, сам не свой; параўн. ва ўкр. м.: (наговорити) сім мішків гречаноï вовни і всі неповні. Выраз, як сведчыць В. М. Макіенка, сустракаецца і ў некаторых рускіх (архангельскіх і карэльскіх) гаворках і, магчыма, паходзіць з мовы рыбакоў, дзе арестант — ‘дробная сушаная рыба’; наговорить бочку арестантов «першапачаткова ‘нагаварыць усякіх выдумак пра нібыта багаты ўлоў’» (В. М. Макіенка).
Брат-сястрыца (брат-сястра). Агульны для бел. і ўкр. (брат-і-сестра) м. Травяністая трохколерная расліна сямейства фіялкавых. Быццам спіць мятлюга, нявідна дрыжыць канапелька, дзятліна белая сядзіць, званочкі калышуцца, здалёку, з лесу брат-сястра бялее, сінее мясцінамі (М. Гарэцкі. Антон).
Паводле народнага падання, адлюстраванага ў вершаваным апавяданні В. Дуніна-Марцінкевіча «Травіца брат-сястрыца» і ў народнай песні, удавец «з жонкаю дзетак меў, а з другою ўзрасціў, а з трэцяю распусціў». Прайшоў час, і, сустрэўшыся, маладая пара ўзяла шлюб. Калі ж высветлілася, што гэта брат і сястра, то яны налажылі на сябе рукі і былі пахаваны ў адной магіле. «На той магіле вырасла травіца, і людзі назвалі яе „брат-сястрыца“».
Браты нашы меншыя. Паўкалька з руск. м. Звяры (свойскія ці прыручаныя чалавекам). Мы наведалі заапарк… паназіралі за жыццём «братоў нашых меншых» (Настаўн. газ. 8.08.1998).
Паходзіць з верша С. Ясеніна «Мы теперь уходим понемногу…» (1924), дзе ёсць радкі: «И зверьё, как братьев наших меньших, никогда не бил по голове».
Брацца (узяцца) у рожкі з кім. Уласна бел. Выяўляючы сваю незалежнасць, задзірацца, спрачацца, сутыкацца. Усе ведалі, што Гальяшыха часам бралася ў рожкі з мужам (І. Гурскі. Лясныя салдаты).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да рагатых жывёлін, калі яны бадаюць адна адну, колюць рагамі. Параўн.: «Рабы толькі страшыць [другога быка], а брацца ў рожкі баіцца. Той бы даў так, што зараве!» (Ф. Янкоўскі).
Браць за жывое каго. Гл. закрануць за жывое каго.
Браць на цугундар каго. Гл. на цугундар браць каго.
Браць (узяць) быка за рогі. Калька з іспан. (соdеr аl tого рог lоs сuеrnоs) ці франц. (ргеndrе lе tаuгеаu раг lеs согnes) м. Смела, энергічна пачынаць з самага галоўнага. Белавусаў гучна павітаўся і без лішніх слоў вырашыў адразу браць быка за рогі: — Ну што, Махавікоў, вядзі паказвай, дзе хаваеш зброю (Л. Левановіч. Шчыглы).
Узнікненне фразеалагізма звязана з такім масавым відовішчам у Іспаніі, Партугаліі, як карыда — бой тарэадора з быком.
Браць (узяць) верх. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘падпарадкоўваць каго-н. сваёй волі’ і ‘аказвацца больш значным, мацнейшым, чым што-н.’. Віленскія рабочыя ў масе сваёй, пэўна ж, вельмі радаваліся і цешыліся, калі чулі, што рабочыя ў Расіі бяруць верх (М. Гарэцкі. Віленскія камунары). [Сымон: ] Я чакаю закону: суд ідзе, і праўда верх возьме (Я. Купала. Раскіданае гняздо).
Выраз з агульным аналітычным значэннем. Кампаненты сэнсава суадносяцца з асобнымі значэннямі аднайменных слоў свабоднага ўжывання: кампанент браць — са значэннем ‘захопліваць, дамагацца ў барацьбе’, кампанент верх — са значэннем ‘вышэйшае дасягненне’.
Браць (узяць) за горла каго. Калька з франц. м. (рrendrе qn á lа gоrgе). Сілай прымушаць да чаго-н. ['Дабрыян: ] Ёсць такія, што за горла бяруць: давай неўміручасць, душа з цябе вон (К. Крапіва. Брама неўміручасці).
Фразеалагізм усведамляецца як матываваны, з жывой унутранай формай.
Браць (узяць) за жабры каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. брать за жабры, укр. брати за зябра). Прымушаць паступаць належным чынам. На тваім бы месцы я тваіх работнікаў так узяла б за жабры, так бы іх прымусіла круціцца, што… (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое дастасоўваюць да лоўлі рыб. Злоўленую рыбіну, а яна вельмі слізкая, нялёгка ўтрымаць у руках, не ўзяўшы яе за жабры. Параўн. урывак з аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз»: Міколка з бацькам «узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. І намацаў тут бацька няйначай, як ментуза. Вядома, мянтуз слізкі, цяжка яго рукамі ўзяць». А дзед Астап з берага ракі падае парады: «За зябры яго, за зябры, гада!» Або: «Тое ж маўчанне, калі тапаром мы дрэва зялёнае нішчым, калі мы за жабры рыбу бяром і б’ём галавой аб днішча» (А. Вярцінскі). Параўн. таксама каламбурнае выкарыстанне фразеалагізма ўзяць за жабры і слова жабры з яго намінатыўным сэнсам у камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім». «[Левановіч: ] Жывёліна гэта хоць і рэдкая ў нас, але надзвычай шкодная. Калі яе не ўзяць за жабры — добра, што якраз жабры ёсць у яе, — калі не ўзяць за гэтыя жабры, дык такі свінтус грандыёзус можа шмат шкоды нарабіць». Адзначым, дарэчы, памылковае аб’яднанне ў ТСБМ (т. 1, с. 405) фразеалагізмаў браць за горла і браць за жабры ў адзін з нібыта ўласцівай яму варыянтнасцю назоўнікавага кампанента: браць за горла (жабры). Гэта два самастойныя фразеалагізмы, кожнаму з якіх уласціва свая непаўторная ўнутраная форма. Да таго ж браць за горла (гл.) — калька з франц. м.