Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
- Автор: Лепешаў Іван Якаўлевіч
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: «Беларуская Энцыклапедыя»
- ISBN: 985-11-0287-3
- Жанр: Лингвистика
Электронная книга - «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў». Краткое содержание книги:
У «Зборніку беларускіх прыказак» І. Насовіча падаецца выраз з духам — ‘жывы’. У ім, як і ў без духу, кампанент дух выкарыстаны са значэннем ‘душа’ (у рэлігійным разуменні гэтага слова; гл. богу душу аддаць). Параўн. сінанімічны фразеалагізм без душы ‘мёртвы’: «Я ўдарыў яго так, што ён больш не ўстаў. Ён без душы застаўся ляжаць у пыле» (Э. Самуйлёнак).
Без духу бегчы, уцякаць і пад. Уласна бел. Вельмі хутка, як мага. Гарачка дзядзьку так і носіць, бяжыць, тхара ён даганяе, напагатове кол трымае. За дзядзькам Костусь прэ без духу (Я. Колас. Новая зямля).
Першапачатковае значэнне кампанента дух у фразеалагізме без духу — ‘дыханне, дых’, а ўсяго выразу — ‘задыхаўшыся, у задышцы ад хуткага бегу’. Параўн. кантэкст, дзе супрацьстаўленнем двух фразеалагізмаў без духу ствараецца каламбур: «Толькі фрыцам яец тых не есці і не палохаць больш маладуху: два з іх без духу ляжаць на месцы, а два ўцякаюць без духу» (К. Крапіва).
Без задняй думкі. Калька з франц. м. (sаns аrrіérе-репséе). Шчыра, без скрытых намераў (казаць, рабіць што-н.). Парадкам не быў Драбоку Івана і наважыўся адведаць не без задняй думкі —у сяле саўгас тры гады, хацелася пабачыць на свае вочы, як яно ідзе, ладзіцца (І. Навуменка. Пад пошум дубоў).
Прыслоўна-акалічнасны выраз, утвораны на аснове назоўнікавага задняя думка (гл.).
Без пальцаў піць. Уласна бел. 3 ахвотай і шмат, не адмаўляючыся (піць спіртное). Старшыня сельсавета, як і належала на такой пасадзе, піў без пальцаў (Р. Барадулін. Тады й надзенеш).
Фразеалагізм «цялячага паходжання». Як піша Р. Барадулін, «звычайна, калі цяля адсаджваюць ад каровы, на першых часінах у пойла кладуць пальцы, і паёнак прывыкае піць». А пасля п’е ўжо без пальцаў.
Без пяці мінут. Агульны для ўсходнесл. м. Амаль што (стаў кім-н. па прафесіі, становішчы і г. д.). I ногі ўжо кладзе на стол, — ну, без пяці мінут амерыканец (У. Корбан. Яшка).
Выраз каламбурнага характару, узнік у выніку перанясення часавага вымярэння на іншыя аб’екты. Параўн. ужыванне спалучэння без пяці мінут, калі гаворыцца пра гадзіны сутак: без пяці мінут дванаццаць (што значыць ‘амаль дванаццаць’).
Без роду і <без> племені. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім адзінокі. У Чаплюка не было свайго двара. Ён быў, як кажуць, чалавек без роду і племені (М. Зарэцкі. Чаплюк).
Першапачаткова ў славян слова род абазначала бліжэйшых, а племя — аддаленых родзічаў.
Без руля (стырна) і <без> ветразяў. Паўкалька з руск. м. (без руля и без ветрил). Ужыв. са значэннямі ‘без акрэсленага накірунку (жыць, рухацца і пад.)’ і ‘без яснай, дакладнай жыццёвай мэты’. 3 таго часу, як у школе выявілі ў сына здольнасці дэкламатара, а ў Ірачкі харэаграфічныя задаткі, дык, ты, напэўна, не паверыш, я зусім страціў руль кіравання. Разумееш? Сямейны карабель паплыў, як кажуць, без руля і без ветразяў (М. Чавускі. Канфліктная сітуацыя). А бэсэсэраўская рускамоўная «Звезда» таго часу пераконвала ў іншым: «…віленскія беларускія нацыяналісты, гэтыя балбатуны і пустамолы, гэтыя людзі без стырна і без ветразяў… пабрыдуць за панам Алексюком» (А. Пашкевіч. Пляц Волі).
Паходзіць з паэмы М. Ю. Лермантава «Демон» (1834), дзе спалучэнне без руля и без ветрил не было яшчэ фразеалагізмам з яго сучаснымі значэннямі: «На воздушном океане без руля и без ветрил тихо плавают в тумане хоры стройные светил». Лічаць, што першым, хто выкарыстаў гэта лермантаўскае спалучэнне ўжо з фразеалагічным зместам, быў М. В. Гогаль.
Без сучка і <без> задзірынкі. Паўкалька з руск. м. (без сучка без задоринки). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі лёгка, добра, без перашкод і ўскладненняў (ісці, выходзіць і пад.)’ і ‘вельмі добры, без заган і недахопаў’. Дзяжурства на лодачнай станцыі прайшло без сучка і задзірынкі… (І. Аношкін. Бублікаў затрымлівае хулігана). Я разумею Русаковіча: ён хоча, каб машына была без сучка без задзірынкі (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).
Паходзіць з прафесійнай мовы сталяроў, дзе ён ужываўся, калі гаварылася пра драўляныя вырабы высокай якасці.
Без цара ў галаве. Запазыч. з руск. м. Недалёкі, абмежаванага розуму. Гэта ў нашым пад’ездзе такая суседка жыве — забываецца вечна. Зусім без цара ў галаве (Н. Гілевіч. Пісьмо рэдактару адной газеты).