Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу
- Автор: Станкевіч Станіслаў
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны
- ISBN: 5-343-01645-6
- Жанр: История
Электронная книга - «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу». Краткое содержание книги:
Затое мова мастацкае літаратуры зусім яшчэ ня знае чужых для беларускай мовы формаў дзеяпрыметнікаў цяперашняга часу незалежнага стану зваротных дзеясловаў (пачаўшыйся, адбыўшыйся), якія ў афіцыйнай літаратурнай мове бытуюць, як-бы для яе былі нармальнымі. З расейскіх словаў, ужываных у афіцыйнай літаратурнай мове, мова мастацкае літаратуры зусім ня знае такіх русіцызмаў, як дзяшовы, састаў, здзелка, каварны, мяцеж, пахаць, адстаяць, змяняемасць, неймаверны, пазбягаць, плацёж, прадстаць, цэласнасць, сукупнасць і да г.п.
На канкрэтных прыкладах зь беларускага савецкага друку можна дакладна прасачыць і самы працэс русіфікацыі. Звычайна спачатку паяўляецца дадзенае расейскае слова ў афіцыйнай літаратурнай мове, прычым спарадычна й рэдка ды выступае паралельна з адпаведным яму словам беларускім. Гэтак ад некалькіх ужо год паралельна з агульна пашыраным у беларускай мове словам танны, пачало спарадычна паяўляцца й чыста расейскае слова дзяшовы, якое, аднак, яшчэ зусім ня мае доступу да мовы мастацкае літаратуры. У якім кірунку будзе разьвівацца працэс праніканьня ў беларускую мову гэтага слова, можна меркаваць з прыкладаў такіх русіцызмаў, як папрок або поезд. У афіцыйнай літаратурнай мове папрок і поезд ужываюцца сяньня паралельна з адпаведнымі ім беларускімі словамі дакор і цягнік, але расейскія адпаведнікі колькасна пераважаюць над беларускімі, і, наадварот, у мове мастацкай літаратуры словы дакор і цягнік спатыкаюцца шмат часьцей, чымся папрок і поезд. Значыцца, працэс развіваецца ў кірунку русіфікацыйным, а не адваротным яму.
На карысьць беларускасьці мовы мастацкае літаратуры прамаўляе й тая характэрная зьява, што прынятыя ўжо ёю русіцызмы ў колькасных дачыненьнях выступаюць шмат радзей, чымся ў афіцыйнай літаратурнай мове. Ствараецца таму ўражаньне, што дадзенае расейскае слова або форма становіць сьведамую даніну агульна абавязваючаму кірунку, а не агульную тэндэнцыю пісьменьніка, тымчасам як у афіцыйнай літаратурнай мове заўважваецца выразная тэндэнцыя адваротнага характару.
Ёсьць канкрэтныя довады, як паасобныя пісьменьнікі ў працэсе перарэдагоўваньня сваіх мастацкіх твораў ачышчаюць іх ад дапушчаных спачатна русіцызмаў. У БССР, як і ў іншых саюзных рэспубліках, вельмі пашыраная практыка, што паасобныя літаратурныя творы, у тым ліку й шматтомныя раманы, спачатку друкуюцца ў месячных літаратурных часапісах, а пазьней выходзяць асобнымі кніжнымі выданьнямі. Пры гэтым кніжныя выданьні часта тэксталягічна значна розьняцца ад іхных першадрукаў у часапісах, бо некаторыя аўтары ўводзяць тыя або іншыя зьмены й папраўкі ў кніжным выданьні, у тым ліку і ў галіне мовы. Звычайна бывае так, што шмат якія русіцызмы, уведзеныя аўтарам у тэкст твору першае рэдакцыі, бываюць выкінутыя з тэксту апошняе рэдакцыі й замененыя адпаведнымі ім паводля значаньня беларускімі словамі й формамі. Такія розьніцы ў галіне мовы мы прасачылі на прыкладах 3-га і 4-га тому раману М.Лынькова «Векапомныя дні», раману Ў.Карпава «За годам год» і раману І.Шамякіна «Крыніцы». Вынікі нашых параўнаньняў абедзьвюх рэдакцыяў былі нязвычайныя. Вось некаторыя зь іх: