Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу
- Автор: Станкевіч Станіслаў
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны
- ISBN: 5-343-01645-6
- Жанр: История
Электронная книга - «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу». Краткое содержание книги:
Пісьменнікі ў абароне мовы
Роля беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў у захаваньні беларускай мовы й ейнай абароне перад русіфікацыяй у савецкіх абставінах асабліва вялікая. Бадай яны адныя з поўным зразуменьнем важнасьці гэтага пытаньня робяць сыстэматычныя натугі ў гэтым кірунку, стараючыся пісаць як мага чыстай беларускай мовай у межах, што яшчэ магчымыя ў сяньняшніх абставінах. З другога боку, зь пісьменьніцкага асяродзьдзя ўсьцяж выходзіць ініцыятыва ставіць на беспасярэдняе абмеркаваньне пытаньне чысьціні мовы, ейнае культуры й ейнага павароту да народных моўных крыніцаў. У многіх артыкулах, адумыслова прысьвечаных пытаньням мовы, у выступленьнях на пісьменьніцкіх зьездах, пісьменьніцкіх і культурных зборках дзеячы мастацкае літаратуры, а за імі й наагул працаўнікі культуры пачынаючы ад 1956 году вядуць бесьперапынную акцыю ў вабароне роднае мовы. Выходзячы з правільнага сфармуляваньня беларускага савецкага філялёга Ф.Янкоўскага, што «абыякавасьць да мовы - абыякавасьць да народу й яго культуры»[57], пытаньне мовы ў гэтай кампаніі расшыраецца на ўсе дзялянкі беларускае культуры й набывае сэнсу, раўназначнага з сэнсам пытаньня быцьця або нябыцьця беларускае культуры.
У першым разьдзеле гэтае працы мы паклікаліся на артыкул маладога беларускага пісьменьніка Барыса Сачанкі, які галоўна паказаў на ненармальнае звужэньне практычнага ўжываньня беларускае мовы ў публічным жыцьці рэспублікі, у першую чаргу ў школьніцтве й на выцісканьне яе расейскай мовай. Гэтта спынімся на выступленьнях іншых пісьменьнікаў і наагул працаўнікоў пяра, якія асноўную ўвагу засяроджваюць на іншых аспэктах гэтага пытаньня: на абароне перад русіфікацыяй тэй беларускай літаратурнай мовы, якая яшчэ дапушчаная да публічнага ўжываньня, і на зьбліжэньні яе з мовай народнай, як галоўнай крыніцай і базай разьвіцьця мовы літаратурнай.
У поўнай шырыні паставіў гэтае пытаньне й фактычна распачаў моўную дыскусію рэгабілітаваны ў 1956 годзе пісьменьнік Янка Скрыган, а ягоны артыкул пад сьціплым загалоўкам «Думкі аб мове» стаўся выходным пунктам для многіх спасьцярогаў і пажаданьняў іншых удзельнікаў гэтае дыскусіі. Асноўны стрыжань разважаньняў Скрыгана зьмяшчаецца ў наступных словах:
Ведаць мову - знача ведаць законы яе будаваньня, ведаць яе народную аснову. Бо толькі ведаючы народную аснову мовы, можна ведаць, як правільна і проста выказаць думку, як натуральна, паводля законаў гэтай мовы, набудаваць фразу, дзе якое сказаць слова, патрэбнае іменна для гэтага месца, дзе зрабіць націск, дзе і як вымавіць галосныя, зычныя, цьвёрдыя, мяккія, уласцівыя гучаньню гэтае мовы. Ведаць мову - гэта ў першую чаргу ведаць, як гаворыць народ[58].
«Ведаць, як гаворыць народ», і, зразумела, фармаваць сваю мову на базе мовы народнае - гэта галоўнае патрабаваньне, якое ставіцца перад беларускімі пісьменьнікамі і ўсімі тымі працаўнікамі культуры й мастацтва, сяродкам выказваньня якіх ёсьць слова. Далей Скрыган перасьцерагае перад тэй небясьпекай, якая станецца няўхільнай, калі творчыя працаўнікі культуры будуць аддаляцца ад мовы народнай, і, зварачаючыся пад іхным адрысам, кідае войстры дакор:
Мы зарана адрываемся ад народнага творчага асяродзьдзя і, ня ўсьпеўшы прычасьціцца яго народнаму багацьцю, адразу нападаем на работу ў кабінэт. Празь сьцены кабінэту да нас ужо вельмі трудна даходзіць і бляск народнай думкі, і гнуткасьць фразы, і стройная прастата мовы, і трапнасьнь прыказкі, і мудрасьць нагляданьня. Усё гэта мы ўжо чэрпаем з газэт ды з чужых кніг. Ад гэтага часта і нашая сухасьць, і бледнасьць, і канцылярызм, і аднастайнасьць[59].
Выказаныя Скрыганам думкі хутка падхапіў беларускі савецкі літаратурны крытык Алесь Адамовіч. Паказаўшы на адрыў пісьменьніка Івана Шамякіна ад народнай мовы ды адцеміўшы, што пісьменьнікі 1920-30-ых гадоў «лічылі сваім важнейшым абавязкам сачыць, каб беларуская літаратурная мова вырастала на аснове ўсіх багацьцяў народнай мовы», Ал.Адамовіч выказвае гэткія пажаданьні для сучаснае літаратурнае мовы:
57
Ф.Янкоўскі. Абыякавасць да роднага слова. «Літаратура і Мастацтва», № 38, 11.05.1957.
58
Я.Скрыган. Думкі аб мове. Тамсама.
59
Тамсама.