Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу
- Автор: Станкевіч Станіслаў
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны
- ISBN: 5-343-01645-6
- Жанр: История
Электронная книга - «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу». Краткое содержание книги:
Для беларускае мовы найбольш небясьпечнымі зьяўляюцца ўводжаныя ў яе расейскія словы, якія мы выдзялілі ў другую й трэйцюю катэгорыю. Дзеля таго, што яны маюць карані, супольныя расейскай і беларускай мове, а пры гэтым карані для абедзьвюх моваў прадуктыўныя, дык неспэцыялістаму ў галіне мовы нялёгка заўважыць іхнага расейскага паходжаньня. Хіба толькі гэтым можна вытлумачыць дзіўную на першы пагляд зьяву, што знаходзім даволі шмат русіцызмаў у мове навет некаторых тых беларускіх савецкіх аўтараў, якія ў іншых выпадках выступаюць як шчырыя абароньнікі чысьціні беларускае мовы. Значыцца, русіцызмы трапляюць у іхную мову часта зусім нясьведама. Затое русіцызмы першае катэгорыі, карані якіх або зусім ня існуюнь у беларускай мове, або зьяўляюцца непрадуктыўнымі ці мала прадуктыўнымі, легка ўспрыймаюцца, як чужыя для беларускай мовы.
Савецкі вучоны М.Каммары вызначыў агульныя прынцыпы, паводля якіх «падабенствы й адпаведнасьці ў мовах народаў СССР абумоўленыя ўплывам расейскае мовы». Гэтыя падабенствы й адпаведнасьці, паводля Каммары, выражаюцца, «папершае, у запазычаньні спэцыфічных расейскіх і асабліва новых савецка-расейскіх выразаў і ў калькаваньні іх; падругое, у засваеньні асноўнага фонду інтэрнацыянальнай лексыкі за пасярэдніцтвам расейскае мовы»[48]. Іншыя савецкія моваведы І.Беладзед і А.Мельнічук вызначаюць расейскай мове ролю «крыніцы ўдасканаленьня нацыянальных моваў»[49]. Усе беларускія савецкія моваведы адназгодна сьцьвярджаюць, што беларуская мова асабліва ў савецкі пэрыяд павялічыла свой слоўны запас шляхам запазычаньняў з расейскае мовы. І гэта таму, што, як піша М.Крукоўскі, «якімі-б шырокімі ні былі магчымасьці словаўтварэньня на базе ўласнага лексычнага матарыялу, яны ўсё-ж ня могуць поўнасьцю забясьпечыць задаваленьне імкліва растучых патрэб грамадзтва ў новых словах. Таму беларуская мова зьвяртаецца таксама за дапамогай да рускай мовы, запазычваючы зь яе неабходныя словы, якія на тых або іншых прычынах ня могуць быць утвораны на базе ўласных моўных сродкаў»[50]. Пагляд Крукоўскага дапаўняе іншы беларускі савецкі мовавед Ф.Янкоўскі, цьвердзячы, што «запазычаньне зьяўляецца неабходнасьцю толькі тады, калі ў мове няма адпаведнага слова»[51]. (Усюды падчыркнута намі - С.С.)
Адкладаючы на пазьней пытаньне словаў інтэрнацыянальнага паходжаньня, гэтта з асаблівым націскам трэба падчыркнуць, што толькі вельмі нязначная частка расейскіх запазычаньняў у сучаснай беларускай літаратурнай мове, як паказваюць прыведзеныя намі прыклады, можа быць абумоўленая вызначанымі савецкімі моваведамі прынцыпамі, якія пацьвярджалі-б, што расейскія запазычаньні прыйшлі ў беларускую мову, як «спэцыфічныя расейскія і асабліва новыя савецка-расейскія выразы», як «крыніца ўдасканаленьня» беларускай мовы, як «неабходныя словы, якія па тых або іншых прычынах ня могуць быць утвораныя на базе ўласных моўных сродкаў» ці калі ў беларускай мове «няма адпаведнага слова». У асноўным-жа расейскія запазычаньні адбываюцца ў тых выпадках, калі, папершае, беларускія словы маюць зусім іншыя карані, чымся адпаведныя ім расейскія словы; падругое, калі беларускія й адпаведныя ім расейскія словы, хоць і маюць супольныя карані, але ўзаемна розьняцца сваей структурай, г.зн. этымалягічнай будовай; патрэйцяе, калі беларускія й расейскія словы, супольныя каранямі й этымалягічнай будовай, розьняцца між сабой сэмантычна. У трох успомненых выпадках беларускія словы, як розныя тымі або іншымі элемэнтамі ад расейскіх словаў, мэханічна выкідаюцца із слоўнага запасу беларускае мовы й гэтак-жа мэханічна заменьваюцца чужымі ёй расейскімі словамі.
48
М.Каммари, тамсама, б. 72.
49
И.К.Белодед, А.С.Мельничук. Вопросы развития национальных языков в период перехода от социализма к коммунизму. «Вопросы языкознания», № 5, Москва, 1959, б. 11.
50
М.Крукоўскі. У кнізе «Фарміраванне і развіцьцё беларускай сацыялістычнай нацыі», б. 122.
51
«Літаратура і Мастацтва», № 38, 11.05.1957.