Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Страшэнна балела галава. Аж у вачах разыходзіліся сьветлыя кругі – нібыта глядзіш з вады на сонца. Генусь ліхаманкава абводзіў вачыма пакой. Стукнуць Касіянава вунь той бронзавай Артэмідай з гадзіньнікам па галаве? Або… задушыць? Тэрмінатар сьціснуў далоні. Не, можа не хапіць сілаў.
— Мадэст Пятровіч, глядзіце, тут нечая шапка валяецца. Раней яе не было.
Малады службовец са сьветлымі, амаль белымі бровамі і ружовым, як шынка, тварам падняў Генусеў картуз. Падобна, хутка заўважаць і яго ўладальніка. Вырашай жа нешта, звыродлівы баязьлівец!
І наш хакер схапіў са стала рэвальвер, які яшчэ памятаў скронь старога прафесара.
Цяпер яго заўважылі. Зьдзіўленьня – адкуль раптам у паветры вымаляваўся? – не было. Відаць, сьвядомасьць часу хутка зацягвала разрывы, неяк вытлумачвала ўсё.
— Кінь рэвальвер!
Прыхадні занялі абарону вакол, наставіўшы на ворага сваю зброю. Касіянаў моўчкі, сунуўшы рукі ў кішэні паліто, глядзеў на хлопца ў чорнай кашулі. Няпраўда, што кат абавязкова сам страшэнна баіцца болю і сьмерці. Гэты кат баязьліўцам ня быў. Толькі ўсьмешка некуды зьнікла з куточкаў вуснаў, шчокі падцягнуліся, вочы звузіліся — дабрадзейны сем’янін, якім здаваўся яшчэ нядаўна, некуды зьнік. Рэвальвер скакаў у Генусевай руцэ, як жывы.
— Ты ягоны вучань, так? — голас Касіянава быў мяккі, як падушка, пад якой схаваны кінжал. — Ці ягоны сваяк? Не, не падобны… Значыць, студэнт. Савецкая ўлада дала табе магчымасьць вучыцца, бачыш… Слухаць лекцыі вядомых вучоных. Напрыклад, прафесара Нічыпаровіча. Ты ж любіў ягоныя лекцыі, так?
Генусь, сам не разумеючы, чаму, хітнуў галавою.
— Ну вось… — задаволена, нібыта Генусь прызнаўся, што атрымаў значок варашылаўскага стралка, прамовіў Касіянаў. — І, вядома, цябе захапілі некаторыя ідэі прафесара. Незалежная Беларусь, Вялікае княства Літоўскае, пабілі маскавіцян пад Воршаю… Але ведаеш, хлопча, ідэі — усяго толькі плод чалавечага розуму. Яны нараджаюцца тут… — Касіянаў пастукаў пальцам у чорнай скураной пальчатцы па сваім ілбе. — А значыць, ня кожная ідэя справядлівая. Вось жа многія думалі, што такім хлопцам, як ты — ты ж не з багацеяў, праўда? — нельга вучыцца ва універсітэтах, кіраваць дзяржавай, камандаваць арміямі.
Голас Мадэста Пятровіча, як туман, спавіваў думкі. Неверагодна, але нават ведаючы, што за чалавек перад ім, Генусь ня мог пазбавіцца ад нейкага дурнога даверу, што спакваля запаўзаў у душу, як рабак — гіпноз, ці што? Генусь разумеў, што трэба наважвацца… Націснуць курок... Усяго толькі адзін рух пальцам… І ня мог. Сьлімак.
— Ты не вінаваты, хлопча. Прафесар падманваў сам сябе. Зразумеў гэта — вось і вырашыў пайсьці з жыцьця. Сьмелы ўчынак. Ён даў табе і такім, як ты, знак: не памыляйцеся! Не ідзіце за мной, бо я вяду ў тупік! Маладыя людзі, здольныя верыць у ідэалы і змагацца за іх, патрэбныя рэвалюцыі. Мы забудзем на гэтую тваю памылку. Апусьці рэвальвер… І шчыра распавядзі пра ўсё, што зьвязвала цябе з тваім выкладчыкам…
Генусь пераступіў з нагі на нагу, узяўся за рэвальвер абедзьвума рукамі, заплюшчыў вочы... Ну, націскай!
На яго накінуліся з усіх бакоў. Зброя прафесара адляцела некуды пад стол, так і ня стрэліўшы другі раз. Білі па рэбрах, па нырках, па галаве… Касіянаў назіраў з мяккім дакорам — як доктар за тым, як хворае капрызьлівае дзіця не даецца зрабіць сабе выратавальны ўкол. Непрыемная, але неабходная працэдура… Цярпі, хлопча. Мы цябе вылечым. Галасы зьліліся ў нейкі гуд…
І Тэрмінатар вярнуўся ў свой хакерскі час.
Як ні дзіўна, разам са сваім картузам.