Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
На апошнім сходзе ўсе прагаласавалі за ягонае звальненьне.
Усе, акрамя аднаго. Дэкана хімічнага факультэту Валяр’яна Скаловіча.
Куды ж правільна стрэліць, каб пэўна? Руля ссоўваецца на паўвяршка ўверх… Стук. Нехта настойліва просіцца ў кватэру. Дзякуй Богу, адчыніць няма каму — Нічыпаровіч паклапаціўся адаслаць на сёньня ўсіх хатніх. Няпрошаныя госьці, аднак, не сыходзілі. Трэск… Ламаюць дзьверы. Што ж, марудзіць больш не выпадае.
Генусь, схапіўшыся за галаву, стаяў на каленях ля пісьмовага стала, за якім сядзеў мёртвы чалавек. З раны на скроні чалавека сьцякаў цёмны струмень. Чаму такі цёмны? Кроў павінна быць пунсовай…
Чаму ў гэтым падарожжы так усё несправядліва? Ты змушаны назіраць чужую сьмерць, ня ў змозе аніяк паўплываць, умяшацца — толькі перажыўшы яе разам з ахвярай, набываеш волю руху… І тое — адносную… Хай бы і боль быў адносны.
Па твары Генуся таксама нешта пацякло. Правёў рукой — кроў… З носу… Пунсовая. Картуз з лакавым брыльком, куплены не ў вясковага пастуха, як жартавалі сябрукі, а на барахолцы ў Ждановічах, адкаціўся да нагі забітага.
Дзьверы расчыніліся ад страшнага ўдару. У пакой забеглі чацьвёра ў вайсковай форме. Адзін, у цывільным, у шэрым паліто і чорным капелюшы, увайшоў за імі спакойнай хадой, як гаспадар.
Генусь застыў на месцы. Але прыхадні яго не заўважалі. Нават непамысна зрабілася. Як быццам ён стаўся ценем, і зараз паркетная падлога завагаецца, як паверхня вады, і па ёй павольна праплыве чорная Харонава ладдзя. Госьці спрытна, моўчкі рабілі кожны сваю справу, быццам часткі адладжанага, няўмольнага механізму, між валаў і шасьцяронак якога лепей не трапляць. Адзін даставаў адна за адной шуфляды пісьмовага стала, хутка перакладваў паперы. Другі перабіраў кнігі на паліцах уздоўж сьценаў – кожную прагортваючы, патрэсваючы. Трэці аглядаў шафу… Чацьвёрты масьніца за масьніцай прастукваў падлогу. Чуваць было, што падобную справу прыхадні робяць і ў другіх пакоях.Чалавек у цывільным, з нічым не прыкметным, мяккім, трохі азызлым абліччам дамаседа і аматара рыбалкі, — куточкі вуснаў заўсёды ўсьміхаюцца, — агледзеў нябожчыка, акуратна датыкаючыся да яго рукой у пальчатцы, нібыта да рэдкага экспанату. Праверыў патроны ў рэвальверы. Цікава, што картуз з трэснутым лакавым казырком ніхто ня бачыў.
— Таварыш Касіянаў! Тут ліст…
Адзін з вайскоўцаў працягваў чалавеку ў капелюшы канверт бяз надпісу.
Пульхныя бледныя вусны начальніка пакрывіліся. Ліст высьлізнуў з канверта амаль вінавата, ціха шаргатнуў…
— Нават пасьля сьмерці хоча савецкую ўладу прынізіць! — дакорліва падрахункаваў прачытанае таварыш Касіянаў. – Падшыць у справу… Строга сакрэтна.
Шэрыя вочы з-пад трохі прыпухлых павек агледзелі пакой, сьлізганулі па Генусю…. Нешта было ў чалавеку з такой звычайнай, мірнай зьнешнасьцю, што выклікала няўтульнасьць у душы. Як погляд на самую мірную зьмяю. Касіянаў утаропіўся ў скурчанага на падлозе Тэрмінатара, нібыта ўглядаўся праз вакно ў начны лес.
— Мадэст Пятровіч, няма рукапісу!
Касіянаў толькі трохі прыўзьняў бровы, не адрываючы невыразны погляд ад Генуся.
— Вядома, няма. Ён жа чакаў нас. Рыхтаваўся. Значыць, знайшоў надзейную схованку.
І голас мяккі, лены. Дабрадзейнага сем’яніна, які ў махрыстым халаце ды пантофлях усеўся ў фатэль ды заўважыў, што дзеці некуды зьнесьлі ягоную газету. Блазьнюкі, што з іх возьмеш?
Вусаты немалады нкусавец, падобны да стамлёнага бясконцымі пабудовамі запрудаў бабра, упэўнена прамовіў:
— Зноў трэба хіміка ў апрацоўку ўзяць. Ня можа быць, каб ня ведаў.
Касіянаў, усё гэтак жа гледзячы ў адну кропку, якая знаходзілася дзесьці ля сэрца зьледзянелага ў сваёй чорнай, зробленай неахайнымі, але закаханымі шыўкамі кашулі Генуся, адказаў:
— Возьмем, возьмем, папрацуем над хімікам. Чаму ж не. Гэта абавязак наш – з такім матэрыялам працаваць.
Раптам Генусь падумаў, што – вось ён, шанец, дзеля якога, можа, ён і патрапіў сюды. Забіць гэтую навалач. Вось цяпер жа. І колькі людзей, выдатных, вартых будзе выратавана, пазбаўлена ад заўчаснай сьмерці і пакутаў. І сям’я Разаліі Іванаўны, дарэчы, таксама пражыве інакшы лёс…
Забіць… Як проста. Як у гульні “Контрастрайк”. Ці “Сан-Андрэас”. А ў эрпэджы “Аблівіён” Генусь яшчэ сёньня раніцай – неверагодная, неўяўная даўніна! – прайшоў за рэкордны тэрмін усе місіі гільдыі забойцаў. Тэрмінатар падняўся на дрыжачыя ногі. Цяпер ужо заазіраліся ў ягоны бок і другія нкусаўцы, але пакуль яшчэ няўважна, як на фіранку, у якой заблытаўся вецер. Калі ён сам адчувае цьвердзь падлогі і стала, значыць, яго цела таксама можа стаць шчыльным, адчувальным для гэтай прасторы. Усё залежыць – наколькі можна зразумець – ад таго, ці пачне ўспрымаць яго, Генуся, сьвядомасьць гэтых людзей. Ён стане рэальным для іх, калі яны гэта дазволяць.