Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Нічыпаровіч зноў сядае за стол. Ці ж яму ня ведаць, як бязьлітасна абыходзіцца час з людзямі. Як забываюцца пакутнікі і набываюць незаслужаны бляск мёртвыя нягоднікі. Летапісы? Помнікі? Ды хоць бы й піраміды… У гіпатэтычнай усыпальніцы самага вядомага егіпецкага фараона-рэфарматара Эхнатона, мужа Неферціці, былі зьнішчаныя ўсе надпісы з яго імем, перачаканена на золаце кожная рысачка… На ўсіх збаночках і заклёпачках… Паклалі ва ўсыпальніцу іншага нябожчыка. І дасюль невядома, ці Эхнатон там першым пахаваны?
Не, справядлівасьці чакаць нельга, тады не давядзецца труціць душу крыўдай… Бедны Валяр’ян… Нізавошта не згадзіўся б прайсьці праз такое. Нічыпаровіч коратка ўздыхае і паўтарае ўслых:
— Бедны Валяр’ян… Які лёс… Хоць бы вытрымаў…
Каб ведаў, што наперадзе — дык, можа, варта было б дваццаць пяць гадоў таму прайсьці міма цёмнага кута універсітэцкага археалагічнага музею, дзе стуліўся худы бледнатвары студэнцік, сузіраючы пастаўленую на егіпецкі саркафаг рэторту з падазроным сінім агеньчыкам, што падпаўзаў, як атрутная жамяра, па танюткай галінцы фіціля да каламутнай вадкасьці. Але ён даў Валяр’яну слова нават не спачуваць.
І ня хоча нічыйго спачуваньня сам.
Люцыян Нічыпаровіч працягвае руку і дастае з шуфляды рэвальвер. Прафесар зусім спакойны. Ён пражыў цікавае жыцьцё. Рабіў дабро, рабіў зло — як любы грэшны чалавек. Няхай даруюць вышнія сілы…
Сенека, калі паміраў, седзячы ў гарачай ваньне з успоратымі па загадзе былога вучня, Нерона, венамі, пакуль мог, дыктаваў свае адчуваньні. Стоік, разумееш…
Не, сьмерць таксама можна выбраць камфортную, хуткую, акуратную — наколькі гэта магчыма. Прабач, Лёлічка…
Руля рэвальвера ўпіраецца ў скронь. Раптам страшная думка змушае цела пакрыцца халодным потам. Ён жа ў анатоміі — нуль… Што, калі рана не акажацца сьмяротнай? Былі ж людзі, якія выжывалі пасьля стрэлаў у галаву. Ачуняць у турэмнай лякарні… Альбо — яшчэ горш — застацца спаралізаваным… Ці — звар’яцець. Калісьці маці паўтарала дзіўную фразу: “Чым ганарышся — ад таго і загінеш”. А ён заўсёды ганарыўся сваім розумам. Таму й баяўся ўсё жыцьцё, да бяссоньня, — вар’яцтва. Прыслухоўваўся да сябе, правяраў: ці ня здраджвае сьвядомасьць?
Толькі, відаць, здраджвала: як возьмецца за працу — ці старадрукі расшыфроўваць, ці перабіраць чорныя спрэсаваныя камякі — праслойку пажарышча XV стагоддзя ў раскопе, ці здабываць каменную фігурку Вялеса, якую нейкая бабулька на Старажоўцы хавае на сваім гарышчы — ніякая сіла ня спыніць. Да зьнямогі, да перамогі… Ні спаць, ні есьці. Агнём гарыць душа — як ад найвялікшай любові. Нават Лёлічку ён так не любіў, не гарэў па ёй. Яна часам жартавала: “Твае пальцы гэтак пяшчотна гладзяць брудны пергамент, што рэўнасьць бярэ”.
А ўсё астатняе — лухта.
На сходах выкладчыкаў універсітэту з удзелам партыйнай ячэйкі — апошнім часам па некалькі разоў на тыдзень — некаторыя трацілі прытомнасьць. Ад страху. Ад тых сьмяротнай моцы абвінавачваньняў, нават не на іх адрас, што там чулі. Не зварухнуцца… Любы рух могуць палічыць за нязгоду. Хіба ў ладкі папляскаць — але і тут жудасна прамарудзіць і на міг. А ён, Нічыпаровіч, у гэты час дзікіх гуляў паўтараў у галаве словы Лаўрэнцьеўскага летапісу альбо які з разьдзелаў Статуту... Успамінаў нататкі Сьветонія пра імператара Нерона ды рымскі сенат — патрыцыі таксама загадзя трэніраваліся ў плясканьні ў ладкі ды адабральных воклічах.
Калі прафесара прасілі выказацца, гаварыў лёгкім іранічным тонам. Ад якога ў кіраўнікоў сходу пена на вуснах зьяўлялася, як у шалёных сабак. Адмаўляўся асуджаць, галасаваў — няхай ня супраць, але ўстрымліваўся… Вежа са слановай косткі. Успомніць, як усяго дзесяць гадоў таму натхнёны Язэп Лёсік прамаўляў на вышэйшых курсах беларусазнаўства: “Вы ўжо ня тыя, што былі, бо пакаштавалі плоду з таго дрэва, што называецца беларускай справай, беларускім Адраджэньнем, пазналі таямніцы ўваскрашэньня Айчыны нашай — маці-Беларусі. Вашы сьвечкі запаленыя, і вы становіцеся апосталамі беларускай справы. Але бойцеся, каб не пагасла сьвечка вашая, бо ня раз бура захопіць вас у дарозе і не адну навальніцу давядзецца перажыць вам у час свайго падарожжа”.
Каб ведаў Язэп Юр’евіч тады, як у хуткім часе ўсе дружна дзьмухнуць на свае сьвечкі, апярэджваючы подых чужой буры.
На гэтай зямлі чалавек — як воск. Цяпер яго, Нічыпаровіча, вінавацяць у тым, за што калісьці ўзносілі. Як ён наважыўся ў лекцыях распавядаць пра быццам нейкія станоўчыя зьдзяйсьненьні прыгнятальнікаў-князёў? А пра буржуазнага нацыяналіста Каліноўскага, як пра годную асобу? Цемрашалка Еўфрасіньня Полацкая — нацыянальная гераіня?!! Якое асобнае княства з беларускай мовай у якасьці дзяржаўнай? Беларусы пачаліся пасьля кастрычніцкай рэвалюцыі.