Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Што адбылося, таго ўжо не адменіш...— цёпла i ціха адказала, але, як відаць было, не збіралася даваць яму вусны, закідваць за шыю рукі ды ціснуцца станам так, як гарнулася ўчора.
— Значыць, каешся,— сказаў ён, папраўляючы каля яе вуха пасмачку валасоў, што выехала з-пад яркага какошніка.— I, мабыць, клянеш мяне?
— Зусім не,— затрымала яго руку i прыціснула яе да сваёй шчакі.— Я дабілася таго, чаго жадала. Я пра гэта марыла ўжо даўно. Ты здагадваўся?
— Не зусім.
— Значыць, не вельмі разбіраешся ў нас, жанчынах,— усміхнулася, i чырвань заліла яе шчокі.
— Ты ж — не толькі жанчына. Ты — княгіня!
— I я — найперш жанчына, зямное стварэнне. Замужняя, маці, а закахалася ў іншага...
— Дык хіба гэта блага? — прыгарнуў бліжэй.
— Гэта няблага, мілы i да pari мой чалавек,— пакратала язычком па ягонай руцэ.— Я ўчора была самая шчаслівая на свеце жанчына...
— А сёння?
— Сёння...— уздыхнула.— Сённяшняе...
— Ды яшчэ ў гэтым доме... — уздыхнуў i ён.
— Пра тое, што ўчора было, мы не скажам ні Мендогу, ні тваёй жонцы, Усяслаў,— апусціла галаву, узяла яго за локці.— Няхай гэта будзе наша глыбокая тайна. Пра Мендога я вельмі не клапачуся, ён заслужыў, каб я здрадзіла яму. Ды я не столькі здрадзіла, колькі аддалася любімаму чалавеку. А што вось да тваёй жонкі, дык я ўсё жыццё буду Бога прасіць, каб ён дараваў мне грэх перад ёю: я ўчора забрала тое, што павінна было быць толькі яе...
— Дык ты...
— Больш у нас такога не будзе, Усяслаў. Я ўжо не дам вол i свайму каханню. I ты, калі кахаеш мяне, утаймуй сваё каханне.
— Ты лічыш: будзе легка заглушыць у душы тое, да чаго мы ішлі праз пакуты?
— Не, легка не будзе. Мы павінны бачыцца як мага радзей. A калі сустрэнемся, мусім быць як добрыя знаёмыя. Наша каханне рана-позна прынясе нам новы боль i новыя пакуты.
— Бачыш, яно i цяпер ужо нялёгкае.
— Ты ж разважлівы, цярплівы i мужны, Усяслаў. Ты адразу ж за гэта мне спадабаўся.
— I я, Ганна, зямное стварэнне, дык i мне хочацца ўсяго зямнога...
— Разумею, мілы i добры зямны чалавек,— ціха, без усхліпу, заплакала.— Нам бы было добра, але... Ёсць гэтае «але»...
Выйшла так, як i захацела Ганна. Пасля гэтага яны бачыліся i рэдка, i часта, былі нават сам-насам, але болей ужо не збліжаліся як мужчына i жанчына. Калі яна пазней нарадзіла дзіця, усхваляваны, ён дапытваўся, ці не ягонае яно.
— Чаму ты думаеш, што ты майстра толькі на дзяўчынак? — жартам адказала яна, папаўнелая i пахарашэлая пасля новых родаў.
— Я хачу ведаць: бацька я тваёй дзяўчынцы?
— Не ведаю, Усяслаў,— пацепнула плячыма.— Але я радая, што маю разумнага i здаровага сына, а цяпер вось ужо i здаровенькую i пекную дачушку. Назаву яе Данутай, не супраць? Данута — прыгожае дрыгавіцкае імя!
— Я не супраць, але...
— Ніякіх «але»!— жартам загадала, узяла i прыласкала яго руку.— Будзь спакойны. Я не толькі дагледжу сваіх дзетак, але i жыццё ім сваё ахвярую. Я жыву i буду жыць далей найперш дзеля ix. Калі што трэба мне ад цябе, дык толькі адно, Усяслаў: раз мой Войшаль гэтак горнецца да праваслаўнай веры, да Навагародка, княжычаў вашых i да цябе, дык дзядзькуй яго. Гадуй з яго мужнага мужчыну, воя i мудрага князя...
— Я згодзен, Ганна,— адказаў ён шчасліва.— Але я твайго сына-княжыча настаўлю на свой лад...
— Настаўляй так, як i сваіх княжычаў. Я цалкам давяраюся табе. А вось дачушку настаўлю сама. Можа, як жонку катораму вашаму княжычу.
Вось так тады пагаварылі. Затым, паволі астуджваючыся i маючы шмат клопатаў, ён сапраўды, пакрыху ўтаймаваў сваё каханне да Ганны, меў толькі i большыў да яе глыбокую пашану. Часамі нават думаў, пытаў у самога сябе: a ці не быў тады, той цёплай i хмельнай ноччу, дзіўны сон? Можа, не было той бліскавічнай весялосці, тых прагных пацалункаў i слодычных кароткіх, але i доўгіх, як вечнасць, хвілін? Можа, усё тое ён прыдумаў i ўявіў?
Ды не, вось праз гады нечакана пачуў гэтае «... i для нас». Што яно значыць? Усё ж пасеянае ў страсці яго семязерне ўзышло?
— Сцеражыся,— яшчэ раз папрасіла Ганна, мала цяпер падобная на княгіню, больш на богачынную манашку, праўда, замужнюю i маці дваіх дзяцей.
— Не хвалюйся, Ганна,— сардэчна сказаў ён.— Hi сябе, ні вас у крыўду не дам.
— Вось i добра,— усцешылася тая i адышла да дзяцей. Да рослага, як i бацька, але не рыжаватага i не пахмурнага, а русявага i з мяккімі, як у маці, рысамі твару Войшалка ды да сярэдняга росту i поўненькай вясёлай гаварухі Дануты — тая, як i заўсёды, пазірала на яго са збянтэжаннем. Нібы душой адчувала тое, пра што таілася яе маці. Ці, можа, маладзенькая, яна не магла не сумецца ад яго пяшчотнага позірку.