Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— I ты, Цішук, будзь чуйны, глядзі ва ўсе вочы i слухай ва ўсе вушы,— папрасіў Міндоўг Усяслававага ахоўніка.— Расціслаў, можа, не здолее настроіць супраць Усяслава князя, можа, не асмеліцца ўзбунтаваць гараджан, але можа знайсці якую-небудзь поскудзь i падаслаць ва Усяславаў дом з кінжалам альбо з ядам. Дык ты, Цішук, не пускай у дом нават муху!
— Перастаньце,— ажно сумеўся Усяслаў.— Бадай, няма мне такой па грозы, пра якую вы думаеце.
Да яго падышла княгіня Ганна — сярэдняга росту i сярэдняй паўнаты жанчына. Яна, маўклівая, сціплая, бадай, ніколі не ўбіралася ў багата-святочнае княскае адзенне, а цяпер, у жалобу, была зусім простая — у цёмным сарафане, акаймаваным паўз грудзей i да падолу яшчэ цямнейшай, з галінак i лісточкаў, вышыўкай, пад сарафанам была доўгая, да зямлі, рудаватая сукенка, а на галаве — звужаны ўверсе цёмны какошнік з цёмнай накідкаю на патыліцы. Як i заўсёды, Ганнін белы, з вялікімі вачыма i прадаўгаватым носам твар меў сумна-пакутніцкі выраз. Можа, з-за яе пустэльніцкага ляснога ці частага беглага жыцця альбо ад сямейных звадаў. Сказаць шчыра, за гэтыя хвалюючыя i цяжкія для яго хвіліны сустрэчы з князем i баярамі Усяслаў нават не заўважыў: павіталася яна з мужам-князем ці не (апошні час, як здаецца, яны зусім зчужэлі адно да аднаго: Міндоўг, кажуць, зноў злюбіўся з іншай каханкай. Калі той толькі час ад часу, ратуючыся ад варожых суседзяў-князёў, прылятаў сюды ў пыле i поце, дык Ганна з дзецьмі жыла ў Навагародку больш, чым у сваёй Руце, была не толькі жаданай i прыемнай госцяй, але паволі стала ўважлівай i дабрачыннай апякункай старога i хворага Ізяслава. Тут, у навагародскай царкве, яна ўпотай ад Міндоўгавых баяраў i іхніх суседзяў-князёў-язычнікаў пахрысціла ў «веру от Востока» сына Вой шал ка i дачку Дануту. Можна сказаць смела, ён, Усяслаў, быў не толькі княжычаў, але i Войшалкаў пястун).
— Ты праўду чуеш, Усяслаў,— падышла, глыбока i цёпла зірнула яму ў вочы Ганна.— Сцеражыся. I для Навагародка, i для нас...
Гэтыя «для нас» Міндоўг, Войшалк i Данута, канечне ж, зразумелі па-свойму -— найперш як клопат пра іхнюю сям'ю i Руту, але для Усяслава пачутыя словы абзыўнуліся даўнім хваляваннем...
Гаротніца Ганна даўно ўжо ўведала: яму, ваяводзе, здароваму i дужаму мужчыне, у жыцці вельмі i вельмі нялёгка. З-за добрай, чулай, але зусім нездароўчай жонкі. Пазнаёміўшыся, Ганна хутка пасябравала з ёй, як магла памагала выцерпліваць цялесны i душэўны боль, гартавала хрысціянскую цярплівасць; Усяслаў радаваўся, што ў яго пакутніцы нечакана з'явілася такая высокашаноўная, адукаваная, з тонкай душою i высакародная сяброўка, клапоціцца пра яе i дачку, што яму, ведаючы гэта, лягчэй адлучацца з дому i быць у баявых паходах. Што да Міндоўга, дык ён, здаецца, зусім не раўнаваў, што яго Ганна заўсюдная госця ў доме навагародскага ваяводы — як усе кажуць, маладога пагляднага мужчыны, па якім ажно млее не адна навагародка, нават больш — жартаваў з гэтага i часамі з непрыстойнымі намёкамі, а то i нібы падштурхоўваў жонку i яго да блізкасці. Можа, i наўмысна. Можа, для таго, каб не толькі апраўдацца за свае гулі, але i каб развесься.
Усяслаў з Ганнай, што бывае рэдка паміж маладымі мужчынам i жанчынаю, шчыра пасябравалі, ажно пароднелі праз бяду i гора. Праўда, не раз запыняючы на ёй позірк, ён міжволі адчуваў: Ганна — не красуня, але здаровая, мае прыемную акругла-жаночую постаць. Жанчыны яе пароды звычайна, калі жывуць у дастатку, абласканыя мужам, маюць здаровых i разумных дзяцей, шчаслівыя, паволі, год за годам, харашэюць, з няўклюднага i нашатэранага гусяняці становяцца беласнежнай i градыёзнай лебядзіхай. Але Ганна не мела такіх спакою, ласкі, яна нават была зарана запакінутая, дык яе цела i душа не толькі не пышнелі, але запыніліся развівацца як след: не хапала іскрыстага бляску ў яе вачах, пакатасці i гібкасці ў плячах ды спіне, акругласці ў клубах, раскошы ў грудзях, лёгкасці i вабнасці ў хадзе, што ўсё разам паступова робіць жанчыну ўсё мілейшай i непаўторнай. Як заўважаў Усяслаў, усё гэта, што мусіла запыніцца i чэзнуць, выбівала Ганну з каляіны: яна нечакана то ўспыхвала хваляваннем, усміхалася ці нават заходзілася ад смеху, то, наадварот, замаўкала, маркотнела, плакала ні з таго, ні з сяго альбо падхоплівалася i тут жа сыходзіла з іхняга дому. Усяслаў, паколькі сам шмат цярпеў i мусіў глушыць у сабе, пачаў разумець, што i чаму адбываецца з Ганнай. Праўда, не мог нічога пра гэта сказаць ёй, тым больш пайсці на большае — скажам, пазаляцацца, але, хаваючы глыбока ў душы сваё прадчуванне, а з ім i жаданне, пачаў больш, чым трэба, бянтэжыцца i ніякавець перад ёй; яна, ловячы яго адмысловы позірк ці бачачы яго разгубленасць, таксама пачала мітусіцца i асцерагацца застацца з ім сам-насам.