Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Такое доўжылася год-другі; ён i Ганна непахісна не давалі волі свайму ўзрушэнню i непакорнай плоці, хоць гэта было пакутліва. Можа, i не менш за тое, каб яны прызналіся адно аднаму пра ўсё ці нават па-грэшнаму зблізіліся. Адзін Бог ведае, што i як было б далей, каб не адна летняя цёплая ноч, калі яны трапілі разам у госці да ягонага сябра-баярына. У шчырай кампаніі Ганна зусім неспадзявана падпіла, развесялілася, хораша спявала, увачавідкі пахарашэла — можа, проста не змагла не ўспыхнуць жаноцкасцю i дзеля яго: ён не зводзіў з яе зачараванага позірку, любаваўся, жадаў прытуліць яе, саромеўся, ніякавеў — як ніколі, узбудзіў сэрца i душу, а то i сваю плоць. Потым, калі ўжо ў цемені, ён падводзіў яе да княскага палаца, яна, аблакочваючыся аб яго, бадай, упершыню за іхняе знаёмства зашаптала шчасліва:
— Усяславе, я — цвярозая, я — i зусім п'яная! Мне сёння вельмі добра! Як ніколі!
— Ты сёння незвычайная,— прамовіў i ён шчасліва.— Пекная. Чароўная.
— Праўда? — здзівілася, але цяпер не проста шчыра, а як гэта ўмеюць рабіць толькі прыгожыя жанчыны, весела i свавольна.— Я, дружа, сёння баламутніца.— Прытулілася гарэзна, абедзвюма рукамі сціснула ягоны локаць.— I табе, такому сур'ёзнаму, падабаюцца баламутніцы?
— Які я не ёсць, Ганна, але я ўсё ж жывы чалавек, мужчына,— усміхнуўся ён, таксама сёння цвярозы i заадно п'яны.— Дык чаму будзе не даспадобы вясёлая жанчына? Ды калі ведаеш: яна — зусім не ліхадзейка, а шчырая i добрая?
Ганна затрымала яго i зірнула яму ў вочы:
— Ты праўду кажаш?
— A хіба я табе калі маню?
— Не. Ты не маніш. Ты толькі штосьці тоіш ад мяне.
— Таю,— прамовіў i адчуў, як штуршканула ўзбуджанае сэрца маладым хваляваннем.
— Што? — спытала шэптам.
— Ты i сама ведаеш...
— А ты скажы. Можа, лягчэй будзе. I табе, i мне.
— А ты, княгіня, хочаш пачуць гэта?
— Я цяпер не княгіня,— ціха прамовіла.— Я цяпер, як сама лічу, баламутніца альбо, як ты гаворыш, не ліхадзейка...
Нават у цемені было відаць, як молада i прызыўна бліснулі яе зрэнкі, пасвятлеў i яшчэ болей папрыгажэў твар, пажадна смыкнуліся вусны. А можа, усяго гэтага i не было бачна, можа, Усяслаў найперш адчуў гэта, дзеля чаго непатрэбныя вочы, дзень, калі ёсць душэўныя святло i позірк.
Яны памаўчалі з хвіліну, усхвалявана дыхаючы, а потым яму здалося, што яна блізіцца да яго — ён таксама паімкнуўся, i яны прыпалі адно да аднаго i ўпершыню пазналіся вуснамі не як сябры, а як Ён i Яна. Ганна, закінуўшы яму на шыю рукі, цалавала доўга, прагна, ціхенька стагнала i блізка ціснулася станам, міжволі паказваючы, што ў яе ёсць усё жаночае i гэтак жа міжволі ўжо не толькі ўзбуджаючы, але i ўспламяняючы ягоную плоць, што, бадай, яшчэ ніколі не зведвала такога жару. Адчуўшы гэта, Ганна не адхіснулася, падалася яшчэ бліжэй, выяўляючы пяшчотны i ў той жа час магутны жаночы покліч — як не стрымаць у цёплай i вільготнай глебе зернейка, якое хоча абудзіцца i расці, так i ім абоім цяпер не было сілы стрымаць таго, што прагла свайго, дадзенага матухнай-прыродай i што бывае толькі паміж мужчынам i жанчынаю...
Потым, калі схлынулі, супакоіліся гарачыня i шал, калі вярнуліся існасць i памяць, Ганна ціха, нават задуменна крочыла з ім побач да княскага палаца. Ён, невялікі знаўца жанчын, добра не ведаў, што яна цяпер ад чувала ці пра што думала, а вось яму не ўдавалася паадолець сораму i віны — найперш перад ёй, такой безабароннаю i добраю. Калі на развітанне, непадалёку ад дружыннікаў вартавых, ён прыхіліў яе i пацалаваў, яна папрасіла:
— Заўтра пагаворым, добра?
Затым, не чакаючы, што ён адкажа, цмокнула ў шчаку i паволі пакрочыла да ўвахода ў церам. Ён так у тую ноч i не ўведаў, што ў яе на душы, а сам, на гэты раз не зазірнуўшы ў жончыну спальню, падаўся ў свой пакой, лёг i доўга не спаў, уражаны, нават аглушаны тым, што гэтак нечакана i бурна адбылося. Радаваўся, што меў у абдымках маладую i здаровую, ахвотную да яго жанчыну, што зведаў такую незвычайную страсць i яшчэ шмат чаго, што яшчэ не пазнаў у жыцці, але гэтую радасць вярэдзіў нейкі згрызотны адчай. Здавалася, цяпер ён не толькі кепскі муж, бацька, але i ўвогуле вінаваты за ўсё перад усім светам. Дагэтуль ён нават не здагадваўся, што мужчына можа гэтак уражвацца ад здрады жонцы.
Калі назаўтра ўлучыў хвіліну i спаткаўся сам-насам у святліцы з Ганнай — таксама змененай за гэтую, мусіць, амаль бяссонную ноч, прыгнечанай, але ў той жа час i нейкай новай, мяккай ды лагоднай,— прытуліў яе, дык яна зноў блізка падалася.
— Як ты? — зірнуў у яе ажыўленыя блакітныя вочы.— Каешся?