Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Кліч роднага звона - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Кліч роднага звона

Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:

Чытач трымае ў руках кнігу вядомага празаіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Генрыха Далідовіча: тут i раман «Кліч роднага звона» — пра першыя самастойныя крокі, узвышэнне Навагародка як горада, княства i цэнтра будучай дзяржавы ў далёкім XIII стагоддзі, i новыя апавяданні з цыкла «Жар кахання», i развагі сталага ўжо творцы пра жыццё i літаратуру. Як i ранейшыя, новыя творы пісьменніка вызначаюцца навізной, заглыбленым псіхалагізмам, яркасцю мастацкіх карцін i сакавітай беларускай мовай.
1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 187
Перейти на страницу:

— Лазня гатовая?

— Гатовая, гаспадар,— адказаў той з наклонам.

I ў лазні (столь з аполкаў, наверсе — кастрыца, сцены з бярвёнаў, падлога з дошак, печ-каменка), кал i голы сядзеў, уваграваўся, пацеў на лаўцы, а потым ляжаў на палку i ажно крактаў-стагнаў ад пякельнага духу, што ўскідваўся парай ад гарачых каменняў i ад веніка, якім хлістаў Крук, а затым, калі мыўся, пераапранаўся ў бялюткую доўгую кашулю, калі, саромеючыся зірнуць у вочы дапытлівай Марылі, сілкаваўся і, урэшце, калі ўжо стомлены i ў той жа час амаладзелы ляжаў у сваёй спальні на чысценькай i свежа-халаднаватай пасцелі,— дык вось увесь гэты час яго не толькі не пакідалі, а нават узмацняліся ўзбуджанасць, адмысловы жар i покліч плоці. Ён i здзіўляўся, што такое яшчэ можа быць (думаў, што перагарэў ужо як мужчына-каханак ці, лепш сказаць, мусіў змарнаваць свой любоўны запал), i саромеўся, i разам з тым разумеў, што непатрачанае i нязведанае бярэ сваё. Ён, бачачы, што Любка-дзяўчо паволі, але нястрымна, як тая калючая i не кідкая шыпшына, расцвітае пяшчотнай i прыгожай кветкаю, абдзяўчыньваецца, не мог не захапіцца ёю. Не, ён не меў юрлівага намеру, даваў старэйшай дачцэ яго вернага дружынніка i ахоўніка прытулак, каб пасля памагчы яе бацькам выдаць яе замуж i даць добры пасаг, зрабіць шчаслівай у аддзяку за верную службу яе бацькі, ён любаваўся ёю, як кожны любуецца кветкай — гэтым незразумелым, але цудоўным дарам нрыроды. Ды вось, мабыць, гэтыя захапленне i любаванне перараслі ў каханне. Не ў маладыя ўжо гады. Сорамна некаму, нават сабе прызнацца, што ўжо дзед, мае ўнука, ваявода — дзяржаўны i ваенны муж, мусіць дбаць пра Навагародак i ўсю Навагародскую зямлю, а ён усё яшчэ жыве не толькі па розуме, але i з пачуццямі. Ці, можа, гэта звычайна, добра, што ён умее i цяпер заўважаць хараство, любавацца, адчуваць трапяткое маладое хваляванне? Можа, дарэмна ён пасля мігу любові з Ганнай i жончынай смерці пачаў глушыць свае пачуцці, пазбягаць таго, без чаго не павінен жыць здаровы i чулы мужчына?

...Любка паставіла конаўку з хлебным квасам на зэдлік i, пачціва апусціўшы вочы, хацела выйсці. Бедная, яна, мабыць, зусім не здагадвалася, што ён не хоча адпусціць яе з пакоя, жадае бачыць, цешыцца яе красой i маладосцю, дабрэць, чалавечыць ад яе шчырасці i дабрыні — дзякуй богу, каханне, чуласць i сардэчнасць яе бацькоў перадалі ёй усё лепшае, а прырода да гэтага шчодра надзяліла яе красою. Канечне, Любка — навагародская красуня. I як казала гэтай вясной яму Ганна, красуня не халодная, не бязлітасная ды неміласэрная, а лагодная i прыстойная.

— Любка,— бачачы, што яна вось-вось сыйдзе, запыніў яе,— пачакай.

Яна, пачуўшы адменны ягоны голас, раптоўна запынілася i аж сцепанулася плячыма. Пастаяла міг знерухомлена, а пасля павярнулася, зірнула i сарамліва, i з нейкім незразумелым сполахам.

— Замкніся i хадзі сюды,— па-змоўніцку прамовіў ён, a калі яна паслухала і, здаецца, ажно заміраючы, падышла, паказаў вачыма на стол каля акна з шасцю зашклёнымі рамкамі.— Вазьмі тую хоўтку.[42]

Любка ўзяла прастакутны, з выгнутым вечкам, чорны, з залатымі кветкамі пудэлак, паднесла да яго.

— Адчыні вечка.

Адчыніла. У шкатулцы ляжалі шкляныя рознакаляровыя i пазалочаныя бранзалетьт, залатыя пярсцёнкі i завушніцы, розныя каралі — падарунак князя Данілы для ягонай дачкі.

— Падабаецца? — усміхнуўся.

— Вельмі! — як i кожная дзяўчына, захапілася ад такога багацця i хараства.

— Гэта — тваё.

У яе мігам падняліся чарнявыя броўкі: усё гэта — мне? Ды гэта ж сама меней для баярыні! Мне можна насіць толькі простае, самае вялікае сярэбранае!

— Табе-табе,— запэўніў ён з уцехай, што можа прынесці ёй радасць.— Начапі тое, што табе найболыи спадабалася. Тут. Цяпер. Я хачу ўбачыць, як гэтыя рэчы не столькі ўпрыгожаць цябе, колькі ўпрыгожацца на табе самі!

Любка сумелася, зніякавела. Канечне ж, ёй былі даспадобы гэтыя ўпрыгожанні, але яе стрымлівала тое, што яны не для яе. Яны — для Звеніславы.

— Чаму ты не хочаш упрыгожыць золата, шкло, серабро i эмаль? Зрабі мне прыемнасць, пацеш мяне маладосцю i красой.

Яна зірнула на яго са здзіўленнем: ён ніколі не быў да яе такі строгі, як да іншых, але i не гаварыў вось так ласкава. Канечне ж, яна адчула: гэтая ласка да яе не як для дачкі паважанага ім чалавека, не як для пакаёўкі, а як для маладой i прыгожай дзяўчыны. Пасля выбрала самае дарагое i шыкоўнае, начапіла на вушы, на шыю i на рукі, ужо трошкі з выклікам стала перад ім: глядзі, вось якая я, гаспадар!

вернуться

42

Xоўтка — шкатулка.

1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 187
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)