Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Сядзь каля мяне, краса ненаглядная,— папрасіў.
Падышла, апусцілася на краёк ложка — бокам, не пазіраючы на яго.
З хваляваннем, як у падлетка, узяў яе невялікую, не агрубелую ад цяжкай i бруднай працы, але, як адчувалася, дужую ад сялянскіх генаў руку:
— Скажы шчыра: ты чакала мяне з паходу?
Змаўчала, ніжэй апусціла галаву.
— Прашу: скажы.
Ледзь варухнула вуснамі:
— Чакала.
— Як?
— Так, як i ўсе...
— Я ведаю, як ты чакала бацьку. Але я хачу пачуць, як ты чакала якраз мяне? Як свайго гаспадара ці i як чалавека?
Чуйная душой, дык пачала разумець, пра што ён дапытваецца. Запунсавела, як i нядаўна на дварэ.
— Скажы,— зноў папрасіў,— гэта для мяне шмат значыць.
— Чакала, i як гаспадара, i як чалавека,— амаль прашаптала.
— Зірні на мяне,— пацягнуў яе за руку.— Усю праўду скажы: радая, што я вярнуўся жывы?
Зірнула ўмітусь:
— Як i ўсе, радая.
— Я ж не пешчу вас усіх. Як вы кажаце, я строгі, а то нават часамі i суровы.
— Ты i справядлівы, добры...
— ...але стары ўжо, брыдкі...— падхапіў яе словы.
— Няпраўда! — па-маладому загарачылася яна.— Я так не сказала.
— Але хацела сказаць?
— Не! Ты яшчэ не стары і... харошы...
— Магу яшчэ падабацца жанчынам? Нават дзяўчатам?
Раптоўна пыхнула чырванцом, не адказала.
— Не маўчы, гавары праўду,— запатрабаваў, трошкі наўмысна смела, але з хваляваннем. Не дай бог, калі яна шчыра скажа, што ён шэпшаль ужо трухлявы, дык ён гэтага не вытрывае.
— Ты падабаешся многім... I жанчынам, i дзяўчатам...— сарамліва адказала яна.
— А табе?
Налілася ўжо чырванню, твар — яе паспелая каліна.
— Для цябе я ўсё ж застары, праўда? — паблюзнерыў.— Яшчэ раз скажу: гавары, i толькі праўду! Маны мне не трэба, яе я не дарую i табе, краса ненаглядная.
Плюснула павекамі, гатовая ледзь не заплакаць. Мусіць, не магла ўсвядоміць усяго, саўладаць з тым, што так нечакана абрынулася на яе яшчэ незагартаваную душу:
— I я ж казала: ніякі ты яшчэ не стары...
Ён разумеў, што як гаспадар, як сталы ўжо чалавек не павінен так размаўляць з маладой i сумленнай дзяўчынаю, змушаць яе гаварыць яму прыемнае, а то i ва ўсім падпарадкоўвацца яму, ведаючы, што сіла не за ёй, а за ім, але ён скрозь усяго гэтага прадзіраўся да таго, што было яму мілае i дарагое, што магло яму даць гэтае мілае зямное ці, можа, i нябеснае стварэнне.
— Не бойся: я не думаю цябе пакрыўдзіць,— сказаў ужо нібы з выбачэннем, але яшчэ бліжэй пацягнуў яе за руку да сябе.— Ляж са мной, калі я табе не прыкры.
Легла. Зусім пакорліва, але задыхала трывожна.
— Любка, паслухай мяне ўважна,— прамовіў з просьбай.— Думаю, ты добра ўжо ведаеш: той-сёй з гаспадароў паводзіцца вольна са сваімі слугамі-жанчынамі i дзяўчатамі, а то i змушае ix да граху. Я — твой гаспадар, маю над табой уладу, але я не магу i не хачу быць тваім крыўдзіцелем. Я, мабыць, для цябе стары i брыдкі, ды побач з табой маладзею, хачу жыць, кахаць. Ты, маладзенькая, толькі адчуваеш, што гэта такое — каханне, імкнешся да яго так, як імкнуліся да яго нашы дзяды i прадзеды, але я, ведаючы ды не спазнаўшы гэтай чароўнасці i сілы, можна сказаць, цяпер з табой нароўні... Я мушу сказаць табе тое, пра што сам баюся думаць, чаго збаішся ты, што цябе можа нават глыбока абурыць... Выслухай. Будзеш супраць — так i скажы, я не пакрыўджуся i не буду помсціць, бо, сама ведаеш, гэта не ў маім характары, але калі ты зразумееш мяне, згодзішся на тое, на што я цябе хачу схіліць, ты мяне ашчаслівіш... Дык вось, Любка мая, скінь свой андарак, гарсэт!
Затрымцела рука беднай у ягонай руцэ. Але, як здалося яму, яна не абурылася i не зазлавала, толькі ўспыхнула сорамам:
— Брыдка ж!..
— Я ж, цяпер самая мілая i дарагая мне жаночая душа, прашу: зрабі гэта для мяне. Аднаго. Канечне, калі ты хочаш якраз мне прынесці радасць.
Яна вагалася, але калі ён узяўся памагаць застацца ёй без гарсэта i андарака, не супраціўлялася, а потым то ўздымала рукі, то прыпадымалася клубамі i спіной, каб урэшце быць без ніякага адзення. Праўда, потым хуценька накрыла аголеныя грудзі загарэлымі да локцяў рукамі.
Яму, спазнаўшы ўжо, што такое жыццё, колькі ў ім самага ўсякага — шчырага, чулага i разам з тым згрызотнага, зваднага, мярзотнага i балючага,— колькі бед, слёз i крыві, якое цяпер усіхнае навагародскае гора, радуючыся, што вярнуўся з новага баявога паходу ў свой любімы горад i дом, ляжыць вось на дыхтоўнай, уважліва дагледжанай жанчынаю пасцелі,— дык вось яму сёння, якраз цяпер, было замілавана i радасна бачыць побач тое, што зараз яго натхняла: дзявочае хараство. Як цяпер лепш убачыў, Любка была сярэдняга росту, але станістая, нават трошкі па-тутэйшаму камлістая, ды кожныя згібы, лініі на ёй былі грацыёзныя: паўналытныя белыя да калень ногі, акругленыя сцёгны i рэзка, але вабна круглаватыя прызыўныя клубы, што былі яшчэ па-дзявочаму матава белыя, без ніякіх жаночых жылкавых разрываў; жывот, хоць i падцягнуты, быў таксама нібы круглаваты, з неглыбокім, але па-чароўнаму вабным пупком, грудзі пад заслоненымі рукамі бачыліся поўнымі i стромкімі. А да ўсяго цяпер нязвыкла i ўражліва хораша альбо нават чароўна кідалася ў вочы ўпрыгожанне на Любчыных вушах, шыі i руках.