Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 236 237 238 239 240 241 242 243 244 ... 254
Перейти на страницу:

Аднаго разу Косця недагледзеў і шухнуў у прорву ледзьве не з галавой. Хлопец спалохаўся — так можна і ўтапіцца. Ледзьве выбавіўшыся з прадоння, стаў на купіне, перакуліў сумку, у якую таксама набралася вады. Так стаяў колькі хвілін, пакуль з ягонай апраткі цурком сцякала вада, і думаў, што Рабінзону ўсё ж было лепш — той плыў па моры, у чыстай вадзе. I яшчэ ў яго быў сябар — Пятніца… Удвух заўжды не так, як аднаму, — у два разы лягчэй у кожнай бядзе. Было б добра, калі б учора з ім пайшоў яго сябра Лёнька, яны, пэўна, хутчэй бы завялі партызанаў у Багавізну. Ды Лёнька паехаў вазіць з бацькам сена, а Косця адбываў радоўку на пасце. Кепска, што ён нічога не сказаў нікому, Аўгуста там, пэўна, раскрычалася на ўсю вёску. З паўдня з ёй на пасту, канешне, пагнаў брацік Віцька. Малы яшчэ бегаць за каровамі, але больш няма каму. Косця любіў брата, можа, болей, чым маці, браў яго на возера вудзіць уклейкі, катаў на брычцы, як звозілі сена. А ўзімку расказваў прачытаныя кніжкі. Віцька заўсёды ўважліва, амаль зачаравана слухаў, а пасля ўвечары мкнуўся расказаць пачутае маці. Маці, аднак, слухала кепска — яна болей плакала.

Каб хутчэй прыйшоў бацька, было б лягчэй, а галоўнае — весялей дома. I Віцьку, і Косцю, і, пэўна, павесялела б маці. А то ўсё сварыцца і плача, плача і сварыцца. Праклятая гэта вайна! Яна забрала іх бацьку. I вучыцца няма як. Няма школы, настаўнікі параз’язджаліся хто куды. Некаторыя ў горад ці ў якую вёску. А настаўнік матэматыкі Пётр Максімавіч, кажуць, стаў паліцыянтам у раёне. Ціхі быў, добры вучыцель. Чаму так?

Далей яны ішлі так: Косця, які трохі прызвычаіўся да дрыгвянога шляху, далекавата адрываўся ад астатніх — ён бы разведваў накірунак, пракладаючы ў імшарыне блытаны, разварушаны ў гразі след. Прайшоўшы, здаля чакаў камандзіра, які брыў не дужа рухава, болей ашчадна і, дагнаўшы хлопца, хвіліну адпачываў на купіне побач. Тады Косця зноў лез у багну і брыў далей. У адным месцы не было і купіны, каб спыніцца, і хлопец ледзьве не плыў, па плечы пагрузшы ў чорнай з аерам вадзе. Ля зарасніку жоўтых гарлачыкаў неяк выбраўся на мяльчэйшае, уладкаваў на кусце сваю дашчэнту мокрую сумку і быў гатовы заплакаць, што гэтак няўдала завёў партызанаў. Думаў, камандзір яго вылае, як падыдзе бліжэй, і каб не слухаць лаянкі, зноў памкнуў у багну.

Так яны і прабіраліся — быццам перабежкамі на полі бою, як пажартаваў здаля старшына Агрызкаў. Малайцы партызаны, яшчэ сказаў ён, зашыліся так, што ніякі Пінкертон не знойдзе. Мабыць, так, думаў Косця, які таксама колісь чытаў пра Пінкертона, але цяпер чамусьці не адчуў жаднага захапленьня партызанскаю хітрасцю. Між тым хвойны грудок, куды яны трымалі накірунак, пакрысе набліжаўся. Хаця яшчэ доўга давялося ім боўтацца, правальвацца і караскацца на купіны, пакуль дасяглі цвярдзейшага пад нагамі. I не заўважылі нават, як за балотам села ў хмару нізкае сонца. Накаціўся вечар.

Нарэшце дасяглі хвойніку і выбавіліся з д’ябальскіх абдымкаў багны. Косця, як вылез з балота на вузенькі пясчаны беражок, адразу знясілена ўпаў і ляжаў, бы ў непрытомнасці. За ім вылез і таксама ўпаў камандзір. Павыбіраліся астатнія. Усе злосна, знясілена маўчалі…

Першы ачомаўся на беразе камандзір, — сеў, пачаў знімаць боты, выліваць ваду. Пасля павыкручваў анучы, прыпол гімнасцёркі. Ягоны рэчмяшок з каштоўнаю ношкай таксама быў добра падмочаны, як і палявая сумка. Але надта сушыцца ўжо не было як — сонца зайшло, удалечыні над балотам пачаў паднімацца лёгкі празрысты туманок. Агледзеўшы наваколле з хвойнікам, Гусакоў раптам нібы спалохана вымавіў:

— А гэта што такое?

Яны павярнулі галовы ў той бок, дзе недалёка канчаўся гэты пагорак-мысок з маладым хвойнікам — там, відаць было, тырчэў у неба драўляны знак трыгапункта, падобныя на які дзе-нідзе ўжо трапляліся ім на тутэйшых палях. Згледзеўшы яго, камандзір адразу схапіўся за карту, дрыготкімі рукамі разгарнуў на траве яе падмочаны аркуш.

— Так, так, так!! Дык гэта ж трыгапункт семдзесят пяць нуль. Точна! Старшына, а ну зірні, што па той бок сасняку.

Агрызкаў, як заўжды, неахвотна падняўся, узяў аўтамат і палез у хвойнік. Седзячы трошкі ўбаку ад астатніх, фельчар заклапочана поркаўся ў сваім рэчмяшку, мармычучы, што ўсё намокла, прапалі лякарствы. Да яўнае радасці камандзіра, здаецца, ён быў абыякавы. А той, паспешна накручваў анучы, каб сунуць ногі ў мокрыя кірзачы. Аднак не паспеў ён абуцца, як з хвойнага гушчару вылез старшына.

1 ... 236 237 238 239 240 241 242 243 244 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)