Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 239 240 241 242 243 244 245 246 247 ... 254
Перейти на страницу:

Хлопец устаў, здрыгануўся і чакаў, яшчэ не ведаючы, куды ісці. Сваё ён адвёў, цяпер, мабыць, павінны весці яго. Толькі куды?

— А куды?

— Туды. У сасоннік, — перасмыкнуўшы абпаленымі вуснамі, прамовіў Тумаш. — Тут, недалёка.

Відаць было ў паўзмроку, як Косця няўцямна цепнуў плячыма, але пайшоў, — спярша па беразе, а пасля мусіў улезці ў гушчар, бо прайсці па беразе ўжо не было як — не стала і берага. Тумаш палез за ім следам. Ужо ўпоцемку, прабіраючыся праз калючы хвойнік, хлопец пару разоў прыпыніўся, мяркуючы, што фельчар яму штосьці скажа. Але фельчар не казаў нічога — фельчар усё думаў — дзе? Дзе яму стрэльнуць? У гушчары было цёмна і нязручна, ён мог не трапіць. А пасля з’явілася маленькая думка — можа, ён уцячэ? Уцячы было ўвогуле лёгка, і Тумаш бы яго не дагнаў. А можа, і не спрабаваў бы дагнаць, што ён, сабака? Ці які міліцыянт. Ён фельчар, медык, ягоны абавязак лячыць людзей, а не забіваць іх. Ды во змушаны…

Але хлопец не ўцякаў, спакойна ішоў да свае пагібелі, і фельчару аж зрабілася злосна. Трэба нарадзіцца гэткаму дурню! Ці ён не разумее?

А хіба ж усё разумеў Тумаш?

— А куды… куды мы ідзём? — упершыню з ціхай трывогай папытаўся Косця. Яны ўжо далекавата адышліся ад берага, ужо трэба было паспяшацца зрабіць, што загадана, а Тумаш усё не мог набрацца рашучасці і толькі мармытаў штось бездапаможнае. I хлопец, мабыць, адчуў штосьці нядобрае ў настроі гэтага чалавека.

— Куды вы мяне ведзяце? — ужо голасна, з надрывам, папытаўся Косця і стаў. «Ах, каб ты прапаў, дурань, — падумаў Тумаш. — Ну што з ім рабіць?»

— Слухай, — няцвёрда сказаў ён. — Ты — бяжы!

— Куды?

— Бяжы ты, халера на цябе. Не разумееш, ці што?

— Бегчы? Дзядзька, вы не партызаны? Вы не партызаны! — раптам праз плач закрычаў ён, бы штось зразумеўшы.

— Уцякай! — крыкнуў Тумаш. — Бяжы, ну!..

Мабыць, Косця ўсё ж зразумеў, што ад яго патрабавалася, і падаўся ў чорны гушчар. Тумаш аж уздыхнуў з палёгкай, падняў сваю СВТ і стрэліў угару. Стрэл грымнуў нечакана гучна, аж аглушыў фельчара. Той стаіўся, трохі счакаў, пакуль заглухла над балотам далёкае рэха, услухаўся. Хлопца ўжо не чутна было ў хвойніку, мабыць, можна было вяртацца на бераг. Але вяртацца туды не хацелася, і Тумаш стаяў, слухаў, чакаў, аж покуль здаля не данесліся выгукі ці, можа, яму здалося. Але — не здалося, бо зараз жа за імі грымотна пратрашчэла чарга, другая, дзве запар — гучнае водгулле разнеслася над балотам. Тумаш спярша прысеў, затым ускочыў і кінуўся ў другі бок, — да камандзіра з Агрызкавым. Але па ягоным шляху гучна зашчоўкалі кулі, ссечаныя імі галінкі сыпанулі з хвой. «Авохці мне, ну ўліп! Ну ўліп!» — стукала пякельная думка. Бегучы, фельчар усё чакаў — зрэжа, во гэтая зрэжа і яго. Ён і прысядаў у хвойніку, і бег, бы заяц, — блытана і не ўлад, абдзіраючы галаву і твар аб калючае голле.

Як выскачыў з хвойніку на вузенькі асакаваты бераг, кулі хвасталі воддаль, мабыць, цяпер па яго двух спадарожніках — рыкашэтам разьляталіся і візгалі над балотам — Тумаш прыпыніўся, лёг. Куды ж было бегчы? Хто і адкуль страляў, яму было ўсё роўна. Тыя ці іншыя, але яго намагаліся забіць, і ён мусіў ад іх ратавацца. Толькі дзе тут было ратавацца? Памарудзіўшы, ён шаснуў у балотную глыб, адразу праваліўшыся па сцёгны. Добра, што ягоная ношка — рэчмяшок і сумка — засталіся там, улегцы яму стала зручней. I ён пабрыў па багне, далей ад хвойніку, усё болей улазячы ў ваду. Вінтоўку, аднак, не кідаў, вінтоўка яшчэ магла спатрэбіцца. Хаця і не для паратунку — адчуваў, уратаваць яго магло толькі балота.

Як там спынілася страляніна, тады і ён спыніўся, стаіўся ў багне, прыціх, думаў, куды падацца.

Старшына на беразе скалануўся — пачуў галасы. Здалося, у тым баку, куды пайшоў Тумаш. Два ці тры выгукі, і даўгая аўтаматная чарга зрушыла начную цішыню. Зусім блізка — над галавой і побач страхавіта ціўкнулі кулі.

— Што гэта? — вырвалася ў Гусакова.

— Ярунда гэта, камандзір! — з адчаем выгукнуў старшына. Ягоны голас адразу заглушыла некалькі чэргаў зблізку — ужо з самага хвойніку. Білі ў бок трыгапункта, а кулі ляцелі цераз іх галовы па беразе, разляталіся над балотам. Старшына схапіўся за аўтамат, але камандзір побач крыкнуў:

— Не страляй!

Яны ляжалі на самым беразе, тулячыся да воглага пяску; бегчы ў балота, аднак, не адважваліся. Праз кароткі час зноў ударыла некалькі чэргаў — ужо з двух накірункаў, ад хвойніку і ад трыгапункта. Іх перакрыжаваныя трасы агнянымі мухамі нізка паляцелі над балотам і згаслі ў тумане. Камандзір з пісталетам у руцэ прыўстаў на каленях і хацеў штось крыкнуць. Але толькі войкнуў і споўз долу. Старшына ўцяўся ў пясок як мага ніжэй і ляжаў так, з аўтаматам у руках. Ён не страляў. Ён ужо разумеў, што гэта — свае і што зараз яны іх расстраляюць, як, мабыць, ужо расстралялі Тумаша. Гэтыя хлопцы сваю справу знаюць — спрактыкаваныя партызаны!..

1 ... 239 240 241 242 243 244 245 246 247 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)