Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 232 233 234 235 236 237 238 239 240 ... 254
Перейти на страницу:

Хвіліну камандзір углядаўся ў карту, агледзеў усе крывулястыя рэчкі з нязвыклымі курсіўнымі назвамі. Там іх было некалькі, але гэтага возера не было. Але, мяркуючы па ўсім, яны ішлі правільна, іначай хлопец так лёгка не пазнаў бы знаёмую мясціну. Той факт надта ўзрадаваў камандзіра.

— То — шагам марш! Вядзі ў абход, Косця! — бадзёра скамандаваў Гусакоў.

Косця паглядзеў у адзін бок, у другі і рашуча, амаль подбегам пусціўся між хвой з пагорка. Яны ўтрох жвава пайшлі следам.

На душы ў камандзіра паспакайнела, нарэшце з’явілася ўпэўненасць. Хоць на карце гэтай мясцовасці яшчэ не было, але, калі хлопец яе пазнаў, дык, мабыць, неўзабаве будзе. Гусакову галоўнае, каб якую адзнаку тае мясцовасці ўбачыць на карце, астатняе ён вызначыць без праблемаў. Незалежна ад каго б там ні было. Тым болей — ад гэтага хлопца-падлетка. Смешна будзе прызнацца каму ў штабе, што вясковы пастушок два дні ратаваў іх, трох узброеных кадравых вайскоўцаў, вёў у партызанскі штаб, якога яны не маглі адшукаць нават з картай. Заблудзіліся, бы недарэкі. Бы апошнія малапісьменныя абармоты не маглі даць сабе рады…

Але, мусіць, так — заблудзіліся, хоць і не па сваёй віне — па чужой, як гэта ўсё ж часам бывае на вайне. Хоць капітан Гусакоў ваяваў нядоўга, да цяжкога ранення ў галаву, але хапіла на фронце і яму. Асабліва на пачатку вайны, калі ён з групай пагранічнікаў адступаў ад самага Беластока праз усю Беларусь да Салаўёўскай пераправы, дзе яго і параніла. Увесь час ішлі — удзень, а болей уначы па ўжо занятай немцамі тэрыторыі, харчаваліся, а то і хаваліся па вёсках і хутарах, спатыкалі рознае. Былі харошыя дзядзькі і цёткі, кармілі, прывячалі, паказвалі шлях на ўсход, плакалі, успамінаючы сваіх крэўных, што вось так недзе мыкаюць вайсковую долю. Але былі і інакшыя. Такія, што хацелі, каб хутчэй прыйшлі немцы ды ўстанавілі еўрапейскі парадак, распусцілі калгасы і вярнулі сялянам іхнюю, адабраную ў калгасы зямлю. Адзін настаўнік, як яны начавалі ў сельскай школе, усё даводзіў увечары, што нямецкая нацыя культурная, верыць у Бога. Што краіна, якая дала свету Іетэ і Шылера, не можа зрабіць некаму кепскага, — наладзіць і ў Беларусі цывілізаванае жыццё. Абы толькі скончылася вайна, а там усё будзе добра, лепей, чым пры саветах. Таго надта разумнага настаўніка давялося шлёпнуць уранку пад сцяной яго школы. Нельга было такіх пакідаць акупантам, якія адразу зрабілі б з іх паліцаяў і паслалі забіваць камуністаў і камсамольцаў. Праўда, трохі было няёмка, што перад тым яны добра пасьнедалі ў яго, нават пачаставаліся мёдам. Ну, але мёд — асобна, а палітыка асобна, як сказаў пасля іхні палітрук Сядзёлкін.

А то было горш. У другім месцы, на хутары маладая прыгожая шляхцянка нават не захацела размаўляць з імі, адно дзяўбла: не разумем і не разумем. Хаця як было не разумець простых пытаньняў, якія ёй задавалі ясным рускім языком? Як пасля яны дазналіся ў суседнім сяле, муж шляхцянкі быў афіцэр польскага войска, разбітага Чырвонай Арміяй у 39-м. Значыць, затаіла крыўду! Шкада, нязручна было вяртацца на хутар, а то б яны паказалі ёй, як крыўдаваць на савецкую ўласць.

Праўда, то было ў Заходняй Беларусі, толькі два гады таму далучанай да СССР, — уплывала доўгае знаходжанне пад буржуазнай уладай. Ва Усходняй жа было трохі інакш. Найперш складвалася ўражанне, што Усходняя абязлюднела — адны бабы ды дзеці ў вёсках, а мужыкі ці на фронце, ці ў партызанах, ці куды пахаваліся? Не магло ж так быць, каб усіх тамашніх калгасьнікаў рэпрэсавалі ў трыццатыя гады, калі ішла непрымірымая класавая барацьба. Хаця, калі і рэпрэсавалі, дык, мабыць, было за што. Калі б так у свой час не зрабілі, дык во цяпер, як пачалася вайна, яны б напэўна стралялі чырвонаармейцам у спіну. Як у Прыбалтыцы.

Возера яны абышлі ўдала — перабраліся цераз нешырокую багністую рачулку. Давялося пасцягваць боты, закасалі штаны. А старшына дык зняў і свае афіцэрскія брыджы, сказаў — надакучыла сушыцца, толькі ўчора падвечар высахлі пасля начнога купання з парашутам. Паводзіў сябе старшына даволі незалежна, не надта выдаючы патрэбную падначаленасць, і тое часам раздражняла Гусакова. Але што ж, старшына — часовы падначалены, з тым даводзілася мірыцца. Зноў жа, не зусім і вайсковец — ні армеец, ні партызан, толькі прыкамандзіраваны для дастаўкі ў партызанскі штаб. Камандзір меркаваў, што старшына звязаны з органамі, хаця і не бачыў у тым нічога асаблівага — хто з імі не звязаны. Канешне, з ім трэба трымаць вуха востра. Бо яшчэ невядома хто да каго прыкамандзіраваны, хто старшы, а хто малодшы. Вельмі нават можа стацца, што ён — і не старшына нават, не Агрызкаў, а хто-небудзь іншы. Зрэшты, Гусакову да таго справа маленькая. Таксама як і да фельчара, які ўсё наравіў адстаць. Усё яму не панораву: то груз на спіне надта цяжка, то горача, то ідуць вельмі шпарка. Адставакаў на вайне Гусакоў бачыў шмат, іхнія мэты былі яму знаёмыя. У тое першае ваеннае лета з іхняе групы, што прабіралася на ўсход, ці не палова не дайшла, паадставала. Па розных прычынах — то знясілелі, то панаціралі ногі, то заблудзіліся. Але найперш не захацелі ваяваць, захацелі дамоў — да жонак і дзетак. Жыць захацелі, падлюгі.

1 ... 232 233 234 235 236 237 238 239 240 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)