Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Гусакоў зноў прыўзняўся на адно калена і зноў хацеў штось крыкнуць, ды ўжо не крыкнуў. Пад новай чаргой ва ўпор торкнуўся ілбом у пясок і заціх.
— Гэй, вашу маць! — губляючы вытрымку, ва ўсё горла закрычаў Агрызкаў. — Што робіце, блядзі! — і лежачы, даў даўгую чаргу з аўтамата — у неба.
Надзіва, чэргі з хвойніку разам спыніліся, пачуліся недалёкія, бы сцішаныя галасы. З цёмнага гушчару вынікла шэрая постаць, прыгнуўшыся спынілася ў нерашучасці. За ёй з’явілася яшчэ адна.
— Тут яны! Во ляжаць…
— Улажылі такі.
— Іш адкуль падбіраліся. Думалі, не ўбачым…
Гусакоў не варушыўся. Наўкола на траве бялелі новенькія партызанскія медалі з расшкуматанага чаргой яго рэчмяшка. Старшына памалу падняўся і сеў на пяску, сціскаючы рукой плячо. Праз пальцы па рукаве горача лілася кроў, і было нясцерпна паныла…
Чорт ведае, што яны нарабілі!.
Апавяданьні
Пагорак
Позьняй веснавой раніцай мы з капітанам Лемешам сядзелі каля дымлівага цяпельца і бавілі час у ленай, нешматслоўнай гаворцы. Увогуле было маркотна, у мяне для радасьці не было падставы. Капітан жа мог бы і парадавацца, але яго, відавочна, займалі новыя думкі, далёкія ад гэтага пагорка і дагарэлага на ім цяпельца. Учора да нас на НП перадалі загад па дывізіі, якім капітан Лемеш прызначаўся начальнікам артылерыі суседняга палка. Для нядаўняга камандзіра батарэяў «саракапятак» гэта было падвышэньне, якое абяцала зусім іншую вайну і службу, іншую, чым тая, што за немалы час добра агоркла капітану. Тыдзень таму на Днястры мы страцілі апошнюю нашу «саракапятку», якую ўшчэнт разьнёс нямецкі снарад. Байцоў, што засталіся ад батарэі, перадалі на папаўненьне ў стралковы батальён, а самі пяты дзень сядзелі на НП камандзіра палка. Ноччу, пакуль камандзір спаў, мы дзяжурылі ў камандзірскім бліндажы, слухалі і глядзелі, што адбываецца на недалёкай перадавой, перазвоньваліся з НП дывізіі. Вядома, мы разумелі, што гэтая наша служба — часовая. Полк вёў баі, спрабаваў наступаць, штодня нёс страты. У кожную хвіліну нас маглі накіраваць куды заўгодна, але найбольш верагодна — у які-небудзь стралковы батальён: капітана — камандзірам роты, а мяне — узводным. Каб не дарма елі салдацкі хлеб, як казаў капітан. Аднак яму нечакана пашанцавала — яго ўжо не пашлюць у стралковую роту, цяпер ягонае месца ў палкавым штабе. Але што чакае мяне?
Капітан быў чалавек выхаваны, паходзіў зь ленінградзкіх інтэлігентаў, мабыць ён разумеў стан мае душы і памкнуўся мяне суцешыць.
— Ладна, не тужы, лейтэнант. Станем у абарону, падкінуць гарматкі. Табе ж шмат ня трэба? Якіх пару…
— Хай не даюць, — няшчыра пярэчыў я. — Аўтамат знойдзецца.
— Аўтамат пасьпеецца…
Цяпельца то затухала, то пад лёгкім ветрыкам пачынала бязьлітасна дыміць, выядаючы вочы. Ісьці па дровы ў недалёкі вінаграднік не хацелася. Тут быў схіл пагорка, на якім з таго боку сапёры абсталявалі бліндаж назіральнага пункту. Там жа, за пагоркам, чутна было, грукацелі кулямётныя чэргі, але сюды кулі не заляталі, пагорак нас укрываў. Наперадзе ж перад намі разьлеглася даволі шырокая даліна, па той бок якой таксама на схіле відаць былі роўныя шнуркі вінаграднікаў і бегла крываватая палявая дарожка, абсыпаная абапал старымі і сьвежымі варонкамі ад выбухаў. Капітан усё ўзіраўся туды, чакаючы пасыльнага, які павінен быў прыехаць па новага начарта. Але пасыльны затрымліваўся, хаця ўжо гадзіну таму па тэлефоне перадалі, што паехаў.
— Ат, ладна, — сказаў капітан і дастаў з-за пазухі алюміневую пляшку. — Давай вып’ем. Каб не апошнюю…
— Ну, вы цяпер маеце шанец…
— Шанец чаго? — насьцярожыўся капітан.
— Ну, на жыцьцё, — адчуўшы пэўную няёмкасьць, сказаў я. Падобна было, капітан пачуў у маім голасе нейкія ноткі зайздрасьці. Але тое была ня зайздрасьць да яго — болей клопат за свой незайздросны лёс. Я, напэўна, адчуваў, што ня сёньня, дык заўтра апынуся ў стралковым батальёне, дзе, вядома, жыцьцё нядоўгае. Хоць яно і ў супрацьтанкавай батарэі не даўжэйшае, але ўсё ж… Усё ж во мы ўцалелі.
— На вайне ніхто ня ведае свой шанец, — растлумачыў капітан. — Ну, глытнём!
Ён глытнуў сам і падаў мне пляшку, зь якой я глытнуў раз-два і папярхнуўся. Мусіць, то быў сьпірт, ад якога адразу заняло дых.