Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Трошкі, праўда, рабілася крыўднавата, Кусала самалюбства. Столькім героям ён забяспечыў урадавыя ўзнагароды, а сам як атрымаў летась ордэн Чырвонай Зоркі, так з ім і хадзіў, нібы які камандзір узводу, а не працаўнік Цэнтральнага штабу. Можа, з тае прычыны ён і папрасіўся ў гэтае дэсантаванне, хоць і разумеў, колькі яно ўтойвае небяспекі. I яго зразумелі. Генерал Кругляк з аддзелу кадраў аўтарытэтна сказаў: едзь! Вернешся — узнагародзім. Што ж, дзякуй. Трэба толькі вярнуцца.
Была, аднак, у гэтай яго камандзіроўцы і яшчэ адна асаблівасць — пільная нутраная патрэба рэабілітавацца, ці што? Мабыць, у адным канкрэтным выпадку, афармляючы высокі ордэн, ён перастараўся. Увогуле ўсё адбылося гладка і паспяхова, начальнік атрымаў узнагароду, яго віншавалі і нават надрукавалі ў газетах. А потым… А потым таго начальніка ўзяў асобы аддзел, а Вярхоўны Савет ануляваў сваю ўзнагароду. Пачалося расследаванне, Гусакова выклікалі, дапытвалі. Не тое, каб наклалі спагнанне, ды ўсё ж узялі пад падазрэнне. Тут ён прызнаўся найперш самому сабе, што спудлаваў, паспяшаўся. Мабыць, ніколі не трэба спяшацца, самому дзешавей абыдзецца. Але ж тады хто ведаў? Усё ведаюць хіба адны органы…
Косця таксама акрыяў душой, калі ўбачыў знаёмае возера. Тут яны летась спыняліся, як ездзілі на станцыю, паілі каня. Праўда, што знаходзіцца па той бок возера, хлопец ня ведаў, але напрамак на Багавізну адсюль вызначыў пэўна. Толькі ці далёка было да яе, сказаць таго ён не мог.
Па балоце ён ішоў разам з камандзірам, між куп’я па імшарыне тое было няцяжка. Санітарная сумка трохі муляла на ягоным плячы, ды нішто; ужо ён яе як-небудзь данясе. Тым больш, адпачыўшы ў цяньку пад кустом. Каб яшчэ што-небудзь з’есці. Але ежы тут не было, апроч хіба журавінаў. Ды хіба журавінамі пад’ясі?
Горш тое, што хацелася піць.
Можа, і дзіўна будзе каму гарадскому, што тут, на балоце, не было дзе напіцца, але пэўна так. Рэчка болей ім не трапляла, а вада з-пад імху была дужа непрывабная — рудая, з балотнай церухой, такой не пап’еш. I ён мусіў трываць, адно імкнучыся наперад, каб як-небудзь дапнуцца да берага гэтага бясконцага балота. Ён быў упэўнены, што Багавізна блізка.
Адпачыўшы на купіне, яны зноў рушылі па хмызняковай імшарыне. Але неўзабаве збавілі хаду і нават спыніліся — камандзір здорава праваліўся праз мох у багну, спярша адной, а затым і абедзвюма нагамі. Косця памкнуўся яму памагчы, ды і сам загруз босымі нагамі да самых каленяў. Тут яны агледзеліся, што наперадзе? Наперадзе аказалася яшчэ горш — пачыналася сапраўдная багна з асакой, аерам, вадзянымі вокнамі і дрыгвой.
Але што было ім рабіць? Ці, можа, вяртацца назад, ці спрабаваць прабірацца па гэтай дрыгве? Вяртацца, вядома, нікому не хацелася, і камандзір, пару разоў вылаяўшыся, сказаў:
— Трэба выламаць палкі. З палкамі надзёжна! У блізкіх кустах яны павыламвалі сабе крывулякі-палкі, якімі пачалі пароць у мох і ваду — мацаць дно. Ботаў ужо не скідалі, не было патрэбы, бо там даўно ўжо чвякала і сіпела — набралася вады. Пакрысе намоклі і штаны — у Косці ажно да пояса. Босыя Косцевы ногі лёгка правальваліся ў дрыгву, затое лёгка і выцягваліся з яе. Не тое што ў Тумаша, які аднойчы згубіў свой кірзач. Пасля доўга лаяўся і шукаў у багне палкай, ды ўрэшце дастаў змакрэлай да пляча рукой.
Тут Косця зноў ішоў наперадзе — шукаў найлепшы кірунак, па якім брылі астатнія. Кожны крок даваўся яму цяжка. Спярша пароў у дрыгвяную кашу палкай — у адно, затым у другое месца, затым асцярожна ступаў туды і, калі не адразу правальваўся, хутка скакаў на два-тры крокі. А то кідаўся ўбок, каб не надта глыбока праваліцца. Камандзір за ім усё адставаў, губляў яго след і лаяўся. Косця адчуваў сябе вінаватым, але памагчы камандзіру не мог. Багна яна ўсюды здрадлівая, найлепш яе перайсці як мага хутчэй.
Мабыць, тое разумелі і астатнія, бо хоць зрэдчас і лаяліся, але ішлі за хлопцам. Тым болей, што наперадзе, трошкі ўбаку і зводдаль зацямнеўся нешырокі клінок маладога хвойніку, — падумалася: там будзе сушэй.
Косця брыў, прыкідваў на вока, куды ступіць, і шырока скакаў. Часам удала, а часам правальваўся аж да грудзей. Надвячоркам ён быў ужо ці не ўвесь мокры, перапэцканы чорнай тарфяной граззю. Ужо і санітарная сумка добра намачылася, як ён яе ні бярог ад вады. Тое яго болей за ўсё засмучала, але што зробіш? Іншыя таксама былі ўсе мокрыя з галавы да пят, з бруднымі рукамі і тварамі. Па гэткім балоце Косця яшчэ не хадзіў ніколі, не было патрэбы. Улетку сюды прыходзілі бабы па ягады, але збіралі іх там, дзе суха. Нашто каму было лезці ў багну? Зімой, як балота ўмярзала, мужыкі, можа, і пераязджалі куды на санях — каб напрасткі. А болей каму што трэба ў балоце?