Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 234 235 236 237 238 239 240 241 242 ... 254
Перейти на страницу:

— Дзе ўжо нам? Мы ж — медыцына, каб ратаваць вас, дужа хвацкіх. Вунь пад Мярэфай аднаго такога героя-камбата цягнуў пад агнём да дарогі, а ён на дарозе сканаў. Ну, думаў, за героя хоць медалёк падкінуць — дзе там! За што ж медалёк, калі сканаў, праўда?

— Гэта гледзячы, як сфармуляваць, — без ахвоты да размовы уставіў Гусакоў.

— Што сфармуляваць? — не сцяміў фельчар.

— Прадстаўленне. За адзін і той жа подзвіг можна медаль «За адвагу», а можна і Чырвоную Звязду. Гледзячы як аформлена.

— Слухай, доктар, вучыся, — зазначыў Агрызкаў. — Камандзір знае. Ён спец па фармулёўках.

Гусакоў прыпыніў размову, ён не надта любіў абмяркоўваць са староннімі свае службовыя справы. Што яны разумелі, гэтыя армейцы ці партызаны, з яго штабное спецыфікі, якую і ён спасціг не адразу. Спатрэбіўся час, праца і трыванне. Не абышлося без памылак і промахаў, — мабыць, як і ў кожнай адказнай справе.

Ва ўзнагародным аддзеле Гусакоў служыў без малога год — афармляў прысланыя з партызанскага тылу прадстаўленні, правяраў правільнасць фармулёвак і запісаў, вёў картатэку і строгі ўлік дакументаў на ўзнагароджаных. I ўсё — сакрэтна і абсалютна сакрэтна, як і належала ў адказнай штабной службе. Гэта толькі недасведчанаму магло здацца, што справа тая простая і для пісьменнага чалавека не мае вялікіх цяжкасцяў. Перадрукоўвай на добрай паперы прысланыя з часцей і злучэнняў рапарты, падкладвай у генералаву папку на подпіс ці зацвярджэнне — і ўсё. Часам забываюць, што ёсць яшчэ сакратарыят прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, ёсць дзяржкантроль і парткам, ну і асобы аддзел — як і паложана — і ўсе кантралююць і правяраюць з правам ануляваць ці вярнуць на выпраўленне памылкі. У адным дакуменце, напрыклад, напісалі Ціхмянёў, а ў іншым Ціхмянеў. Невялікая недакладнасць, як быццам, а яму, начальніку аддзела, давялося атрымаць вымову. Якраз напярэдадні дня Чырвонай Арміі, калі ўсе ў штабе атрымалі віншаванні і падзякі ў загадзе, а ён у іншым загадзе — вымову. Вось табе і нязначная граматычная памылка.

Горш за ўсё, што ягоная служба неяк выпала з усіх статутаў і нічым не рэгламентавана, што давала яму шмат магчымасцяў для ініцыятывы, але змушала і рызыкаваць. Ад ягонага ўмельства і сумлення залежала шмат што, у тым ліку і вырашэнне галоўнага пытання: узнагародзіць ці не? Ягоны папярэднік Усачоў меў нешчаслівую руку і што ні аформіць — няўдала, вяртаюць назад ды яшчэ з рэкламацыяй, за якую яму — спагнанне. Яно і зразумела. Калі напісаць, да прыкладу, што камандзір атраду добра кіраваў боем, паспяхова ўзяў які населены пункт, дзе было забіта 12 паліцаяў і 2 узяты ў палон, — хто такому герою дасць ордэн Чырвонага Сцягу? Трэба трошкі паправіць, — зусім нязначна, але істотна. Найперш указаць сацыяльнае паходжанне камандзіра — тое, што ён з рабочай сям’і, што член ВКП(б). Калі беспартыйны, тое лепш не ўказваць, проста партыйнасць апусціць. Замест 12 забітых паліцаяў лепш указаць 21 гітлераўца. Розніца невялікая, а ролю іграе выдатную. Ну і абавязкова ў канцы дадаць (з чырвонага радка), што справе Леніна-Сталіна адданы, гэта галоўнае і дужа шмат значыць у вачах сакратарыята ВС, дзярж— і парткантролю, асобага аддзела таксама.

На пачатку ягонай службы ў аддзеле, калі ён яшчэ не набраўся пэўнага вопыту, было некалькі выпадкаў, што ўзнагароду зніжалі, і тое выклікала абурэнне партызанаў. Але здарыўся і выпадак, калі ордэн падвысілі адразу на тры ступені. Гэта калі замест «Айчыннай вайны» партызану-снайперу далі ордэн Леніна. Тады ён ажно спалохаўся, бо прычынай таго стаў недагляд машыністкі, якая замест 28 забітых снайперам фашыстаў выдрукавала 82. У аддзеле быў вялікі спалох, але нядоўгі: скаргі з месца не паступіла, бо хутка і камандзіра таго снайпера няблага ўзнагародзілі.

Зноў жа трэба ўлічваць, каго ўзнагароджваюць. Калі радавых партызанаў, ну там падрыўнікоў, разведчыкаў ці падполыячыкаў, можна ня дужа дбаць — гэтым што дадуць, тое і добра. А калі камбрыгаў ці камісараў? Не дай Бог камісару брыгады аформіць меншы ордэн, чымсьці камбрыгу. А то прышлюць голы тэкст кшталту: вёў вялікую палітмасавую работу па згуртаванні партыйнай арганізацыі атраду (ці брыгады), натхняў масы на выкананне задачаў, пастаўленых таварышам Сталіным у загадзе нумар такім. А дзе канкрэтыка? Начальства патрабуе канкрэтыку. I тады начальнік аддзелу капітан Гусакоў сядае за стол і піша: сакратар падпольнага бюро (райкаму, абкаму, акружкаму) у самы рашучы момант бою асабістым прыкладам павёў людзей у контратаку, сам лёгшы за кулямёт, знішчыў 127 эсэсаўцаў, астатніх абраціў у бегства. Тое падабалася і гарантавала ўзнагароджанне высокім ордэнам Чырвонага Сцягу. Звычайна герой і не падазраваў, каму абавязаны, думаў: непасрэднаму начальніку, які прыслаў на яго малапісьменную цыдулку. Але капітан Гусакоў не мае ніякіх ні да кога прэтэнзіяў, ён выконваў свой вайсковы абавязак — не болей.

1 ... 234 235 236 237 238 239 240 241 242 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)