Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
— Ну што?
— Зноў балота.
— А за балотам што?
— За балотам нейкі барок. Лясок нейкі.
— Лясок! То ж — наш Востраў Барок! Мы ж прыйшлі нарэшце!.. — узнёсла абвясціў Гусакоў.
Ён падхапіў карту і, пакінуўшы на траве рэчмяшок, таксама кінуўся ў хвойнік. На нейкі час яны там зніклі. Косця і Тумаш засталіся чакаць на беразе. Тым часам хутка зьмяркалася, насоўвалася ноч — ці не апошняя на іхнім бязладным шляху…
Гусакоў не памыліўся: на самым мыску хвойнай пясчанай касы, што адкульсці выцягнулася ў балота, тырчэлі ўгару тры трухляватыя бервяны трыгапункта. На карце ён быў пазначаны лічбай 75,0. Зноў жа на карце ад яго цераз балота з выразнаю назваю ўрочышча Багавізна значыўся хвойны гаёк, падпісаны дробненькім курсівам Востраў Барок, — якраз тое, куды ім было трэба. Куды яны накіроўваліся, скакалі на парашутах, паўзлі па балоце. Да жаданае мэты заставалася не болей як кіламетр ці два па карце. Але таксама цераз балота.
Тое, што зноў давядзецца ісці цераз балота, Гусакова не надта палохала, ён ужо ведаў, як яго перайсці. Была б мэта. Мэта цяпер паўстала перад ім блізка, здавалася, хоць ты вазьмі і дакраніся да яе рукой.
— Дык што — пойдзем? — будзённым голасам мовіў старшына, які ўсё зразумеў без словаў.
Гусакоў чамусьці не адказаў нічога, яго трэсла — ад сцюжы ці ад нярвовага напружання, якое, падобна, раптам апала, пакінуўшы пустку ў душы. Цяпер, калі Востраў Барок ён ужо бачыць і зараз яны рушаць туды, узнік новы клопат — што рабіць з хлопцам? Раней, як ішлі, прабіраліся цераз балота, ён неяк не думаў пра тое. Хлопец памагаў, вёў, быў ім патрэбны — і добра. Але цяпер… Камандзір выразна адчуў, што яго нельга весці на базу і нельга адправіць дадому… Што ж з ім рабіць?
— Дык ідзём? — павярнуўся да хвойніку старшына.
— Пастой! Ты гэта хлопца прывёў?
— Ну я. А што?
Старшына спыніўся — ён ужо адчуў штосьці кепскае, але яшчэ не разумеў, што.
— Не разумееш?
— Не разумею.
Ён чакаў адказу, але камандзір хвіліну марудзіў. Відаць, яму не хацелася штосьці тлумачыць падрабязна.
— Хлопца нельга весці на сакрэтную базу.
Старшына маўчаў. Але, бачна было, аж захваляваўся і няўцямна сеў на пясчаны дол.
— Да-а, — збянтэжана вымавіў ён.
— Вот табе і да-а!
Гусакоў адчуў, што той усё зразумеў, — не маленькі! I нічога болей яму тлумачыць не трэба.
— Адвядзеш у старонку і застрэліш, — ціха сказаў Гусакоў і зацяў дыханне. Старшына азваўся не адразу.
— А чаму я?
— А хто ж? Ты прывёў?
— Я не буду! — падумаўшы, рашуча сказаў старшына і ўстаў з долу.
— Катэгарычна?
— Катэгарычна.
Заклапочана павярнуўшыся на месцы, Гусакоў паўзіраўся цераз балота, якое ўсё болей змрачнела. Яшчэ трошкі часу — і высокія дрэвы Барка за балотам засцеле змрочны туман. Трэба запомніць накірунак, бо давядзецца ісці паначы. Трошкі не хапіла відна.
— Ідзі пакліч фельчара, — загадаў камандзір. Старшына ўстаў і моўчкі палез у гушчар.
Гусакоў застаўся адзін, ён нервова лаяўся ў думках: вось жа халера! Не падумаў, што так можа ўсё стацца. Усё ішло ладна, яны без стратаў і сутычак дабраліся да мэты і — на табе; невялічкая балючая праблема. Даволі паскудны сюрпрыз! Але, можа, гэта толькі здаецца — праблема? Увогуле, — якая праблема? На акупаванай тэрыторыі. Аднаго чалавека. Хоць бы і хлопчыка. Немцы іх вунь колькі нішчаць кожнага дня — і хлопчыкаў, і дзяўчынак. Шкада, канешне, але ж бяспека партызанскага злучэньня важней. Адпусціш, а калі перахопяць немцы? Ужо ў гестапа ўмеюць выцягваць сакрэты. Не толькі ў падлеткаў-хлопчыкаў. А гэты старшына — не буду. Шкада. Быццам яму не шкада. Ці генералам, камандуючым на фронце не шкада гэткіх во ці трохі старэйшых хлопцаў, што тысячамі кідаюць у бой, і тыя не вяртаюцца, застаюцца ўгнойваць рускую зямлю? Мабыць, шкада. Але будзеш усіх шкадаваць, не дачакаешся перамогі. Сам ляжаш у зямлю.
Мусіць, што ляжаш сам — тое галоўнае. Для кожнага. I для яго таксама. Бо і ён у пастцы — хлопца ні пусціць, ні ўзяць з сабой нельга. Адразу ж прычэпіцца асобы аддзел: скуль? Хто дазволіў? А то і — хто ўнядрыў. Не, лепей за ўсё, калі хлопцу — хана. Можа, і для яго лепей таксама.
З хвойніку вылез Тумаш, маўкліва спыніўся воддаль.
— Тумаш, ты — бальшавік?
— Беспартыйны.
— Дзеці ёсць?
— Не-а. Не жанаты. Не паспеў…
Камандзір памарудзіў.
— Бяры хлопца, адвядзі ў кусты і стрэльні.
Тумаш моўчкі стаяў, бы глухі.
— Ну што маўчыш?
— Думаю, ці вы здурнелі?