Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь
- Автор: Трофимчик Анатолий Викторович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь». Краткое содержание книги:
Дарэчы, антысавецкія беларускія палітыкі падчас Другой сусветнай вайны праявілі розныя пазіцыі адносна савецкага варыянту аб'яднання Беларусі. У гэтай сувязі, выбіваючыся з агульнага шэрагу, звяртае на сябе ўвагу фігура гісторыка і палітыка М. Шкялёнка, які на такім палітычна заангажаваным мерапрыемстве як Другі Усебеларускі Кангрэс (27 чэрвеня 1944 г.) здолеў падняцца над парадыгмай голых эмоцый стасоўна праблемы Беларусі ў польска-расійскіх дачыненнях і звярнуцца да іх разгляду праз навукова-гістарычную прызму, сам разумеючы фрустрацыйнасць[38] такога кроку:
«У часе вайны, калі грымяць гарматы і льецца навакол кроў, а адзіным прадстаўніком права зьяўляецца меч, можа выдавацца справай малаважнай займацца ўмовамі і пастановамі, хоць бы і з галіны міжнародных дачыненняў, але якія не страцілі сваю актуальнасць, значэньне і праўную сілу, дзякуючы зьменам, што прынясла вайна. Бо гэта, звычайна, ужо дакуманты, якім месца ў архіве і якія могуць быць у большай ці меншай меры цікавымі перадусім толькі для гісторыка. З нашага гледзішча гэткімі архіўнымі дакумантамі зьўляюцца розныя польска-бальшавіцкія дагаворы, аб'ектам якіх была тэрыторыя Беларусі і яе народа. І гэта з дзьвюх прычынаў:
І. Гэткія дагаворы былі зробленыя без нашага ўдзелу, накіненыя гвалтам і ўжо бадай таму мы ня можам прызнаць ім у дачыненьні да нас праўнае сілы. Практычна, зразумела, мы змушаныя былі мець іх на ўвазе, бо выкананьне іх гарантавала сіла, але па сваёй істоце яны былі разгляданыя намі заўсёды — як акты гвалту, і ніколі — як акты, у васнове якіх ляжала права».
Далей у выступленні М. Шкялёнак кажа пра чарговы розыгрыш беларускай карты палякамі і бальшавікамі, выступаючы супраць яго. Сваю пазіцыю ён базіруе на гістарычнай аргументацыі, сягаючы ў часы ВКЛ, даводзячы, што «гісторыя не дае ніякага абаснаваньня іхным прэтэнзіям да Беларусі». «Рыскі трактат 1921 г.» называецца ім «найвялікшым злачынствам бальшавіцкай Масквы ў дачыненьні да Беларусі». Пастанова аб уключэнні Заходняй Беларусі праз далучэнне да БССР таксама прызнаецца незаконнай, юрыдычна неабгрунтаванай.
Але гэта было ўжо напрыканцы Другой сусветнай вайны, калі вяртанне савецкай ўлады на Беларусь стала непазбежным і відавочным. А ў самым яе пачатку многія заходнебеларускія нацыянальныя дзеячы (у прыватнасці Беларуская хрысціянская дэмакратыя і яе друкаваны орган «Кrуniса») падзеі савецкага аб'яднання расцанілі як гістарычную справядлівасць. Аднак неабходна пры гэтым заўважыць колькі прынцыповых і канцэптуальных момантаў:
1) ацэньваўся не юрыдычны, а перадусім палітычны (што, як паказана вышэй, адэкватна гісторыі палітычнай думкі) і этнічны аспекты (да таго ж, нагадаем, былі і контрвізіі беларускіх палітыкаў, якія ў справе дасягнення незалежнасці разлічвалі на дапамогу Германіі; тут варта дадаць, што на першым этапе Другой сусветнай вайны палітыка III Райха на акупаваных тэрыторыях значна адрознівалася ад дзеянняў у перыяд германа-савецкай вайны, да таго ж і задумкі Берліна стасоўна Беларусі спачатку для яе выглядалі параўнаўча авантажнымі і перспектыўнымі ў плане развіцця дзяржаўнасці);
2) генеза паняцця «гістарычная справядлівасць» у савецкіх і сучасных гісторыкаў узыходзіць да савецка-сталінскага палітычнага дыскурсу і да меркаванняў нацыянальных сіл Беларусі дачынення не мае.
Усё гэта разам азначае, што наша асэнсаванне падзей якасна не трансфармуецца.
Вераснёўскія наступствы пакта Молатава-Рыбентропа, прызнанага сусветнай супольнасцю злачынным, стасоўна Беларусі як гістарычнага краю многімі лічацца справядлівымі[39]. Такімі гісторыкамі амаль не звяртаецца ўвага на тое, што вераснёўская акцыя Савецкага Саюза супярэчыла падпісаным ім жа міжнародным дакументам, у тым ліку дэкларацыі аб ненападзе з Польшчай. Дый заключэнне самога пакта Молатава-Рыбентропа пярэчыла папярэднім савецка-польскім дамоўленасцям «не принимать участия ни в каких соглашениях, с агрессивной точки зрения явно враждебных другой стороне». Масква, аргументуючы сваю інтэрвенцыю тым, што Польшча ўжо не існуе, а яе ўрад не падае прыкмет жыцця, карысталася недастаткова правамоцнымі аргументамі для спынення савецка-польскіх дагавораў. Паводле міжнарожнага права, «государство продолжает существовать в смысле международного права даже тогда, когда оно временно не обладает центральной властью, поскольку оно представляемо не только своим центральным правительством, но и всеми его органами. …Даже захват противником всей его территории («debellation») сам по себе не прекращает существования побежденного государства…». Да таго ж СССР трапляў пад дэфініцыю агрэсара паводле Лонданскай канвенцыі 1933 г., якую сам жа падпісваў (больш таго: менавіта праект Савецкага Саюза быў пакладзены ў аснову вызначэння агрэсіі). Масквой парушаўся шэраг дакументаў.
38
Фрустрацыя (ад лац. frustratio - падман, засмучэнне, разбурэнне планаў) – гэты негатыўны стан чалавека, які ўзнікае ў выпадку, калі раптам бурацца планы ці няма магчымасці дасягнуць чаканага вынкіу — Polochanin72
39
Дарэчы, як не дзіўна, гэтаму паспрыяла і пазіцыя Англіі ды Францыі — тагачасных саюзнікаў Польшчы — стасоўна ўключэння нядаўніх усходніх правінцый міжваеннай Польскай Рэспублікі ў склад СССР, што разглядалася Лонданам дастаткова спакойна і нават зычліва, без якіх-кольвек прэтэнзій да Масквы. Дый сучасныя польскія даследчыкі сярод чыннікаў падзелу версальскай Польскай Рэспублікі схільны бачыць у тым ліку і англійска-французскі фактар. Гэта лоўка сёння выкарыстоўваецца ў сваіх велікарасійскіх інтарэсах некаторымі расійскімі гісторыкамі, якія кажуць: «Сами британские политики того времени полагали действия СССР по восстановлению дореволюционной территории абсолютно правомерными: лорд Галифакс, министр иностранных дел, выступая в палате лордов, так представил советско-германский договор и действия СССР: «Будет справедливым напомнить две вещи: во-первых, советское правительство никогда не предприняло бы такие действия, если бы германское правительство не начало и не показало пример, вторгнувшись в Польшу без объявления войны (але ж перад тым быў пакт Молатава-Рыбентропа з яго сакрэтным пратаколам! — А. Т.)) во-вторых, следует напомнить, что действия советского правительства заключались в перенесении границы по существу до той линии, которая была рекомендована во время Версальской конференции лордом Керзоном… 10 октября 1939 г. такую же оценку дал У. Черчилль» (а хто ж дапамагаў Польшчы ў 1919–1920 гг. у барацьбе супраць Савецкай Расіі, як не Англія? — А. Т.) Больш таго, Лондан, пэўна, баючыся большага збліжэння Берліна і Масквы, прапаноўваў апошняй супрацоўніцтва, абяцаючы ўзамен фактычнае прызнанне як мінімум да канца вайны занятых Саветамі тэрыторый. Зразумела, Крамлю патрэбна было знясіленне ваюючых бакоў, кожны з якіх быў зацікаўлены ў альянсе з ім; а лепшым фактычным прызнаннем занятых Чырвонай Арміяй тэрыторый стала першапачатковая рэакцыя Лондана на падзеі верасня 1939 г.