Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь
- Автор: Трофимчик Анатолий Викторович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь». Краткое содержание книги:
У выніку ўсіх гэтых падзей да 1939 г. па абодва бакі мяжы ўсталяваўся стэрэатып пра будучае аб'яднанне як далучэнне Заходняй Беларусі да Беларусі Савецкай, чым быў створаны для яго рэальны грунт. Усталяванню гэтага стэрэатыпу садзейнічала сваёй няўмелай палітыкай і кіраўніцтва Польскай Рэспублікі. Польская ўлада ясна разумела, што здзейсніла захоп Заходняй Беларусі, «крэсаў паўночна-ўсходніх». Разам з тым, імкненне стварыць унітарную дзяржаву дыктавала Варшаве праводзіць асіміляцыю нацменшасцей (што, дарэчы, нівелявала б факт захопу «крэсаў»), і ў гэтым бачыцца стратэгічна-гістарычны пралік міжваеннай Польшчы: беларусы ў ёй сталі маргіналамі, тады, калі па ўсходні бок мяжы яны былі нібыта роўнымі сярод роўных і мелі свой «цэнтр», сваю сталіцу. У многім дзякуючы таму праліку Савецкі Саюз і змог з лёгкасцю стварыць грунт для аб'яднання Беларусі пад саюзным дахам. У сувязі з гэтым нельга не пагадзіцца з акадэмікам М. Касцюком, што «ў тагачасных ваенна-палітычных абставінах аб'яднанне магло адбыцца толькі на савецкай аснове» (праўда, думаецца, не абавязкова ў межах Беларускай ССР: спачатку нават падумвалі пра арганізацыю такіх савецкіх рэспублік, як Польшча, Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь — гл. далей).
Якія ж галоўныя высновы можна вылучыць стасоўна развіцця беларускай праблемы ў святле імкненняў маскоўскіх палітыкаў? Найперш неабходна адзначыць, што ва ўмовах тагачаснай міжнароднай ды ўнутранай сітуацыі бальшавіцкі Крэмль вымушаны быў не толькі не ігнараваць беларускую праблему, але і ісці на канструктыўнае для беларускага народа яе вырашэнне (спачатку). Аднак, як прадказвалася некаторымі, гэта быў толькі меркантыльны крок для бальшавікоў (як, напрыклад, НЭП у савецкай эканоміцы). Беларусізацыя і так званае ўзбуйненне выконвалі адно тактычную ролю:
1) давалі магчымасць раскрыцца нацыянальнаму патэнцыялу ў Савецкай Беларусі,
2) кшталтавалі сімпатыю ў «заходнікаў», перацягваючы іх на бок саветаў, — у выніку па абодвух гэтых пазіцыях беларускі нацыянальны рух чакала элімінацыя, як духоўная (знішчэнне гістарычна-культурнай спадчыны), так і фізічная (рэпрэсіі супраць інтэлектуальнай і эканамічнай эліты).
Галоўнай мэтай крамлёўскіх палітыкаў з'яўлялася пашырэнне межаў савецкай дзяржавы, і Заходняя Беларусь разглядалася страчанай толькі на пэўны, але нядоўгі, час. У першай палове 1920-х гг. далучыць гэтую тэрыторыю не дазволілі неспрыяльныя абставіны. І калі стала відавочна, што далучэнне Заходняй Беларусі — справа не аднаго дня, то Масква пачала перацягваць з Польскай Рэспублікі ды іншых краін у БССР нацыянальных дзеячаў, каб
1) яны не шчыравалі над арганізацыяй «беларускага П'емонта», каб
2) увогуле элімінаваць беларускі нацыянальны рух на абедзвюх частках Беларусі, зрабіўшы яе абсалютнай марыянеткай бальшавіцкай палітыкі шляхам ліквідацыі перадусім актывістаў БНР.
Часткова задума атрымалася. Масква сама падрыхтавала для сябе ўмовы (перадусім замацавала на розных узроўнях палітыкі думку пра адзіна магчымы савецкі варыянт аб'яднання Беларусі), каб у 1939 г. ужо аб'яднаная Беларусь апынулася ў межах імперска-таталітарнай дзяржавы.
З агню ды ў полымя: 1939-ы
Если на Запад — русская армия заслуживает колонии...
А. Жданов (из «Черновых записей» к договору о ненападении между СССР и Германией)
В интересах СССР — Родины трудящихся, чтобы война разразилась между Рейхом и капиталистическим блоком. Нужно сделать все, чтобы эта война длилась как можно дольше в целях изнурения двух сторон. Именно по этой причине мы должны согласиться на заключение пакта, предложенного Германией, и работать над тем, чтобы эта война, объявленная однажды, продлилась максимальное количество времени. <…> Что плохого было бы, если в результате разгрома Польши мы распространим социалистическую систему на новые территории и население.
И. Сталин