Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь
- Автор: Трофимчик Анатолий Викторович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь». Краткое содержание книги:
Аргументы прыхільнікаў тэзы, паводле якой СССР, нягледзячы на дагавор аб дружбе з Германіяй, нельга лічыць яе саюзнікам, тым больш стасоўна падзелу Польскай Рэспублікі, разбіваюцца словамі Сталіна пра «дружбу, скрепленную кровью» (Телеграмма И. В. Сталина министру иностранных дел Германии г. Иоахиму фон Риббентропу. Правда, 1939, 25 дек.) і Молатава пра «общую» (Германіі і СССР) перамогу над Польшчай, дзеля чаго, як ён выславіўся, «оказалось достаточно короткого удара по Польше со стороны германской армии, а затем — Красной Армии, чтобы ничего не осталось от этого уродливого детища Версальского договора» (О внешней политике Советского Союза. Известия, 1939, 1 нояб.). Да таго ж яшчэ згадаем сумесныя германа-савецкія заявы (Правда, 1939, 29 сент.), цалкам вытрыманыя ў саюзніцкай рыторыцы. Як трапна заўважае на аснове дакументаў савецка-германскіх стасункаў расійскі даследчык Сяргей Случ, існавалі нават планы сумесных баявых дзеянняў у Польшчы; у тым дакуменце аўтарства Молатава казалася аб «непосредственной реализации намеченного плана» адносна захопу Польшчы[42]. Дый простае садзейнічанне баявым дзеянням Германіі было — з Мінска падаваліся радыёсігналы для дапамогі пры арыентацыі нямецкай авіяцыі ў ходзе атак на польскія аб'екты, існавала таксама дамоўленасць аб агульных дзеяннях супраць польскага супраціву. З гэтай мэтай у канцы 1939 г. у Закапаным (горад у нямецкай зоне акупацыі) быў створаны сумесны вучэбны цэнтр для падрыхтоўкі афіцэраў нямецкай і савецкай спецслужбаў (СД і НКВД) для барацьбы з польскім Супраціўленнем.
Зрэшты, нават без увагі на вышэйсказанае, няўжо так цяжка ўсвядоміць, што любая агрэсія, да таго ж з ярка выражанымі імперскімі амбіцыямі, не можа несці нейкае дабро як народнай масе (нацыянальнай у тым ліку), так і асобе ў прыватнасці.
Раней ужо згадвалася, што перад інкарпарацыяй зямель Польскай дзяржавы існавала задума стварэння трох «дзяржаўных» фарміраванняў у выглядзе савецкіх рэспублік: Польшчы, Заходняй Украіны ды Заходняй Беларусі. У такім выпадку савецкая польская рэспубліка стварыла б падставы для эвентуальнага аб'яднання яе з астатнімі польскімі тэрыторыямі, што траплялі пад германскую акупацыю. Задума падобная да меркавання аднаго з дзеячаў ІІІ Райха Арно Шыкеданца, які займаўся германскімі планамі на ўсходзе. Ён не выключаў, «што ў выпадку нямецка-польскага канфлікту Саветы пад выглядам узброенай дапамогі Польшчы зоймуць» заходнебеларускія і заходнеўкраінскія абшары, у выніку чаго «Германія страціла б, напэўна, найбольш абяцальныя перспектывы расчлянення Расіі, тады як адцягнуўшы ўвагу Саветаў на пэўны час ад сумежных дзяржаў, Германія атрымала б немалую карысць… Землі з беларускім і заходнеўкраінскім насельніцтвам мелі б неацэннае значэнне як асяродкі і базы для глыбокага расколу Расіі». Як бачым, Крэмль змяніў толькі матыў сваіх дзеянняў, але не сутнасць. Праз прызму працытаванага меркавання відавочна, што падзел міжваеннай Польскай Рэспублікі, які адбыўся, быў выгадны не столькі Германіі, колькі СССР[43]. Савецкі Саюз атрымаў стратэгічную ініцыятыву. Германія мусіла весці вайну супраць Англіі і Францыі, бо эвентуальнасць заключэння міру ўпіралася б у праблему, з якой вайна распачалася, гэта значыць у так званую справу польскую, што нельга было б вырашыць без удзелу Масквы. Як выказаўся І. Сталін, Гітлер, сам таго не разумеючы і не жадаючы, падрывае капіталістычную сістэму, мы ж можам манеўраваць, падштурхоўваючы адзін бок супраць другога, абы мацней пабіліся.
Крэмль выбраў іншы варыянт развіцця падзей, прапанаваўшы Рэйхстагу перагледзець дэмаркацыйную лінію, якая спярша даходзіла да самай Варшавы, каб, па словах Сталіна, не мець праблем з польскай аўтаноміяй. СССР прадставіў свае ваенныя дзеянні як дапамогу і вызваленне кроўных братоў у Заходніх Беларусі і Украіне, што, паводле ленінскай тэорыі, фармальна апраўдвала гэтыя дзеянні, бо яны нібыта не траплялі пад паняцце анексіі[44] але што не перашкодзіла СССР захапіць 51,4 % тэрыторыі Польскай Рэспублікі. Дарэчы, звернем увагу на выказванне Сталіна 17 красавіка 1940 г. з выступлення на нарадзе начальніцкага складу па абагульненні досведу баявых дзеянняў супраць Фінляндыі: «Война в Польше (курсіў наш. — А. Т.) это была военная прогулка»[45]. А таксама на яшчэ адно: «Мы с Германией (курсіў наш. - А. Т.) разделили Польшу… (Ці трэба нейкія большыя прызнанні ў канстатацыі status bеІІі[46]?! — А. Т.) Если есть лица виноватые, то мы тоже виноваты — не предвидели мы этого». I пасля гэтых слоў — фактычнага прызнання самога Сталіна — ці ж можна сцвярджаць, што «нельга таксама ставіць знак роўнасці паміж СССР і Германіяй як агрэсарамі»? Для Крамля ж насамрэч тыя падзеі братэрскім вызваленнем і аб'яднаннем падзеленай Беларусі (і Украіны) зусім не з'яўляліся. Як справядліва і трапна заўважае А. П. Салькоў, «воссоединение белорусского и украинского этносов в рамках национальных государств» з'явілася «побочным, хотя и необыкновенно важным результатом реализации советских геополитических целей». Пра такія адносіны савецкага кіраўніцтва да аб'яднання Беларусі сведчыць далучэнне Заходняй Беларусі з вялікімі зменамі адносна яе першапачатковага тэрытарыяльнага абазначэння, а таксама іншыя факты:
42
Гэты дакумент і цэлы шэраг іншых, якія сведчаць пра ледзь ні братэрскае саюзніцтва ІІІ Рыма і ІІІ Райха, сёння з'яўляюцца шырока даступнымі праз рэсурсы сусветнай электроннай сеткі.
43
Перадусім у інтарэсах апошняга і заключаўся германа-савецкі пакт: у іншым выпадку Савецкі Саюз мог застацца адзін супраць скансалідаванага капіталістычнага свету, пра што, па ўсёй верагоднасці, казаў і сам Сталін.
44
У гэтай сувязі дазволім сабе шырокае цытаванне У. Леніна: «Аннексией нельзя назвать всякое присоединение «чужой» территории, ибо социалисты, вообще говоря, сочувствуют устранению границ между нациями, сближению и слиянию наций, образованию более крупных государств. Ясно, что аннексией нельзя считать всякое нарушение status quo: это было бы величайшей реакционностью и насмешкой над основными понятиями исторической науки. Ясно, что аннексией нельзя считать всякое насильственное, военное, присоединение, ибо против насилия, если оно применяется в интересах массы населения и в интересах прогресса человечества, социалисты возражать не могут. Ясно, что аннексией можно и должно считать лишь присоединение территории вопреки воли ее населения. Другими словами, понятие аннексии неразрывно связано с понятием самоопределения наций».
45
У Берлін з савецкага боку ў першай палове верасня паступіла паведамленне пра магчымасць непачынання «новай вайны» (NВ на абодва словы), эвентуальнасць чаго залежыла ад нямецкага боку. Што яшчэ раз даказвае ўнутрыкрамлёўскую ацэнку падзей вакол Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў верасні 1939 г. як вайны.
46
Status bеІІі (лац.) — стан вайны — Polochanin72