Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула

Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай : “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула” атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л.Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман “Сутарэнні Ромула” ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 213
Перейти на страницу:

Тады Даліла нечакана сказала:

— Схадзі ТУДЫ сам. Адзін раз. Слабо? А тады скажаш.

Гульня №3

Генусь падрыхтаваўся ісьці Туды, як да здымак у гістарычным фільме. Заявіўся ў дом ля могілак у чорнай ільняной кашулі — падарунак чарговай сяброўкі, на гэты раз прыхільніцы готаў. Дурнічка шыла сама, рукамі, спадзеючыся, напэўна, што Тэрмінатар яе патрыярхальнае стараньне зацэніць. Спадзявалася, у прынцыпе, ня дарма — Генусь палічыў, што няроўныя шыўкі самадзейнай швачкі ў падарожжы ў мінулае нададуць ягонаму прыкіду натуральнасьці, і кашуля пакінула мех з непатрэбнымі анучамі. Штаны таксама адшукаліся па-сутнасьці архаічныя — ільняныя, шэрыя, мятыя, але найноўшай моды. Зробленыя ў Турцыі і купленыя на рынку, які цяпер месьціцца на стадыёне “Дынама”, збудаваным на месцы габрэйскіх могілак. Касьцюм давяршаў сапраўдны картуз з трэснутым чорным лакавым брыльком. Дзе Генусь яго выпараў? Хіба ў якога вясковага пастуха. Насунуў брылёк нізка на лоб… Ды яшчэ валасамі завесіўся — усё па звычцы хаваючы сваё “звыродства”. Мабільнік пакінуў і адключыў — а то званіць будуць усялякія марцэлі. Паглядзеў на Далілу — тая стаяла, закусіўшы губу, нібыта стрымлівала сябе ад крыку. Памарудзіў… Відаць, спадзяваўся, што Даліла скажа “Не хадзі”. Але “кобра” моўчкі глядзела ганарлівымі зялёнымі вачыма…

— Мае компы не прадавайце! Я іх сам зьбіраў, там такія навароты ды прымочкі… Карацей, калі што, забярыце сабе.

І Тэрмінатар павярнуўся да сьцяны, глыбока ўздыхнуў і зрабіў крок.

…Прафесар Люцыян Нічыпаровіч яшчэ раз перачытаў ліст, акуратна склаў і паклаў у канверт. Канверт заклейваць ня стаў — навошта? Ня стаў і падпісваць. Дастаткова пакласьці на сярэдзіну стала.

Прыдуць “археолагі” — знойдуць.

Калісьці ён удзельнічаў у археалагічнай эксьпедыцыі на Віленшчыне. Раскопвалі руіны замка… І ў сьцяне, справа ад колішняй брамы — знайшлі шкілет жанчыны. Ён стаяў у вузкай — не варухнуцца — нішы, абдымаючы вертыкальна ўмацаванае бервяно.

Чамусьці па ўсім сьвеце верылі, што каб замак, храм, мост, вежа, гарадская сьцяна стаялі — трэба, каб іх падтрымлівалі нябожчыкі. Закапаныя ці замураваныя жыўцом. Вунь Гальшанскі замак успомніць… Нібыта жонка аднаго з майстроў у сьцяне. Прыйшла, небарака, да мужа з абедам, а муляры, азьвярэўшы ад таго, што сьцяна абвальваецца ў каторы раз, ужо чакалі: чыя кабета першай прыбяжыць, тую і ахвяруем. Паданьне, кажаце? Ды яшчэ ў 1843 годзе жыхары нямецкага мястэчка Гале прапаноўвалі ў падмурак новага мосту пакласьці жывое дзіця. Добра, часы былі іншыя, асьветніцтва, разумееш, і ўлады не згадзіліся. Думаеце, здарма называецца месца, з якога пачынаўся горад — дзядзінец, па-расейску — “детинец”?

Але самае надзейнае — калі ахвяра згаджалася на такі жудасны скон добраахвотна. У XIX стагоддзі ангельскі зьбеглы матрос патрапіў на востраў Фіджы і бачыў, як будавалі жытло мясцовага правадыра. У кожнай яміне са слупом будучага дома стаяў жывы чалавек, які трымаў бервяно і цярпліва чакаў, пакуль яго разам з бервяном засыплюць.

У любой вялікай справе павінны быць такія людзі, якія моўчкі трываюць кпіны і зьдзекі і даюць сябе засыпаць… І нават мёртвымі працягваюць трымаць сьцены.

Прафесар адчыніў шуфляду стала і паглядзеў на тое, што там ляжыць. Так, ён ведае, што зьбіраецца ўчыніць вялікі грэх. Сьмяротны грэх. Але ці лепей будзе пакорліва пайсьці на ўсё, што для яго падрыхтавана “ачышчальнікамі”? Ён ведае, што робяць у сутарэньнях Жоўтага Дому. Ломяць усіх. Ну, хіба… за адным выключэньнем. Але ён, Люцыян Нічыпаровіч, занадта стары. І занадта шмат людзей можа пацягнуць за сабой. А паміраць з ганьбай, з усьведамленьнем, што загубіў бязьвінныя душы — дык лепей ужо загубіць грэшную сваю. І Лёлечцы лепей застацца ўдавою, чым жонкай ворага народу.

Прафесар падымаецца і праходзіць па пакоі. Для яго не пашкадавалі шыкоўнай кватэры ў цэнтры гораду. Аксамітныя парцьеры, паркет, антыкварная мэбля, прыслуга… Акадэмічны паёк. Ня будзе адмаўляць — звык да камфорту. Ня з графаў — але ўсё-ткі з сям’і гімназічных настаўнікаў. Яму не давялося немаўлём гарлаць у кошыку на ўскрайку жытняга поля, пасьвіць худобу, бегаць у школку басанож… Пазалочаныя анёлкі на каляднай елцы, кніжкі пра індзейцаў з карцінкамі, нянька, урокі ангельскай і нямецкай, фартэпіяна… Бацька — піцерскі, але з роду гарадзенскай шляхты, маці — з сям’і польскіх паўстанцаў. Гэта яна называла яго Люцыянам. У праваслаўным хрышчэньні яму далі імя Лука — але Нічыпаровічу больш падабалася “Люцыян”. Так і падпісваўся заўсёды. У доме чыталі Тургенева і Чарнышэўскага. А яшчэ — Яна Баршчэўскага і Міцкевіча. Ён быў зусім малы, калі яго пазнаёмілі з дзіваком-дзядком, насатым, таўсманным, як сьнегавік, са старамоднымі бакенбардамі і дабрэннымі-дабрэннымі вачыма. Стары павёў яго на другі паверх кватэры і паказаў жывога зайца. Заяц скакаў па ўсім пакоі, не прызнаючы клетку, што адчыненай сіратліва тулілася ў куце. А гаспадар, крэкчучы, згінаўся, каб працягнуць свайму пестуну капусны ліст. Звалі старога сьмешна — пан Каэтан. А зайца завялі ягоныя хатнія па парадзе доктара — дабрэнны пан Каэтан вельмі не любіў рухомага ладу жыцьця, на шпацыры нават хадзіць адмаўляўся. А дзеля жывой істоты — як не ступіць пару лішніх крокаў?

1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 213
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)