Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Мабыць, разумеючы тое, Тумаш не здзівіўся, калі праз тыдзень, прыйшоўшы ранкам у амбулаторыю, убачыў на яе дзвярах сургучную пячатку — ноччу доктара ўзялі. На ягонай кватэры ў Голды ўсю ноч ішоў ператрус, а да амбулаторыі ў тых, мабыць, яшчэ не дапрасталіся рукі. Менавіта тады Тумаш спалохаўся: цяпер возьмуць яго. Падумаўшы так, вярнуўся дахаты, узяў сваю звітую з конскага воласу вуду і зашыўся на возеры ў самы дальні закутак. Рыба, аднак, ня брала, ды ён і не надта сачыў за паклёўкай, ягоная галава трашчэла ад страхавітых думак — што цяпер будзе? Усё ж яны там, за бутэлькай, былі толькі ўдвух. Што можа падумаць доктар? Тумаш нічога не казаў нікому, але ж у старым і вялікім Лейбавым доме, апроч гаспадароў ды іхніх дачок, былі і яшчэ кватаранты. Цераз дашчаную, абклееную старымі газетамі сцяну кватараваў з сям’ёй настаўнік грамадазнаўства Квяткоўскі, з другога боку жыў пажылы бухгалтар сельпо — ціхі і непрыкметны чалавек, прозвішча якога за два гады так і не запомніў Тумаш. Можа, іхнюю гаворку пачулі? Напэўна пачулі! Але ж на каго было наракаць?
Тумаш чакаў і баяўся арышту, але яго не арыштоўвалі — яго толькі паклікалі ў райаддзел НКВД і далі прачытаць некаторыя з выказваньняў Дашкевіча. Пытанне следчага было пастаўлена рубам: казаў тое доктар ці не? Тумаш трохі павагаўся: увогуле ўсё было запісана правільна ці амаль правільна, мабыць, адмаўляць было марна, і ён пацвердзіў: так, гаварыў. I падпісаў. Тое следчага задаволіла, яго адпусцілі, сказалі: калі будзе трэба — паклічам.
Усё лета, восень, пачатак зімы, фінскую вайну і аж да пачатку Айчыннай фельчар Тумаш жыў пад гнётам страхавітага, трывожнага чакання — калі паклічуць? Праз тое панішчылася ягонае каханне з малодшай Лейбавай дачкой, ён ні з кім не ажаніўся, — страх перасіліў усё. Як пачалася вайна і яго мабілізавалі ў войска, Тумашу ў пэўным сэнсе стала нават лягчэй — чым далей, тым болей прыходзіла ўпэўненасць, што не паклічуць. I праўда, не паклікалі, і ён пакрысе адчуў сябе, як усе, з душы зваліўся штодзённы пакутлівы гнёт. Праўда, з вайной абрынуўся другі, які, пэўна, і выцясніў першы. Але то быў гнёт чакання пагібелі, які фельчар Тумаш перажываў не адзін, а нароўні з усімі. Тут ужо наракаць не было на каго.
— Возера? — са звыклай трывогай гукнуў камандзір, убачыўшы, што Косця наперадзе спыніўся.
— Возера, ага. Я ведаю. Гэта Кузыроўскае…
Яны ўсе прыпыніліся на пагорку ў рэдкім прыазёрным хвойніку — наперадзе, між рэдкіх і стромкіх хвояў сонечна блішчэла роўная паверхня выцягнутага ўпоперак возера з аброслымі трыснягом берагамі. Пад супрацьлеглым берагам відаць быў густа парослы кустоўем невялікі астравок.
— Во і астравок. Пэўна! — узрадавана мовіў хлопец з нізка павіслай санітарнай сумкай, надзетай цераз плячо. — Цяперака трэба абысці. Тут блізка, цераз рэчку.
— Як называецца рэчка? — пытаўся камандзір. Ён ужо разгарнуў вынятую з сумкі карту, распрастаў яе на каленях. Але як называецца рэчка, хлопец не ведаў і няўцямна паціснуў худымі плечукамі.