Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
Сваёй задняй лапай кот паказаў на бліскучы прадмет, які ляжаў у траве перад агароджай.
— Што гэта такое? — спытала Алеолла.
— Напарстак. А ў ім — кавалачак воску.
— Дзе ты ўсё гэта ўзяў?
— Пакуль ты хадзіла да брамы ханскага палаца, мне знаёмая котка прынесла. Яна жыве тут недалёка, у краўчыхі. Слухай далей. Я памуркаю — вартаўнік і засне а ты ў гэты час набяры ў напарстак слязу з каменя і замаж напарстак воскам, каб сляза не выцекла. Потым мы паціху вернемся да гэтага дрэва, пералезем праз агаро джу і адправімся вызваляць віцязя Арціна.
— Які ты ўсё-ткі разумны! — пахваліла ката Алеолла.
— Добрым людзям заўсёды прыемна дапамагаць, — адказаў на камплімент кот Міамурмарор.
У імгненне вока ён ускочыў на каменны плот, затым на дрэва, адчапіў галінку плюшчу і перакінуў яе Алеолле. Яна лёгка пералезла праз агароджу ў сад.
— Тс-с, — прашаптаў кот Міамурмарор, — вунь, бачыш, побач з акацыяй на траве сядзіць таўстун? Гэта вартаўнік. Я іду да яго, а ты абыходзіш акацыю і неўпрыкметку падкрадваешся да каменя. Калі пачуеш ад вартаўніка: «Мур-мур мур», — значыць, ён заснуў, тады смела ідзі да каменя і набірай слязу.
— Наперад!Кот саскочыў з дрэва і, падняўшы хвост трубой, накіраваўся да вартаўніка. Наблізіўшыся да яго, кот сеў насупраць і паглядзеў таму прама ў вочы.
— Ох, які вялікі і прыгожы кот! — мімаволі захапіўся вартаўнік. — Але ты сюды дарма забраўся, тут чужым катам рабіць няма чаго.
Аднак дзённая спёка размарыла тоўстага вартаўніка, яму была лянота ўставаць і праганяць ката.
— Псік. Псік з саду, — таўстун млява махнуў рукой.
Замест таго, каб сысці, кот суровым голасам спытаў:
— Як цябе клічуць?
Вартаўнік разгубіўся, таму што да гэтага моманту нават дапусціць не мог, што каты ўмеюць размаўляць. Ён машынальна падабраў жывот і прадставіўся:
— Рахмадул... А што?
— Ну, ты, вядома, і малайчына, Рахмадул, — тым жа тонам працягваў кот, — табе загадана стаяць і сачыць за каменем, а ты на траве разваліўся, зброю на зямлю кінуў. Нягожа...
— А гэта... гэта... Я ж толькі на хвілінку прысеў... Дзіда і шчыт такія цяжкія. Не верыш, сам паспрабуй патрымаць, — стаў апраўдвацца Рахмадул.
— Які ж ты вартавы, раз прапаноўваеш незнаёмцу патрымаць сваю зброю?
— Ха-ха, — раптам засмяяўся таўстун, — Мне смешна... Што кот можа зрабіць з дзідай чалавека?
— Глядзі, — Міамурмарор тыркнуў вострыя кіпцюры ў тронак, прыпадняў дзіду і рэзкім рухам лапы, нібы строс яе. Дзіда праляцела некалькі метраў і ўваткнулася ў зямлю.
— Бачыш, уся справа ў тэхніцы кідання дзіды — кашэчая адрозніваецца ад чалавечай, але ўсё-ткі скарыстацца дзідай я магу не горш за цябе.
Вартаўнік глянуў, як паляцела яго дзіда, ды і застыў на месцы ад здзіўлення з шырока адкрытымі вачыма.
— Я гляджу, ты вельмі марудна разважаеш, — ацаніў яго выраз твару кот. — Але вартаўнік Вялікага Хана павінен кеміць вельмі хутка і свайму камандзіру ён павінен усё неадкладна дакладваць. Ты, наогул, можаш што-небудзь неадкладна і даслоўна дакладваць?
— Нну... ммагу, — затаптаўся таўстун, прамармытаў, — недакладна неадкладна дакладваць...
— Ясна... Здаецца цябе пара звальняць з вялікаханскай варты...
— Ну што ты!
— І няма чаго мне тыкаць, ты на працы, — абурыўся кот Міамурмарор.
— Прабачце, спадар кот. Не, не трэба мяне звальняць. Я магу хутка думаць. І хутка дакладваць таксама магу.
— Раз так, то трэба праверыць.
Рахмадул хацеў было ўстаць з зямлі, але кот сказаў:
— Можаш сядзець. Паўтарай за мной так хутка, як толькі зможаш. І, глядзі, без памылак.
Кот Міамурмарор набраў паветра ў лёгкія і роўным голасам пачаў вымуркваць:
Муляр мыў мур мармуровы,
Мармур муру быў пурпуровы.
Муляр мыў мур мармуровы,
Мармур муру быў пурпуровы...
Рахмадул пачаў было паўтараць за катом, аднак чалавеку паўтарыць каціную прымаўку практычна немагчыма. Таўстун збіваўся, збіваўся, а потым у яго пачало атрымлівацца адно толькі мур-мур-мур... Ён стаў дзюбаць носам, а вочы самі сабою заплюшчыліся. Тоўсты вартаўнік падціснуў ногі ў бліскучых чорных ботах да жывата і замармытаў: мур-мур-мур...
Алеолла пачула салодкае пасопванне і наблізілася да каменя. Менавіта ў гэты момант на каменным выступе набралася сляза. Яна адарвалася і паляцела ў каменную нішу. Алеолла падставіла свой напарстак, злавіла слязу каменя і хуценька замазала напарстак воскам.