Жменя сонечных промняў
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1965
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жменя сонечных промняў». Краткое содержание книги:
Я ж не магу без хвалявання думаць пра тое, што i я быў, нарэшце, у цудоўнай падземнай казцы беларускай рэчаіснасці — хадзіў па бясконцых i зіхатліва прыгожых тунелях, сам перад сабой, як блазен, фанабэрыўся курткай, каскай i ліхтаром шахцёра, неяк вельмі ж свабодна i молада, па-марскому, з соллю на вуснах, дыхаў паветрам Салігорска,
Ціхая рэчка ў спякотнай данской станіцы.
Садзіцца сонца — недзе за высачэзным трысцём.
Лазім з волакам па прахалоднай, мутнай вадзе, ранячы ногі на патайных «чарапашках» i старчаках.
Рыбацкія «прыстані», сцежкі-праёмы ў трысці, дзе на дасвецці, падаслаўшыся ахапкам сена або старою курткай, сядзяць над паплаўкамі мясцовыя аматары ціхага і цярплівага хвалявання. На дзень праёмы пазакладаны калючым цёрнавым голлем. Доступ у гароды закрыты; гyci і качкі гамоняць на вадзе, не вельмі баючыся нас.
Мы прыпыніліся каля трысця — перадыхнуць перад новым, можа, бог дасць, шчадрэйшым заходам.
I вось на «прыстань» на супрацьлеглым, светлым беразе выйшла з вёдрамі маладая казачка.
Ёй гэта — проста работа: яна, высока падаткнуўшыся, палівае капусту.
А нам — як падарунак нейкі або цуд — засвяціла проці захаду раскошна сонечнымі, стройнымі нагамі.
Хмарная ноч. За акном шуміць мора. Быццам нехта бязмежна дужы хоча ўзабрацца на бераг, злізаць з абрыву наш дом. Ён, гэты нехта, не злосны,— у перакатах яго наступу чуваць хутчэй нейкая нават туга, да нуды аднастайная, шматгалосая жальба на лёс, што асудзіў вось так, для нейкай незразумелай мэты, шумець і шумець... Ласкавы, цёплы, пеністы шум. Калі ты дужы і сам, ён пагайдае цябе на хвалях. Калі ж ты слабы — лепш не лезь, як блазен, угрудкі да здаравеннага дзядзькі, бо ён цябе толькі патрэпле вялікай рукой за чупрыну — заплюе твае ногі жарствой, паваліць i выкаціць разам з галькай на бераг. Наваг скажа, здаецца: «Ну, ну!..» Так i гаворыць, так i чуваць у ягоным шуме панурая, нязлосная пагроза дарослага, які сумна заняты сваей невясёлай справай i не любіць, каб яму перашкаджалі.
Днём яно, мора, пяшчотна, сонечна бірузовае.
Горы — цёмна-зялёныя. Ідзеш па беразе, забудзешся, дзе ты, і вось —праз зеляніну дрэў у садзе — убачыш, здаецца, хмару. Дождж будзе, ці што?.. I раптам успомніш, што гэта — Каўказ!..
Снегавых не відаць. Да самай вяршыні зялёнай гары ўзбіраюцца дрэвы, якія адгэтуль, з марскога берагу, здаюцца кустамі.
Хмары над гэтай зелянінай, ці, лепш сказаць — на гэтай зеляніне, здаюцца дымам вялікix вогнішчаў, раскладзеных дзесьці ў гарах. Вогнішчы тыя доўга гараць, лена i безупынна падпускаючы адтуль на мора дым. Ды ён ніяк не хоча разлучацца з зелянінай гор...
Бязмежная паэзія, якую нашай лыжачкай не вычарпаць да дна.
Цясніны з сухімі, камяністымі рэчышчамі. Горная дарога, абапал якой то бамбук, то гранатавыя дрэвы з чырвонымі i пругкімі, як з воску, кветкамі, то дубы i грабы, то кусты ажыны. Каменныя домікі на высокіх падмурках. Дзіўна маленькія вуллі. Ослік стаіць на ўзбоччы гары, ніяк не могучы прыдумаць, дзе б гэта напіцца... Карова звоніць бляшаным іржавым званном. Высвістваюць дразды. Козы пасуцца з мяшэчкамі на вымі, каб казляняты не ссалі ix без ведама гаспадынь. Стары абхазец, пастух у чувяках, падобных на скураныя лапці нашых пастухоў. Босыя хлапчукі ў цюбецейках. Загарэлыя, абавязкова вусатыя мужчыны волакам цягнуць на валах з гары тоўстыя, грымучыя бярвенні...
Радуле Сційенскі, паэт не толькі за рабочым сталом, расказвае мне пра сваю далёкую Чарнагорыю. Цікавы чалавек — з яго прыемна калечанай рускай мовай, з яго маладосцю ў шэсцьдзесят год, з разумным гумарам i веданнем гор.
Сардэчная паэзія далёкага маленства!.. Як ён, Радуле, калісьці прабіваў браню чарапашкам, звязваў ix, запрагаў у малую сошку i «аpay». Як яму пахне адтуль пастушыная яда — авечы сыр, ляпёшка i дзікі часнок...
Мы ідзём па камяністай, вузкай дарозе, апіраючыся на доўгія бамбукавыя посахі.
Далёка ўнізе — мора з каёмкай пены каля берагу.
Зялёныя вяршыні гор, абмочаныя знізу ў рэдзенькі студзень сівых воблакаў,— што раз бліжэй да нас, a ўсё ж — высока!..
— Добры дзень!— з натуральнай прыязнасцю вітае мой спадарожнік сустрэчную абхазскую бабулю. Засушаную, лёгкую, усю ў чорным. І зусім сур'ёзна пытаецца ў яе: — Скажыце, а ці далека яшчэ да Царграда?..
Ноччу была навальніца: гром над морам i стук дажджу па вялікіх лістах смакоўніцы.