Жменя сонечных промняў
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1965
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жменя сонечных промняў». Краткое содержание книги:
Апоўначы — ціхі месяц на ўсходзе.
Поўня.
Вецер будзе кудысьці гнаць аблокі, месяц — хавацца за соснамі, калі i мяне ўжо не будзе. I нехта іншы стане думаць-прадумаць, што так і суджана, мусіць, яму сумнявацца, горка тужыць і плакаць без слёз, i часта шукаць апоры, і горача любіць — жыццё, дабро, людзей, паэзію!..
Так думаецца ў полі за лясною вёсачкай, над Віллёй, дзе ў пятнаццатым годзе была передавая — кроў, туга i акопныя вошы... Акопы не зацерліся, хоць параслі сасоннікам.
Тут і пішу, стоячы на пясчанай дарозе, перад вячэрняй зарой, што яшчэ ўсё ніяк не патухне, пад гулам высока-высокага самалёта. Пішу ў паўцемры, наўздагад, каб не адкладаць і гэтых думак-пачуццяў, як многае, што я чамусьці ўсё адкладаю...
Да ўсходу сонца здавалася, што свет — гэты кавалачак зямлі, дзе стаіць наша вёска, наша поле i нашы могілкі — увесь накрыты шкляным матавым каўпаком. Потым сонца прабілася праз росную муць, заіграла на пазалочаных вершалінах клёнаў, ліп i бяроз, на гронках спелых рабін, прыгалубіла сумныя, ужо безгаловыя сланечнікі, ружовыя кветкі насеннага тытуню, жорсткія касачы кукурузы, апошнія кветкi ў гapодчыках i капусту на градах...
У галубятніках пад капяжамі прачнуліся ды ўстрапянуліся галубяняты. З цікаўнасцю i боязю пачалі глядзець на двор, тоўхаючыся ўперад мілымі галоўкамі.
Увішна тэпаючы трохкутнымі лапкамі па густой, нізка пагрызенай траве, стракатыя, сытыя качкі подбегам паківаліся на выган, да рэчкі. За імі — гусі. Гэтыя не спяшаюцца. Пра штосьці дружна гамонячы, пайшлі памалу па абочынах ды па самой дарозе, разварушваючы асаджаны расою пыл.
Стары калека-кравец, што выгнаў ix ca двара, стаіць ды ўсміхаецца сам сабе, відаць, разумеючы іхнюю гутарку.
На ўскраінах неба, ужо ніяк не могучы засланіць далягляд, стаяць занавескі празрыстай смугі.
Якая раніца для засевак!.. Так i хочацца стаць на калені — з сявенькай, каля меха зярнят — у пухкай, цёплай раллі, што добра падышла, як падыходзіць удала расчынены i замешаны хлеб!..
На ўзбоччах яраў, на ўзмежках палеткаў чырванеюць буйныя ягады шыпшыны, густа чарнее ажына, якую няма каму абіраць, па-дзіцячы міла вабяць вока ружовыя цацачкі — ягады брызгліны.
Палавіна верасня, a ў садзе яшчэ ўсё лена перасвістваюцца шпакі.
Яблыні выпростваюць замлелае пад яблыкамі голле, а яблыкі, на дзіва сёлета ўрадлівыя, ружовымі, духмянымі сонцамі кладуцца ў скрыні са свежай дранкі, на свежую жытнюю салому.
У раннім сонцы рабіна рдзіць цёмна-аранжавымі шышкамі церпкіх, аскомістых ягад. A ўвечары, калі на захадзе сонца сцяной устануць хмары,— палахліва шуміць магутны явар, пабліскваючы сівай падкладкай лісця.
Кастрычнік.
Пагодлівая раніца. Пахне марозікам. На ўсходзе — сінь, хмары фіялетавыя або шэрыя. I агнявая, распаленая чырвань сонца, якое ўзыходзіць.
Туманнае ранне на ўзлессі. Лес мяшаны. Гледзячы на жоўты вяршняк бярэзніку, здаецца, што гэта з-за туману ўзыходзіць сонца.
Сыры, халодны ранак. Рунь — хоць выціскай яе ад вільгаці. На ржышчы — прыхоплены марозікам асот, а на дарозе — адна пушыстая, апырсканая расой галоўка дзьмухаўца.
Ад вёскі, што засталася ў даліне, белае поле ўздымаецца на захад спакваля вышэй, вышэй — аж да самых Балканаў.
Такую гучную назву далі гэтым узгоркам. Відаць, у мінулым стагоддзі, калі нашы дзяды вярнуліся з-пад Плеўны...
Думаю пра гэта, ідучы па іскрыстым, хрусткім снежным цаліку.
Сям-там, вельмі ўжо рэдка, стаяць старыя, спрад веку цярплівыя дзікія грушы.
Кусты шыпшыны трапляюцца на схілах яpay ды на ўзлобках, ніколі не араных, падобных на агромністыя боханы, У калючым сярэбраным голлі яшчэ ўсё трымаюцца, таксама заінелыя, аранжавыя зморшчаныя ягады.
Як светлы сон, успамінаецц а тут, каля ix, матыліная ружовасць пялёсткаў, пчаліны звон i ласкавае сонца... Успамінаюцца i радкі:
О Беларусь, мая шыпшына!..
Ваўчыны след. Шэры пайшоў над абрывам і, выбраўшы месца, спусціўся ў яр, грузнучы на глыбейшым незаскарынелым снезе.
На дне яра зеленавата-сінімі плямамі пракідаецца зусім свежы, яшчэ не пераможаны снегам лядок неўтаймаванай крыніцы.
Высока на поўдні — пакуль што няспелы, бледны акраец месяца. Спачатку, пакуль ідзеш, толькі як быццам адчуваеш яго прысутнасць над сабой, а потым так i не вытрываеш — азірнешся ў гару. З нейкай дзіцячай прыемнасцю.
На гары за вёскай, любуючыся родным, даўно знаёмым i ўсё яшчэ новым светам — белым, чысценькім у вячэрнім святле,— міжволі, жыва і радасна ўявіў сябе мурашачкай на неабдымна агромністым гарбузе Зямлі... Успомніў, як бачыў яе пад крылом высокага самалёта. Уявіў, як бачылі яе, у ціхім ззянні, нашы касманаўты...