Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Жменя сонечных промняў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Жменя сонечных промняў

Электронная книга - «Жменя сонечных промняў». Краткое содержание книги:

Дарогі, сустрэчы, уражанні... І вечны спадарошнік літаратара, памочнік яго памяці — блакнот. Год за годам, блакнот за блакнотам... Адно з запісанага ўвайшло ў аповесці, апавяданні, нарысы. Другое — чакае чаргі. A іншае — просіцца бьщь самастойным мастацкім творам. І вось пісьменнік прапануе ўвазе чытача сваё захапленне жыццём, чалавекам, прыродай, сваю любоу, нянавісць i смутак, усмешкі i роздум. Лірычныя нататкі Янкі Брыля падаюцца ў тым, амаль некранутым, выглядзе, як яны праляжалі ў непасрэдных запісах, — што год, што пяць, а што i дваццаць пяць гадоў.
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 40
Перейти на страницу:

Бязмежныя, як неба, прасторы жыта. Дзе так нядаўна яшчэ стракацелі палоскі. Абозы сена. Навінка тут — трактары, грузавікі...

Ідылія вечнага i сучаснасці.

Адзін з нашай рыбацкай валачашчай тройкі, навічок у гэтых мясцінах, казаў, што на Свіцязі ён адчувае нейкую незвычайную лёгкасць, як ні на адной іншай вадзе, якіх ён, дарэчы, аплаваў ды абязрыбіў нямала. Пад яго кіраўніцтвам i Свіцязь раскрылася для мяне яшчэ адным сваім бокам. З лодкі, заякаранай каля легендарнага трысніку, мы вылавілі за раніцу мноства бойкіх акунёў. I паплаўкі, жывыя паплаўкі на невыказна лёгкай і светлей вадзе, пойдуць за мною дзіцячымі снамі.

...Узгоркі Наваградчыны, калі глядзець з гары, ледзь не ў шахматным парадку ўкрытыя пералескамі. Дубы i грабы. Жытнія мэндлі. Грэчка ў пахкай красе. Жніўная песня. Рупліва махае рукамі жняярка. На гасцінцы, уздоўж бруку, над расквечаным адхонам — добрая сцежка для нашага брата-веласіпедыста. І цянёк ад прысадаў, і голле трохі зачапаецца лістотай. У цяньку каля хутара, на траве, да чорнага хлеба вельмі добра падыходзіць свежае малако.

...Пасля ўзгоркаў ды пералескаў, ад Карэліч на Любчу пачынаецца лагодная роўнядзь, з часцейшымі мэндлямі, светла-зялёнымі прасторамі слаўнага лёну, усыпанай кветкамі канюшыннай атавы, густых, зярністых аўсоў. Вёскі цягнуцца амаль неразрыўным ланцугом, дружна чапляючыся адна за адну, злучаныя звонка ўкатанымі дарогамі, абапал якіх густа стаяць то нізкія каржакаватыя вербы, то велічныя красуні ліпы, з якіх яшчэ ўсё асыпаецца духмяны пыл. Рэшткі апетага Міцкевічам: «ціхія грушы» на межах... Хаця — межаў няма. Навокал стаіць густое, каласістае жыта, спакойна дыхаючы смачным, гаркаватым пахам. I на ўсім гэтым фоне — сведчаннем часу — працуе камбайн.

...У Любчы — ужо шырокі пасля нашых Ярэміч, падкормлены водамі некалькіх рэчак Нёман. З яго адвояў — мы бачылі — сетка вымае на сонца шыраказяпых, выпасеных шчупакоў. За ракой, на зялёнай прасторы, што канчаецца на даляглядзе цёмнай сцяною лесу, ходзіць калгасны статак. Ад саламянага будана над Нёманам, дзе збіраюцца нанач каровы i куды прыязджаюць з бітонамі даяркі, увечары чуваць дзявочыя жарты i смех, a бліжэй — дзюрчанне ў звонкія вёдры духмянага сырадою. Блізкасць пушчы адчуваецца не толькі над ракой, берагі якое завалены падрыхтаванай для сплаву драўнінай, але i ў самым гарадку. Новыя домікі стройнымі i шчыльнымі радамі закрылі ваенныя пажарышчы. З вялікіх асветленых акон грыміць радыё, праз белую павалоку фіранак відаць зеляніна вазонаў... Вузкакалейныя рэйкі заўсёды здаюцца яшчэ меншымі, чым яны ёсць у сапраўднасці,— хоць ты вазьмі ix з сабой, каб парадаваць дачок новай забаўкай. Фанабэрысты паравозік цягае свае тры вагончыкі ўздоўж платоў i варотаў, з блазенскім, задзёрыстым свістам, чапляючыся комінам за лісцё вішняку i двойчы на дзень акурваючы яго чорным дымам. Многа пяску, што асабліва адчуваецца ўвечары, калі з-за Немана вяртаюцца каровы.

...На ціхай вадзе рэк і рэчак, над як імі сям-там грукочуць бяссонныя млыны,— раскашуюцца сытыя, міла-стракатыя свойскія качкі, водзячы па люстранай паверхні вады, нібы накрэсленыя цыркулем, кругі.

...Ад Немана да Кромані — пяскі, па якіх вельмі цяжка каціць наўючаны веласіпед. Лясная глухмень i раптам — «модрае вока» ў сасновым кальцы!.. Асабліва хораша выглядае светла-зялёная падцянёўка сітняка — паміж цёмнай сцяною лесу i агромністай шыбай вады. Дно Кромані светла-карычневае. Пройдзеш — доўга відаць вялізныя сляды і падымаюцца наверх бурбалкі. Многа ракаў, якіх мы лавілі «сакаўкай», а пасля оптам пяклі ў прыску вогнішча. Безліч малявак, асабліва відных на захадзе сонца. Шчупакі і акуні палююць зусім нахабна, глытагачы плотак ледзь не ў паветры. А куні — гарбылі. Добра выглядае такі, узброены пілой калючак, прыгажун, наструнены на спінінгавай жылцы! Вельмі прыемна адчуць яго першы рывок i супраціўленне, як доказ, што ў сіняй бездані — не пуста. У завадзях, адгароджаных ад берагу сітняком, раскашуюцца — тут ужо дзікія — качкі, мноства качак i ўсе без горкага вопыту,— лодку яны падпускаюць бліжэй, чым на стрэл. Добра слухаць ix гоман i фуркатанне крылляў пры ўзлётах. I тут матылі залятаюць на самую сярэдзіну возера. А паверхня вады, замест свіцязянскага ліпавага цвету, пацярушана сівым пылком насення сітнякоў.

Пішу раненька, у буйным, росным садзе, на лаўцы каля пагрэбніка.

Адгэтуль, са старога саду з пакрыўленымі яблынямі i магутнымі грушамі, відаць спрадвечнае — спелае жыта на неабсяжнай слуцкай раўніне і новае — капры калійнага камбіната. Удзень адтуль сюды даходзіць гул матораў, ноччу—музыка. У сад прыйшоў i стаў высокі слуп з пявучымі драгамі — зноў новае ў старым. Шпак высвіствае сабе на гэтым слупе, «смажыць сала», як на шпакоўні ці проста на голлі.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 40
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)