Жменя сонечных промняў
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1965
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жменя сонечных промняў». Краткое содержание книги:
Дажджавая хмара раздзялілася на два крылы. Левае — цяжкае, навальнічнае — пайшло на поўдзень, дзе балоты над Нарачанкай i Гатаўскі бор. А правее — рэдкае, прасвечанае сонцам — пацягнулася сеткай дажджу па драбналессі, дачах i хутарах.
На ўсходзе — дзве вясёлкі: ніжэй — ярчэйшая, вышэй — слабая. Калі пагусцеў дождж, ніжэйшая вясёлка, з хмарай, якую яна абдымае, наблізілася да нашай лодкі, а вышэйшая засталася на месцы, з канцамі, утопленымі ў возеры далёка, каля самых яго, паўднёвага i паўночнага, берагоў. Калі правае крыло хмары працягнулася, прайшло дажджом па драбналессі, дачах і хутарах, вясёлкі раскалоліся папалам,— левая палавіна ix паблякла i знікла, а правая, на фоне густой хмары, нібы надзейна ўбітая канцом у паўднёвы бераг, датлявае паволі...
Бліжэй да берагу хваля паменшала, нас перастала заліваць, і матор наш заварушыўся весялей. Пацяплела.
Каля дач нас выйшлі сустракаць.
Прапала ўся наша грозная паэзія,— мы засталіся проста няўдалымі, мокрымі рыбакамі, якіх — пад кепікі — адагравалі чаем.
Старэнькая лазня ў гонкім, густым бярэзніку, у якой звычайна цэлы тыдзень гаспадараць чэрці, у суботу напалена прышлымі цеслямі, што рубяць хату на ўскраіне вёскі.
Запрасілі памыцца. Пасля страшэннай пáры — сцюдзёная вада з крыніцы. Па пяць-шэсць вёдраў — з галавы да ног. Нават бярозкі сталі прыгажэйшыя, i ўсё на вокал пачысцела!..
Іду ўздоўж грады сасняку, па расе. Справа — сонца. Нядаўна ўзышло. Яно — праз дрэвы — мільгае па твары, i я адчуваю сябе пастушком, што iдзе каля плота. Дадому, паснедаць. Хоць тарахці па соснах кійком — як па штакецінах.
Хлебна-сасновая цішыня. Над цішынёй — ад возера — ляціць варона. Гудзе вялікая паляна грэчкі. У белай, духмянай кашы — высокая, самотная сасна i нізкі, каржакаваты дуб, здалёк — нібыта груша-дзічка.
Здымаў гэта, стоячы на каленях у роснай, высокай грэчцы.
Рыга. Пагодлівы ранак. Над сажалкай — стары латыш, а на вадзе—лебедзi, нібы прыгажуні з ансамбля «Бярозка». А так яно, відаць, i нарадзілася народнае: «как лебедушка»?.. Стары крышыць рукамі i зубамі булку, кідае лебедзям, а вакол яго, маўчуна, скача, чырыкаючы, верабей,— як бы найбольш урваць.
Хораша! Хоць чалавек i не адказвае чамусьці на мае прывітанне ды загаворванне...
Дауней, у самым пачатку, глядзеў на сонечнае, бела-воблачнае неба знізу ўверх, i гэтак добра было, шчасліва!..
А цяпер вось успамінаю, што нядаўна быў на цэлых дзесяць кіламетраў угары, зверху глядзеў на аблокі і... што ж — нічога, як быццам нават менш цікава было, менш хвалявала...
Можа, таму, што тады, у пастушыным далёкім маленстве, усё і для мяне было — толькі наперадзе?..
Румяны ранак над возерам. Пад соснамі, у кустах ядлоўцу, выбегшы з вады, выціраецца маладзенькая, стройная, загарэлая студэнтачка. Ажно спыніўся я на сцежцы, каб не спалохаць...
Пасля, падвечар, убачыў яе — не такая прыгожая.
Канадскі бок Ніягары пакінуў бы вельмі няпоўнае, ледзь не проста курортнае ўражанне... Але, пакруціўшыся перад вадаспадамі па набярэжнай пехатой і ў аўтобусе, мы пераехалі мост, апынуліся ў ЗША, прайшлі, нечакана не вельмі складаныя, паліцэйскія фармальнасці і зноў паехалі да вадаспадаў.
Ужо само пераапрананне ў сінія пiжамы і светла-жоўтыя непрамакальныя плашчы настроіла ўвесь наш турысцкі піпл [1] на молада-вясёлы лад. Спусціліся ліфтам на блізу дзве сотні футаў i апынуліся на драўляных кручаных лесвічках ледзь не пад самымі вадаспадамі.
Спачатку толькі глядзіш ды слухаеш — здалёк, а потым яно пачынаецца!..
Вырваўшыся з-пад вадаспаднага душа, дабраўшыся па коўзкіх, заброснелых сходках да ліфта, адтуль — да вопраткі і блакнота — пішу:
Іду, сагнуўшыся пад гэтай небывалай навальніцай, вяду перад сабой і за сабой па сто вясёлак, і ў гэтым шуме вечна маладое радасці хочацца спяваць, смяяцца, пісаць выдатныя вершы!.. Божа мой,— i падумаць адно, што так адбываецца тут безупынна, заўсёды!..
Пачатак жніўня.
Зранку цярушыць дождж. На пожні — росная, дробненькая канюшына. Ад мэндляў — жытні пах. Дацвітае бульба. У градах яна, пасаджаная раней, пачынае жаўцець, смачна пахне. Каноплі — таксама. Сытыя галасы варон i перапёлак.
Усю ноч гула за вёскай малатарня. Цяпер ад калгаснага свірна пайшла на станцыю машына з новым жытам, прыкрытая брызентавым палотнішчам. I фурманкі, на якіх, нібыта ўкормленыя парсюкі, мяхі пад свежаю саломай.
У гародзе сінія вуллі хаваюцца ў ягадніку i кветках — знізу, a ў зеляніне голля, цяжкага ад яблыкаў,— зверху.
Маладая, сопкая бульба. Густое, з пограба, кіслае малако. Маласольныя aryрочкі. Процьма садавіны.
1
Піпл — людзі (англ.); тут — у значэнні — усю нашу турысцкую кампанію.