Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
Другую палову дня патраціў на аператара мабільнай сувязі. Я паведаміў кіраўніцтву салона, што ў сувязі з расследаваннем крымінальнай справы з пракуратуры ўжо накіраваны афіцыйны запыт на дазвол атрымання неабходнай інфармацыі, але абставіны патрабуюць неадкладных дзеянняў. Згоду я атрымаў адразу. Святлана, гаспадыня салона, маладая цяжарная жанчына, пачала раздрукоўваць і перадаваць мне аркушы паперы. Я папрасіў усю інфармацыю аб актыўнасці Насці Грыцук за перыяд, калі яна стала абанентам аператара — трошкі больш за год. І як жа быў здзіўлены, калі мне раздрукавалі ўсяго тры аркушы!
Тут жа запрасіў звесткі пра ўсіх абанентаў, з кім камунікавала Насця. Не здзівіўся, калі пабачыў: практычна ўсе званкі — яе і да яе — датычыліся толькі некалькіх чалавек. Найчасцей, як я і прадчуваў, Насця размаўляла са старэйшай медсястрой, яшчэ некалькі абанентаў — санітаркі з хірургічнага аддзялення, — усе яны былі падключаныя на карпаратыўны тарыф бальніцы.
Толькі адзін тэлефонны нумар, за якім стаяў абанент, імя і прозвішча якога мне нічога не казалі, выклікаў цікавасць. Званкоў было толькі два: адзін уваходны — атрыманы дзевяць месяцаў таму, — і адзін зроблены самой Насцяй на гэты нумар — з тыдзень таму.
Поўная нечаканасць была прыхаваная ў канцы: Насця атрымала дванаццаць эмэмэсак ад розных абанентаў на працягу адной гадзіны чатыры дні таму вечарам. Адзін абанент быў знаёмы — той самы невядомы мужчына, які тэлефанаваў дзевяць месяцаў таму. Прозвішчы астатніх невядомыя. Мужчыны, жанчыны.
— Відавочна, яе віншавалі з нараджэннем дзіцяці, — выказала слушную думку Тамара, калі я расказаў ёй пра свае здабыткі. — Супадае дакладна.
— Але тады вынікае, што дванаццаць чалавек ведалі пра цяжарнасць Насці, — развёў я рукамі.
— Гэта цябе здзіўляе?
— Так, мае думкі наконт Насці як сурагатнай маці — памылковыя. Бо не можа быць, каб такая справа, як нараджэнне дзіцяці на заказ, было вядомае столькім людзям, ды яшчэ — гляньце на нумары — нашым, не замежнікам.
— Дарэчы, што за людзі? — Тамара пачала, пасунуўшы акуляры на нос, праглядваць спіс з дванаццаці абанентаў.
— Пакуль толькі палову ўстанавілі, — адказаў я. — Незвычайна нешта. Усе розныя, працуюць у розных месцах. Доктар гістарычных навук, рэдактар часопіса, мастачка. Дворнік, але і паэт па сумяшчальніцтве — дарэчы, як кажа Вікіпедыя, досыць вядомы ў сваіх колах.
— Зараз-зараз, — нечакана Тамара ўзрушылася, адклала мой аркуш з прозвішчамі абанентаў, пацягнулася да стоса папер на краю свайго вялікага стала. — Дзе ён тут быў, — мармытала яна, хутка перабіраючы лісты. — Ага! Вось табе сюрпрыз!
Яна трымала ў руках аркуш з нейкім спісам, працягнула мне мой ліст і загадала:
— Чытай прозвішчы!
Я падпарадкаваўся. Чытаў, а яна выгуквала: «Ёсць», — і крэсліла ў сваім спісе. Усе дванаццаць.
— Вось табе такое! — Тамара працягнула спіс мне. — Усе яны тут!
На старонцы было дваццаць тры прозвішчы. З іх названыя мной дванаццаць былі падкрэсленыя Тамарай. Унізе стаяла сіняя пячатка сельвыканкама, а ў шапцы ліста значылася: «Спіс жыхароў населенага пункта Ляўдок».
— І гэта трэба разумець так: цяжарнасць Насці была сакрэтам для ўсіх, але толькі не для пералічаных жыхароў вёскі. Дарэчы, яны ўсе — дачнікі, не мясцовыя.
— Значыць, яна знайшла там сяброў.
— І альбо яна мела з усімі імі самыя цесныя стасункі паасобку, альбо ўсе дачнікі — самыя шчырыя сябры між сабой. — услых падумаў я, трохі разгублены нашай знаходкай.
— Вось заўтра і разбірайся, — прапанавала-загадала Тамара. — Дарэчы, будзеш дапытваць Зміцера Грыцука, бацьку Насці, будзь вельмі настойлівым. Бо з запісу папярэдняй размовы вынікае, — яна зноў пакорпалася ў паперах, узяла ў рукі і з выразным незадавальненнем паклала назад ліст папярэдняга апытання, якое рабіла аператыўная група, — вынікае, што стары з галавой дружыць, але размаўляць зусім не хоча. Націсні там на яго. акуратна. Яшчэ?
— Пра цмока, якога павінна была нарадзіць Грыцук, я ўжо казаў. Мяне зацікавіў яшчэ адзін запіс у перапісцы. У палове на адзінаццатую вечара Насця піша апошнія словы — пра тое, што ёй трэба зараз «трошкі пажартаваць». Цалкам усё выглядае так. — я знайшоў аркуш з выпісаным дыялогам: — «Насця: Выбачай, любая. Бягу, трэба мне тут пажартаваць. Руслана: Вой, ты там з некім жартуеш? Хто ён? Насця: Ды ёсць адна сволач… Руслана: Не разумею… Навошта табе жарты з нейкай сволаччу? Насця: Не думай нічога дрэннага пра мяне. Калі сволач, дык і жарты ў мяне адпаведныя. Каб ведаў…» Вось такое, і больш ніякіх тлумачэнняў. Ці не стаў жарт прычынай смерці? Размова відавочна ідзе пра мужчыну. Ці не ў выніку гэтага незразумелага жарту яна і апынулася голай? — выказаў я здагадку.