Чырвоная брама
- Автор: Карамазаў Віктар
- Год: 101
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Чырвоная брама». Краткое содержание книги:
Штолета, калi заканчвалiся экзамены ў iнстытуце, з сям’ёю ехаў у Чыкалавiчы i там бясконца пiсаў ды замалёўваў птушак, коней, дубы, дарогi, хаты, людзей. Усё бачыў i адчуваў як сваё, але яно было з пячаткай калектыўнай спадчыны, i тое, што пiсаў ён, пiсалi цi маглi пiсаць, як сваё таксама, iншыя. Хацелася ж такой натуры, каб на ёй ляжала ўласная пячатка, бо ведаў: мастацтва — не калгас, мастак аднаасобнiк, за гэта хоць ты яго на Салаўкi, як i было, а ён — асоба. «Цыкламены» падказвалi выйсьце: галоўнае ў карцiне не натура, а ты сам, тое, як ты натуру бачыш, — пiшы сябе ў натуры, свой шлях, сваё пачуцьцё. Але ж i гэта, як потым агледзеў, не выясьняла ўсё. Нацюрморт мог напiсаць усюды, нават ня будучы палешуком.
Якраз тады, калi насiў у галаве той клопат, да рук трапiла кнiга Караткевiча «Сьвятло i золата дня». Чытаў i дзiвiўся: такое невялiчкае апавяданьне «Каўчэг», а як шмат у iм Палесься! Дых займала. Вясна — дык ледзьве не сусьветнае шаленства ў прыродзе, паводка — дык патоп бязьмежны, гулянка — дык у абдымкi з усiмi вёскамi i нават не па хатах, а ў чоўнах на вадзе, кахаць — дык не iначай, як кахае паляшук Юрка, у ваўчынай шапцы, з дзiкам на стале каханай, з абложанаю рысьсю ў яе ў нагах. Хто яшчэ бачыў гэтакае Палесьсе? Хто гэтак мог сказаць? А ён, паэт, мiж iншым, не паляшук. Тут — моц першага ўражаньня? Дык што тады рабiць палешуку, калi пяршак спажыты яшчэ ў маленстве?
Аднойчы, прыехаўшы ў вёску, ляжаў на беразе ракi, глядзеў у неба, а там такая чысьцiня, такi блакiт, п’еш — усё недасыта. I раптам — воблака: усплыло з-за дрэваў i пайшло расьцi ўгару, нiбыта грыб вясновы, агромнiсты смарчок, калматы, маршчакаваты, валасаты, пасма на пасьме, яшчэ i на сабаку падобнае — пашчу разявiў i брэша, белымi лапамi грабе пад сябе сьсiнелы далягляд. Пальма? А верхам — хлапчук. I чуваць голас: «Сынок, куды ты?..» Згадаўся сон, як ён, малы, iмчыць па небе на Пальме, унiз на зямлю глядзiць, а там вёска, хата, мама стаiць каля чырвонай брамы, глядзiць у неба, гукае: «Сынок, вярнiся!» Ён вачыма ловiць унiзе рэчку Брагiнку, выган Дамаху, Раўкi — лясок, Татарскi брод — лагчыну, дубы, з зямлi падобныя да воблакаў у небе, на выгане — карову Машку, чырвоных коней — шэпча: «Садзiся, Пальма», бо ў Раўках грыбы, дадому iх трэба прынесьцi ў кашульцы. Ляцеў i сам дзiвiўся, што неба трымае яго i Пальму, як птушак. Маме тое пасьля сказаў, а яна за твар схапiлася рукамi: «Што ты, сынок, такое кажаш? У небе толькi Бог ды птушкi!..» А ён знайшоў што адказаць: «Дык я, мама, можа, таксама птушка?..» Даўно ня хлопчык, ён i тады глядзеў тымi вачыма на воблака, i не стрымаўся, каб не пасадзiць яго на мятровы квадрат кардону. Так i назваў карцiну: «Воблака». А напiсаў — падумаў: можна i цяпер, пражыўшы на Палесьсi паўжыцьця, пiсаць тым першым бачаннем, тым пачуцьцём?
Карцiна сталася сваiм Палесьсем, бо хто яшчэ яе мог напiсаць? I ўсё ж, ня мог сказаць, як на яе глядзеў: «Маё Палесьсе». Розьнiца як быццам малая: маё цi сваё — i не малая. Маё — шмат большае за сваё. А што там — шмат?..
Праз колькi гадоў зноў вернецца да воблака, якое плыло над Чыкалавiчамi. Гэта ўжо калi памяцьцю ды ўражаньнямi ад маленства ўспомнiць сваю Красуню.
Адкуль яна прыбегла ў ягонае жыцьцё?
Дагарала лета сорак першага году. Немцы яшчэ не прыйшлi, а нашы пылiлi за вёскаю, адступаючы на ўсход i пакiнуўшы каля вёскi жаробачку: танканогую, трапяткую, масьцю як вылепленую з чарнёнага старога срэбра. Прывёў яе ў свой двор. А як вёску пачалi наведваць то немцы, то партызаны, схаваў у лесе. Сам рос, i жаробачка падрастала, дужэла. Прыйшоў дзень — ускочыў на яе. Узьвiлася, нiбы птушка, панесла, каб з сябе скiнуць блазна, а ён за грыву аберуч учапiўся i ўтрымаўся. А ўжо як немцы адступiлi за Прыпяць, падыходзiла наша войска, наладзiлi ў вёсцы, як на сьвята, гонкi на конях — не адзiн жа Гаўрыла хаваў скакуна ў лесе. Красуня ўсiх абышла. Ён тады даў ёй у зубы цуглi, i ўжо на фiнiшы ўзяў повад на сябе, забыўшы, што зацугляная. Жалеза як пеканула, дык яна зьлёту i прыкiпела капытамi да зямлi. Ён — праз яе. Грудзьмi аб зямлю храснуўся — кроў з роту. Ляжыць, а яна вакол кругамi ходзiць, галаву зьвесiўшы, вялiзным вокам косiць — столькi ў iм болю! А на ногi падняўся — заржала, радая, ажно ўсе, хто там быў, скаланулiся.
Зноў на мальберт кардон паставiў, большы, як з першым воблакам, i яшчэ воблака паклаў, другое, падобнае на тое, хоць i паўтору ня даў. Быў тут i лес, Раўкi, была Дамаха, але бяз тых, на выгане, чырвоных коней. У паветры, на ўзьлёце ў неба, Красуня — жывое срэбра на фоне трывожна ўзьвiхураных зямлi ды неба, дрэваў i кустоў. Узьвiлася, як пад iм, у дзiкай радасьцi. А можа, у трывозе? Выганчык сьветлы, сонечны, а пад кабылкай цень i ў ценi плямка чырванi густой. Чыя кроў?
Карцiну назаве нечакана: «Душы iмкненьне». Нечаканасьць — не выпадковасьць. Вандроўкi па Палесьсi, закаранёнасьць у iм давалi адчуваньне прысутнасьцi жывой душы ва ўсiм, што вакол бачыў, у тых самых дрэвах, воблаках, конях, птушках, i безумоўна ў Красунi, у Пальмы, у Машкi.