Чырвоная брама
- Автор: Карамазаў Віктар
- Год: 101
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Чырвоная брама». Краткое содержание книги:
Ніколі яшчэ такога ня бачыў, не адчуваў. Нахабства — выклік нябеснаму сьвяцілу? Але ад нечаканай думкі не адступіў: улада мастака — ня прывід. Яна ў ім — чуў яе голас, сілу. Схапіў з падлогі палатно, паставіў на мальберт, палітру — у рукі, узяўся ціснуць фарбы з тубаў. І раптам, паклаўшы чэпкі позірк на цыкламены, затрымаў яго на лісьціне, потым на кветцы, што вытыркнулася з-за той лісьціны, глядзелася ў яе, як у люстэрка, адчуў фактуру лісьця, кветак, іх важкае ліцьцё, усё роўна як яны з металу, з агню, каваныя цудоўным майстрам молата. Гуляў і металёвы бляск па лісьці, срэбна-смарагдавы, ажно сіні, як перапаленага жалеза, па пялёстках — чырвань золата, халодная, аж да фіялетавага тону, з ван-дзігам у контурах. Алей ці мог справіцца з гэтакай фактурай? Мо пластыка металу — уява зроку? Падышоў бліжэй да кветак, узяў лісток на пальцы. Так, была ляпніна, як у скульптуры, ды не было цяжару, зводдаль адчутага. Пісаць мякчэй? Не пагадзіцца з тым, што адчуваў? Прэч суб’ектыўныя мітрэнгі? І тады — прэч сам сярмяжны танец? Пісаць зноў тое, што па-за мастаком, але ня тое, што высьпела ў ім, у душы і ў воку? Дакладнасьць натуры — школа і праўда, а тое, што адчуваеш, — блуд мастацкі? Ды і дзе фарбы, каб блуд матэрыялізаваць? Якою тэхнікай? Можа, тою, што вынайшлі тры тысячы гадоў назад у Егіпце? На камянях славутых пірамід мастацкі геній егіпцянаў злучыў пігмент з пчаліным воскам, даў сьвету энкаўстыку, а як гэта рабіць, цябе, мастак, вучыў сам Раман Сельскі. Ну?.. Дзе воск, пігмент, агонь?..
Клаў фарбы, гарачыя, трымаючыся ня так арыгіналу, як сваіх адчуваньняў вясны. Жывы арыгінал страчваў над мастаком уладу там, дзе выяўлялася ўлада свайго ўнутранага зроку. Ствараў уласнае адчуваньне гульні сьвятла ў кветках, маленькія народзіны вясны, свой вобраз хараства, свой сьвет, якім — ну, не вар’ят? — хацеў пераўзысьці арыгінал. Быў дыялог супернікаў? І не бяскроўны. Крывавілі квяты. Дастаў з іх кроў? Плямка за плямкай успыхвала на палатне ня ў формачках пялёсткаў, а ў формах кропляў, якія выцягваліся, нібы ў зьдзіўленьні, застывалі, і тады ў іх высьпявалі боль і радасьць — аж апякалі сэрца. Адкуль яны ў куплёных кветках? Сьцябліны ў лісьці былі равочкамі той самай чырвані. І водгук быў — паветра, сьценаў, драпіровак — на тую чырвань, боль ды радасьць. Усё, што на палатне, уздымалася, віхурыла, кружыла ў дзіўным коле, мкнула ўгару, у прастору не пакою-майстэрні, а сьвету. Якая сіла туды, высока, мкнула? Квятоў прыроды, сэрца мастака? Дык што ж пісалася: партрэт квятоў альбо самапартрэт душы ягонай?
Нябеснае сьвяціла, быццам стамлёны астранаўт, садзілася за дом у пяць паверхаў на процілеглым баку прасьпекту.
Гаўрыла адклаў палітру, падышоў да акна і глядзеў з яго ўніз на людзей, якія кудысьці плылі бясконцым вясновым ручаём па шэрым асфальце.
Вярнуўся да мальберта, узяў нацюрморт за падрамнік, нібы малога свавольніка за каўнер, павярнуў выяваю ад вачэй.
Набраў з крана вады ў бутэльку з-пад кефіру і выліў ваду ў вазон пад цыкламены — аддзячыў за цярплівасьць.
Зьмяніў на плячах вопратку і пакінуў майстэрню.
Мінуў дзень ды яшчэ дзень — у майстэрню не заглядаў. Астыў, перагарэў ці змогся? Але быў трэці дзень — прыбег і доўга ўглядаўся ў свой нацюрморт. Узяў вазон у рукі, павярнуў у адзін бок, затым у другі, пачаў кружыць вакол уяўнай восі, хутчэй, яшчэ хутчэй. Лісты ды кветкі плылі па крузе, мяняючыся ў формах, сьвятле, а вочы лавілі, выхоплівалі з калаўроту нечаканыя абрысы, дэталі, кампазіцыі.
Паставіў вазон на стол, сеў і задумаўся: столькі арыгінальнага ў ляпніне кветак праплыло за паўхвіліны ў вачах, а што ў нацюрморце? Натуры вартае?
Схапіў палітру, пэндзлі — стаў да мальберту. І тут нехта ўзяў за руку. На руку глянуў — стрэлкі гадзіньніка паказвалі хвіліны, што заставаліся да блізкай лекцыі.
Быў выратаваны нацюрморт? Мог і загінуць? Хто ўратаваў? Архангел Гаўрыіл — ахоўнік?..
Як выйшаў з інстытуту, чакаў тралейбус, каб зноў ехаць у майстэрню, загледзеўся на дзьвюх сваіх студэнтак. Іх бачыў у гэты дзень на лекцыі. Сябровачкі сядзелі побач, слухалі лектара, пісалі ў сшытках, як усе студэнты, і тым былі на ўсіх падобныя, а тут, на вуліцы, бясконца шчабяталі адна адной у тварыкі, нібы шпачыхі на сонейку, нікога, акрамя сябе, не заўважалі, абедзьве такія сьветлыя, узьнёслыя, вытанчаныя ў рухах, жэстах, лініях фігурак, нібыта сышлі з вядомай кожнаму студэнту фрэскі Бацічэлі, кожным жэстам ды слоўкам радуючыся вясьне, вясну радуючы. Ня мог адвесьці ад іх вачэй. І калі яны зьнянацку ўскочылі ў тралейбус, за імі быў памкнуўся, але наперадзе стаялі мужчыны — не пасьпеў. Дзьверы тралейбуса зачыніліся. Сеў у наступны — свой.